З лялькамі і без

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
Гродзенскі абласны тэатр лялек даўно ўжо стаў не толькі брэндам тэатральнага мастацтва нашай краіны, але і сапраўдным іміджам Беларусі як цэнтра Еўропы. Ледзь не кожны спектакль калектыву — фурор. Ягоны ўдзел у фестывалях і конкурсах — таксама. А імя галоўнага рэжысёра тэатра Алега Жугжды ператварылася ў сімвал творчых пошукаў, смелых эксперыментаў, філасофскага падыходу, кідкіх выразных сродкаў, адшліфаванасці дэталей і, шырэй, крэатыўнасці мыслення.

/i/content/pi/cult/467/9889/12-2.jpg /i/content/pi/cult/467/9889/12-3.jpg

Не дзіва, што прэмій ды ўзнагарод у калектыву і ў яго спектакляў — безліч. Чаго варты хаця б цэлы “букет” узнагарод Другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі за “Пікавую даму” (дадамо, што летась гэтая пастаноўка атрымала чарговае прызнанне — Гран-пры Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Vasara-2013”)! Нават спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва тэатр ужо быў аднойчы адзначаны — у 2003 годзе. А сёлета, атрымаўшы гэтую высокую ўзнагароду зноў, развянчаў міф пра тое, што ў адну ваду не ўваходзяць двойчы.

— Узнагароды атрымліваць заўсёды прыемна, — усміхаецца Алег ЖУГЖДА. — Для мяне гэта пацвярджэнне рэнамэ нашага тэатра, заваёва чарговых творчых пазіцый, доказ таго, што тэатр трымае высокую планку.

— Планаў, ведаю, у вас шмат. У снежні выйшла ваша прэм’ера — “Фаўст. Сны” паводле Гётэ. Пэўна, для гэтага спектакля ўжо намечаны гастролі?

— Першымі яго ўбачаць мінчане і госці сталіцы на чарговым Міжнародным фестывалі тэатраў лялек. Але літаральна напярэдадні ён будзе паказаны на Другім Міжнародным фестывалі “Лялькі над Нёманам” у Гродне. На восень плануецца выезд з ім у Екацярынбург, засталося вырашыць транспартныя праблемы. У Арол і Іванава паедзе “Пікавая дама”, у Арэнбург — “Макбет”. Улетку мы запрошаны на некалькі фестываляў у Польшчу.

— Цікава, што такі шчыльны гастрольны графік (вас у Гродне бывае ўвогуле цяжка заспець) не перашкаджае плённай творчай працы: вы проста фантануеце прэм’ерамі і новымі праектамі!..

— Не ведаю, як наконт “фантанаў” або іншых водных “стыхій”, але зараз працуем над “Прыгодамі Бібігона” паводле Карнея Чукоўскага. Спектакль — для дзяцей, але заняты ў ім сапраўдныя мэтры. У галоўнай ролі, да прыкладу, — наш вядомы бард Віктар Шалкевіч. Будзем імкнуцца выпусціць пастаноўку акурат да вясновых канікул. Як звычайна, насычаным будзе “тэатральны тыдзень”, што ладзіцца ад Міжнароднага дня тэатра лялек — 21 сакавіка — да Дня тэатра — 27-га. Рыхтуем таксама праект “Крутится-вертится шар голубой” — гэта своеасаблівая анталогія гарадскога раманса з лялькамі і без. Да канца года, спадзяёмся, выпусцім “Дэмана” паводле Лермантава...

— Форум “Лялькі над Нёманам” — ваша ідэя. Фестываль атрымаў вялікі розгалас. Якія ж будуць асаблівасці сёлетняга?

— Заявак на ўдзел даслана больш за дваццаць. Вядома, ад чагосьці давядзецца адмовіцца, бо зараз мы заняты тым, як змясціць усё магчымае і немагчымае ў чатыры з паловай дні...

На здымках: сцэны са спектакляў гродзенскіх лялечнікаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"