Бяда ад пустых вачэй

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Андрэй ВАРАБ'ЁЎ, старшыня Магілёўскага абласнога аб'яднання Беларускага саюза мастакоў
Хачу, каб Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь звярнула больш пільную ўвагу на лёсы нашых дзяцей. Мая трывога звязана найперш з тым, што ў агульнаадукацыйных школах перасталі выкладаць сусветную мастацкую культуру. І вы заўважылі, як змяніліся пасля гэтага вочы маладога пакалення?..

/i/content/pi/cult/467/9898/5-1.jpgЭканоміць на духоўнасці — злачынна. І ўсе беды на зямлі — ад пустых вачэй… Ад агульных слоў перайду да канкрэтнага прыкладу. Мая родная магілёўская сярэдняя школа № 2 з архітэктурна-мастацкім ухілам знаходзіцца на сёння, я проста перакананы, у катастрафічным стане. Рэзка скарацілася колькасць гадзін, адведзеных на эстэтычнае навучанне. Увесь названы ўхіл установы пераведзены ў фармат факультатыўных заняткаў. У першую чаргу маю на ўвазе практычныя ўрокі па засваенні навыкаў малявання, лепкі, чарчэння… Пры гэтым дэкларуецца, што факультатывы — абавязковыя для кожнага навучэнца. Але стымулу для заняткаў няма аніякага: вучнёўскае старанне не ацэньваецца ў дзённіках. Натуральна, засваенне архітэктурна-мастацкіх азоў не мае ўжо ранейшага прэстыжу. А ці не з прычыны таго, што таму-сяму з кіраўнікоў навучальнага працэсу ў школе па мастацтве бліжэй матэматычная адукацыя, чым эстэтычная? Таму і не дзіва, што шыкоўная калісьці матэрыяльная мастацкая база на сёння недаравальна страчана. У ёй проста няма патрэбы.

А я цудоўна памятаю тыя гіпсы, прывезеныя тагачасным дбайным кіраўніцтвам школы аж з Ленінграда, пры маляванні якіх мы вучыліся думаць, аналізаваць, мроіць, эксперыментаваць... А як выкладалася гісторыя мастацтваў! Беларуская самабытная культура разглядалася ў кантэксце сусветных творчых здабыткаў. І мы арыентаваліся ў гэтых працэсах, адчувалі гонар за тое, што было цягам стагоддзяў створана нашымі мастакамі…

Неяк у Магілёве здымалася тэлевізійнае ток-шоу, прысвечанае духоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Адзін з удзельнікаў — студэнт тэхнічнай навучальнай установы — узняўся і заявіў: “А не патрэбны мне вашы карціны, класічная музыка ды скульптура!” І ён быў шчыры ў сваіх перакананнях. Тлумачэнне ж іх — вельмі простае: для таго, каб штосьці ўспрымаць, трэба хоць штосьці ў гэтым разумець, і калі ты непадрыхтаваны, дык высокае мастацтва будзе цябе толькі раздражняць. Так, падрыхтоўка гэтая павінна ажыццяўляцца на ўзроўні сямейнага выхавання. Але ж мы не павінны скідваць з рахунку і дзіцячы садок са школай. Не павінны...Аднак вочы дзяцей пусцеюць...

Што ж трэба цяпер рабіць? Вярнуць у звычайную шараговую школу ўрокі малявання. Яно цяпер выкладаецца толькі да шостага класа. Але ж трэба ведаць, як тыя ўрокі вядуцца. Так, настаўнікі пачатковых класаў валодаюць методыкай вывучэння малявання. Аднак ці шмат карысці ад халоднай методыкі? Для таго, каб маляваць, патрэбны талент. Калі яго няма ў настаўніка, не раскрыецца ён і ў вучня...

Скараціліся гадзіны выкладання беларускай мовы і літаратуры, гадзін не стае для дасканалага вывучэння матэматыкі... Валоданне гэтымі дысцыплінамі патрэбнае выпускнікам для паспяховага паступлення ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Малявання сярод абавязковых для паступлення прадметаў няма, вось з малодшых класаў і замяняюцца адведзеныя для эстэтычнага выхавання гадзіны на ўрокі той жа матэматыкі. Духоўнасць трапіла ў палон прагматычнасці.

А гадоў праз дзесяць востра ўзнікне і кадравае пытанне. У нашым Універсітэце імя Аркадзя Куляшова ўжо гады два як не набіраюць студэнтаў на дадатковую спецыялізацыю настаўніка малявання...

Урэшце, гаворка не толькі пра маляванне. Для таго, каб дзеці ведалі, на якой зямлі жывуць, якіх творцаў-землякоў маюць і якія нацыянальныя мастацкія традыцыі павінны захоўваць, варта перагледзець, удасканаліць каноны эстэтычнага выхавання. У кожным кутку Беларусі яно павінна засноўвацца на мясцовых адметнасцях, на духоўнай спецыфіцы канкрэтнага рэгіёна. Напэўна, гаворку тут варта весці не толькі пра стварэнне канкрэтных рэгіянальных навучальных праграм, але і адзінай — дзяржаўнай. Інакш нашы дзеці так і не навучацца паважаць сваю краіну.