Вырашэнне даўняй праблемы — набыць кінакопіі грамадой?

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, аглядальнік газеты “Культура”
Безумоўна, адным з прарываў мінулага года ў кантэксце вырашэння cinema-праблем стаўся праект Музея гісторыі беларускага кіно па зборы калекцыі беларускай анімацыі. Гаворка — пра дзясяткі фільмаў, якія, дзякуючы дапамозе энтузіястаў, удалося выкупіць з архіваў Дзяржфільмафонда Расіі ў Белых Сталбах і залучыць у паўнавартасны спадчынны збор. Некаторыя стужкі, варта адзначыць, былі знойдзены і ў Дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў у Дзяржынску. У выніку, сёння ў Музеі налічваецца каля ста анімацыйных карцін, пачынаючы з першых работ “першапраходцаў-аніматараў” на “Беларусьфільме” Уладзіміра Голікава і Марты Лубяннікавай. І самае галоўнае — каб убачыць тыя творы зараз, не трэба кудысьці далёка ехаць: дастаткова прыйсці на пастаянныя адмысловыя паказы ў Музей гісторыі беларускага кіно ці зрабіць у ім індывідуальны заказ на прагляд.

/i/content/pi/cult/467/9899/44-47.JPGСёння праца па вяртанні кінематаграфічнай спадчыны камандай Музея і яго аднадумцамі не спынілася. Наперадзе — выкуп шэрагу найцікавейшых мастацкіх карцін, якія ствараюць частку гісторыі беларускага кіно і з’яўляюцца вартай увагі крыніцай візуальнай інфармацыі пра наш край. Плануецца набыць фільмакопію першай гукавой стужкі на беларускай мове “Першы ўзвод” Уладзіміра Корш-Сабліна, першага каляровага беларускага фільма “Дзеці партызана” Льва Голуба і Мікалая Фігуроўскага, карціны “Двойчы народжаны” Эдуарда Аршанскага — пра першыя гады калектывізацыі беларускай вёскі, — якая сталася хітом і поспехам беларускага кіно таго часу… Здаецца, гэта тыя фільмы, што павінны ўжо былі б быць у нашым фільмафондзе. Таксама энтузіясты мараць выкупіць стужкі, мабыць, самага апальнага рэжысёра беларускага кіно 70-х — Валянціна Вінаградава. Аформлены дакументы на выкуп другой работы пастаноўшчыка — “Лісты да жывых” і яшчэ адной — “Чакай мяне, Ганна” (першапачатковая назва — “Далёка ад вайны”). Гэтая карціна была асуджана тагачаснай крытыкай, як і славутая прытча аб вайне “Усходні калідор” Вінаградава, і пераманціравана ў, лічы, іншы твор для выхаду ў пракат. Чатырнаццаць мастацкіх стужак “Беларусьфільма” і тры дакументальныя карціны студыі складаюць партыю, якая можа быць выкуплена ў расійскім Дзяржфільмафондзе ў бліжэйшы час, калі… Калі рупліўцы здолеюць сабраць належную суму.

Нагадаю пра сутнасць даўняй праблемы. Пасля распаду Савецкага Саюза на кінастудыі “Беларусьфільм” амаль не засталося якасных фільмакопій айчынных кінастужак. І сёння для таго, каб атрымаць копію сваёй жа карціны, створанай на кінастудыі ў савецкі перыяд, мы павінны звяртацца ў Дзяржфільмафонд Расіі (раней аналагічная структура ў СССР) у Белых Сталбах. А робіць фонд гэта ўжо толькі на платнай аснове, бо часы змяніліся, момант жа, калі можна было вырашыць гэтае пытанне прасцей і танней, даўно ўпушчаны. Таму і атрымліваецца, як у тым выслоўі: шавец без ботаў. Наша айчынная кінематаграфія — без годнай колькасці якасных копій уласнай класікі. Таму і вымушаны Музей ды яго аднадумцы знаходзіць новыя шляхі для набыцця беларускага ж кіно.

На дадзены момант для пакупкі новай партыі стужак з патрэбных дзвюх тысяч долараў удалося сабраць толькі палову. Дэд-лайн падачы дакументаў — 20 лютага, і часу засталося зусім няшмат. Вядома ж, вітаючы ініцыятыву энтузіятаў, можна толькі радавацца таму, што сёння ў нашай краіне ёсць людзі, якія на справе неабыякавыя да спадчыны айчынага кінематографа, але… Чамусьці побач з пачуццём пашаны да іх застаецца прыкрае адчуванне “нездаровай сітуацыі”. Як так увогуле здарылася, што праблема, пра якую СМІ і “Культура”, у прыватнасці, пішуць столькі гадоў, да гэтай пары не вырашана? Чаму стужкі айчыннага кінематографа выкупляюць аніматары, кінематаграфісты, краязнаўцы за ўласныя грошы? Чаму ўвогуле гэты праект не атрымаў статус нацыянальнага? “Ды гэта проста ганьба!” — са злосці выказаўся адзін бізнесмен, які, даведаўшыся пра сітуацыю, абяцаў дапамагчы. Чаму Музей гісторыі беларускага кіно да гэтай пары сіламі трох (!) чалавек умудраецца, разам з выкананнем шэрагу паўсядзённых задач, займацца падобнымі маштабнымі праектамі? Усе гэтыя пытанні мусяць быць агучаны зноў і зноў. І няўжо зноў не атрымаць адказу?

Акрамя самага простага: напэўна, штосьці там пра тапельцаў... Ну што ж, будзем ратаваць самі...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"