Вось мой праект!

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

У Гродне прайшоў кірмаш культурных праектаў. Гэтае мерапрыемства стала другім па ліку, дзе свае прапановы ды ідэі для абласнога цэнтра выказалі маладыя жыхары горада. А датычыліся яны развіцця выяўленчага і сцэнічнага мастацтва, літаратуры, захавання ды інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны, сацыяльнай работы, адукацыі, гарадской прасторы, турызму, бізнесу, рэкламы і камунікацыі.

/i/content/pi/cult/467/9892/13-5.jpg

Так выглядае будынак, што прапануецца пераўтварыць у творчы кластар.

Назавём агульным спісам, на што менавіта робяць акцэнт у сваіх распрацоўках маладыя жыхары горада над Нёманам. Гэта — папулярызацыя драўлянай архітэктуры, другое жыццё Дома-батлейкі (праект мае на мэце ўключэнне старых дамоў у жыццё горада і стварэнне ўнікальных інсталяцый на манер літоўскага досведу), стварэнне мабільнай бібліятэкі, літаратурнага брэнда Гродна, коўчынг для бацькоў, вытворчасць сучаснага адзення з беларускім нацыянальным арнаментам, канцэпцыя пераўтварэння офіснага будынка ў творчы кластар, якога на сёння ў Гродне няма. Ёсць і прапанова з наступнай назвай: “Гравюра Адэльгаўзэра/Цюнта — культурны код Гродна”, прысвечаная адаптацыі вядомай выявы горада.

Ідэю кірмашу прапанавалі “будзьмаўцы”, што з удзелам мясцовых улад і пры дзейснай падтрымцы апошніх заявілі альбо рэалізавалі шэраг праектаў з аналагічных кірмашоў у абласных і раённых цэнтрах. Так, летась у Магілёве, што меў статус Культурнай сталіцы Беларусі і СНД, зладзілі пасля падобнай імпрэзы, у прыватнасці, праекты “Паэзія ў метро” і “Троіцкі кірмаш” пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама. Канцэпцыю акцыі паспрабаваў акрэсліць яе піяр-менеджар Алесь Плотка:

 — Галоўнае адрозненне цяперашняга мерапрыемства — якасць прадстаўленых праектаў. Такія сустрэчы — гэта, у першую чаргу, платформа і школа для пошуку партнёраў у сферы бізнесу, у дзяржаўных структурах. На падобных дыскусіях людзі раяцца, прапануюць ідэі. Вядома, чым лепш праведзена падрыхтоўчая праца, тым хутчэй праекты знойдуць рэалізацыю і будуць увасоблены ў жыццё...

У Гродне ўжо рэалізуюцца тры праекты з леташняга кірмашу: гэта гродзенскі энкаўнтар “Схватка”, паэтычны “слэм” і праект “Гродзенскія постаці”. Ідэі, што былі прадстаўлены, вельмі прыязна ацанілі эксперты. Так, колішні начальнік аддзела культуры адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Аксана Нікіціна кажа:

— Калі я трапіла б на падобнае мерапрыемства гадоў пяць таму, мне ўсё, што я рабіла, давалася б лягчэй. Я “білася галавой ва ўсе сцены і дзверы”, атрымлівала не заўсёды станоўчыя адказы на свае задумы. Але лёс склаўся так, што тры гады таму я трапіла ў адміністрацыю Ленінскага раёна. Мне прапанавалі заняцца пешаходнай вуліцай у сталіцы. Я не мела каманды. Але калі ты разумееш, што справа будзе запатрабавана, усё атрымліваецца. Абавязкова знойдуцца людзі, якія вас падтрымаюць!

Аднак самым актыўным з экспертаў, што ацэньвалі праекты, быў піяршчык, кіраўнік музычнага вэб-праекта “Experty.by” Зміцер Безкаравайны:

— Каб рэалізаваць гэтыя ідэі, трэба іх прапрацаваць. Тады і мясцовая ўлада, упэўнены, іх падтрымае. Я лічу, што маштабныя праекты — гэта выдатна, а тут іх было адразу некалькі. Але хачу адразу заўважыць: у вас апроч “плана А” мусіць быць і “план Б”. Зараз, зразумела, амаль усё трымаецца на веры, на вашай упартасці, і вельмі важна, што ёсць такія людзі, якія гатовы рабіць падобныя праекты без відавочнай камерцыйнай выгоды.

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна