“Песняры” і Чэслаў Нэмэн

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Невядомыя сустрэчы легенд
Да 75-годдзя з дня нараджэння славутага земляка — Чэслава Нэмэна, ураджэнца вёскі Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне, — прапануем вашай увазе даследаванне кантактаў з гэтым рок-музыкантам, кампазітарам, паэтам, мастаком ансамбля “Песняры” — найперш яго “залатога складу”. А месцам першай сустрэчы ў 1971-м стаў польскі Сопат, дзе і па сёння ладзіцца славуты Фестываль песні. Паколькі адносна гэтых стасункаў пакуль больш пытанняў, чым адказаў, мы вырашылі сабраць іх у адным тэксце і паступова рушыць шляхам пошуку ісціны адносна іх праўдзівасці.

/i/content/pi/cult/467/9888/14-5.jpg

Адзінае фотасведчанне пра сустрэчу "Песняроў" і Чэслава Нэмэна ў Сопаце з альбома Леаніда Тышко. 
На фота (злева направа): у першым шэрагу — Леанід Барткевіч, Уладзіслаў Місевіч, Валерый Яшкін,
Чэслаў Нэмэн; у другім шэрагу — Валерый Мулявін, Уладзімір Мулявін, Леанід Тышко, Аляксандр Дзямешка.
Пераздымка Івана Капсамуна. Крыніца: http://www.pesnyary.com/

Што было вядома першапачаткова?

Анічога! Бо пра гэтыя кантакты ніхто з удзельнікаў падзей не апавядаў. Чаму? Падобнымі дэталямі калегі-журналісты не цікавіліся, нічога не ведаючы пра іх.

Упершыню ж пра стасункі Нэмэна з “Песнярамі” загаварылі па смерці артыста ў 2004-м. У артыкуле музычнага крытыка Дзмітрыя Падбярэзскага за той год згадваліся прыязныя адносіны Чэслава Нэмэна, у прыватнасці, з Уладзімірам Мулявіным ды Ігарам Паліводам — абодва, як разумееце, удзельнікі ансамбля. Але канкрэтныя факты, на жаль, не прыводзіліся.

З нагоды названага факта я аднойчы задаў пытанне Святлане Пенкінай — удаве Уладзіміра Георгіевіча. Яна адказала літаральна наступнае (цытую па апублікаваным у “Культуры” пазалетась фрагменце гутаркі): “На маёй памяці Уладзімір Георгіевіч па тэлефоне запрашаў Чэслава Нэмэна для ўдзелу ў адным са “Славянскіх базараў”. І, як правіла, сам ён тэлефанаваў тым, каго ведаў асабіста”. Таксама Святлана Аляксандраўна дадала: Мулявін зазвычай звязваўся з калегамі праз намесніка дырэктара ансамбля, адміністратараў, а вось асабістыя тэлефанаванні былі хутчэй выключэннем і сведчылі пра глыбокую павагу кіраўніка “Песняроў” да пэўнага творцы.

Яшчэ адзін зыходны факт. У інтэрв’ю 2009 года заслужаны артыст краіны, адзін з пачынальнікаў “Песняроў” Уладзіслаў Місевіч згадаў у пераліку фактаў сустрэчу ансамбля з Нэмэнам: “Неяк у Сопаце мы гутарылі з Чэславам Нэмэнам. Аказалася, што ў ягонай біяграфіі шмат агульнага з Мулявіным: Нэмэн таксама не скончыў музвучылішча, але стаў вялікім музыкантам”. Самае цікавае, што менавіта гэты фрагмент у апублікаваную версію інтэрв’ю так і не трапіў, але быў выстаўлены ў якасці сценаграмы аўтарам (ізноў жа, Дзмітрыем Падбярэзскім) на форуме песняроўскіх фанатаў.

Адсюль і карані маіх пошукаў, у якіх абсалютнай дакладнасці падзей аднавіць пакуль не ўдалося дый наўрад ці ўдасца: большасць даных — на ўзроўні “было, сустракаліся, а больш і не памятаю”. Тым не менш, пэўныя падрабязнасці са сваіх візаві “выцягнуць” калі не абцугамі, дык працяглымі роспытамі ўдалося.

Што сказалі польскія “немэнолагі”?

Але ў гісторыі пошукаў шмат “перыядаў прастою”. Так, улетку 2010-га першымі, у каго я спытаўся пра факт сустрэчы ў Сопаце і наогул пра знаёмства Чэслава Нэмэна з артыстамі “Песняроў”, былі знаныя польскія эксперты: журналіст, адзін з найбольш аўтарытэтных біёграфаў артыста Тадэвуш Скліньскі, радыёжурналіст Эдвард Хоміч і тэлерэжысёр Эўгеніюш Шпакоўскі. Вось што зазначыў у інтэрв’ю газеце “Культура” спадар Хоміч: “Пра падобны факт не ведаем, але паглядзець на сумеснае выступленне Нэмэна і “Песняроў” было б цікава. Скажу так: Нэмэн — такая “фірма”, якая мела сваю марку. Таксама мы ў Польшчы добра ведаем, якімі папулярнымі былі на той час “Песняры” ў Савецкім Саюзе, таму… Усё магчыма!”

На той момант нітачка пошукаў не займела падмацавання, і справу гэтую я адклаў у “доўгую шуфляду” — на цэлыя тры гады.

Затое, карыстаючыся выпадкам, пацікавіўся, ці вядомыя экспертам беларускамоўныя (народныя альбо аўтарскія) песні ў рэпертуары Нэмэна. Усё ж цэлы альбом рускіх песень (нават з адной украінскай) выйшаў у 1970-х у Германіі, а пра песні з той зямлі, што нарадзіла музычнага генія, яго землякі і родныя прыгадвалі хіба толькі адно: у юнацтве ён падабаў твор пра “бацьку-Нёмана”. Ды і быў бы сякі-такі кірунак для пошукаў у “песняроўскім” кірунку. Але… Тадэвуш Скліньскі сказаў тады: “Беларускіх народных песень у ягоным рэпертуары няма, калі казаць пра запісаныя творы. А па жыцці ён, прыгадваю, спяваў адну беларускую песню: “Вей, ветрык, вей, гані жвавей човен мой...”. Зазначым, шчыльна кантактавалі Скліньскі і Нэмэн не адно дзесяцігоддзе; журналіст — аўтар найпоўнай на сёння дыскаграфіі артыста, таму не давяраць яго словам, відаць, прычын няма.

Што стала штуршком для далейшых пошукаў?

Ініцыятыва! Менавіта летась ізноў актывізаваліся намаганні па аказанні дапамогі (арганізацыйнай, маральнай, фінансавай) Клубу-музею Чэслава Нэмэна ў Старых Васілішках. Нагадаю, установа была адкрыта ў жніўні 2010-га ў родным доме Чэслава Выджыцкага (сапраўднае прозвішча Нэмэна) пры актыўным удзеле (а часам, скажам шчыра, — і пад націскам у плане кантактаў з тагачаснай мясцовай уладай) мінскіх актывістаў на чале з кінасцэнарыстам, журналістам Верай Савінай — аўтарам першага айчыннага дакументальнага фільма пра музыканта “Чэслаў Нэмэн. Дзіўны гэты свет…”.

За гэтыя гады Клуб-музей значна ўзбагаціўся дзякуючы плённай працы яго загадчыка Уладзіміра Сянюты (а гэта рамонтныя работы ды збор экспанатаў, у тым ліку і такіх, якія паходзілі з дома Выджыцкіх, апытванні землякоў пра факты з біяграфіі Чэслава ды пошук спонсараў на Шчучыншчыне) і тых самых актывістаў (перададзеныя ў дар прадметы інтэр’ера, пласцінкі, фота Нэмэна). Але не было ў сценах установы культуры ні сувеніраў, ні паштовак, а што ўжо казаць пра сайт… Вось на гэтым этапе мне пашанцавала падключыцца да справы больш шчыльна. Быў створаны вэб-рэсурс, які ўяўляў спачатку збор артыкулаў па тэме “Чэслаў Нэмэн і Беларусь” з беларускіх і не толькі СМІ. Але ж без эксклюзіўных матэрыялаў у Сеціве не выжыць. Вось тут і прыдалася тэма з “Песнярамі”, балазе некаторыя ўдзельнікі падзей — “у зоне даступнасці”, больш ці менш.

Але перш чым перайсці да працягу аповеду, дадам P.S. да гэтага раздзела. Верай Савінай быў напісаны сцэнарый да новага фільма пра Нэмэна: за час, што мінуў ад выхаду першай карціны, адкрыўся музей у Старых Васілішках, з’явілася шмат невядомых раней фактаў адносна побыту будучага артыста ў роднай вёсцы і ў Гродне, дзе ён год правучыўся ў музычным вучылішчы, а таксама аб прыездах на Беларусь у зорным статусе пад час гастролей па СССР. Быў нават запісаны адзін з фрагментаў для стужкі: інтэрв’ю з лідарам расійскага гурта “Машына часу” Андрэем Макарэвічам, які таксама сустракаўся з Нэмэнам. Прапаноўваўся і фрагмент пра гісторыю з “Песнярамі”.

Аднак стужку “замарозілі”, затым “Беларускі відэацэнтр” стаў часткай “Беларусьфільма”, і аб перспектывах аднаўлення праекта не чуваць. Аднак тэма вяртання ў айчынны культурны кантэкст імёнаў нашых таленавітых землякоў, што зрабілі славу іншым краінам, за апошнія колькі гадоў (пры непасрэднай, упэўнены, ролі публікацый газеты “Культура”), набывае ўсё большую актуальнасць. Дык мо варта падумаць пра аднаўленне праекта — імя ж сапраўды выбітнае!

Што сказаў Тышко?

Першым па маёй просьбе ўспамінамі падзяліўся адзін з заснавальнікаў “Песняроў” Леанід Тышко — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, бас-гітарыст ансамбля яшчэ нават з часоў “Лявонаў” да 1982 года. (Накіраваць свае пытанні, дарэчы, давялося праз наступніка Леаніда Барысавіча па басовым пасту ў калектыве Барыса Бернштэйна, які меў кантакт з чалавекам, што стасункаваў непасрэдна з Тышко, — такім чынам, мой электронны ліст трапіў у ізраільскую Хайфу з Мінска праз амерыканскі штат Атланта.)

А цікавіла літаральна наступнае: “Як прайшла сустрэча “Песняроў” з Нэмэнам на фестывалі ў Сопаце ў 1971 годзе? Пра што гутарылі? Як доўга? На якой мове? Ці быў Нэмэн знаёмы з творчасцю “Песняроў” і як ацэньваў яе? Ці сачылі артысты ансамбля за пласцінкамі Нэмэна? Можа, адбыўся абмен запісамі? Мо дамовіліся пра што-небудзь сумеснае ў плане творчасці?”

І вось чаканы ліст ад Леаніда Тышко. Такім чынам, ХІ Міжнародны фестываль песні “Сопат-71”…

“Паколькі з памятнай для нас падзеі прайшло 42 гады, дык лагічна меркаваць, наколькі складана мне выканаць прапанаваную задачу і даць адказы на зададзеныя пытанні, — адразу ўдакладняе Леанід Барысавіч. — Калі ж у агульных рысах, то гэта адбылося прыкладна так.

Пазнаўшы сярод прысутных на адным з сопацкіх канцэртаў Чэслава Нэмэна, мы звярнуліся да дзяўчыны, якая курыравала наша прабыванне на фестывалі, з просьбай аб сустрэчы і пажаданнем зрабіць здымак на памяць. Фатаграфія захавалася ў маім альбоме, на жаль, даволі пасрэднай якасці. (Дарэчы, пра гісторыю здымка з альбома Леаніда Тышко, які ўсё ж такі ілюструе матэрыял, расповед яшчэ будзе. — С.Т.)

Гаварылі няшмат, разумелі адно аднаго без асаблівых праблем. Пра наша выступленне ён выказаўся прыязна, адзначыўшы вакал і фальклорную аснову творчасці “Песняроў”. А з работамі Чэслава Нэмэна мы былі знаёмы па ягоным альбоме “Дзіўны гэты свет”, які некалі меўся ў маёй калекцыі, але, на жаль, не захаваўся да цяперашняга часу. Ніякімі запісамі мы не абменьваліся і ні пра што не дамаўляліся. Проста прыемна пагутарылі і, задаволеныя спатканнем, разышліся.

Цікава, што пасля сустрэчы наша куратар сказала: стаўленне да Чэслава Нэмэна ў Польшчы не самае прыязнае, паколькі ён пражываў у Італіі і працаваў (спяваў, вядома ж) у нейкім рэстаране, што ў тыя гады разглядалася як маленькая здрада. Тым не менш, для нас гэта была прыемная выпадковая сустрэча. Вось, мусіць, і ўсё. Магчыма, хтосьці памятае больш і куды дакладней”.

Як бачыце, інфармацыі стала значна больш ад першапачатковага “было, сустракаліся, а больш і не памятаю”. І ўсё ж такі шансы ўдакладніць пэўныя “белыя плямы” я не губляў. Урэшце, ёсць яшчэ два гіпатэтычныя ўдзельнікі той сустрэчы: Уладзіслаў Місевіч і Леанід Барткевіч.

Што вядома пра “Сопат-71”?

Пакуль жа высветлім іншае. Цікавяць, вядома, нэмэнаўска-песняроўскія дэталі фестывалю ў Сопаце 1971-га.

Найперш удакладню, што ж наш ансамбль рабіў у той год на фэсце. Калі сцісла, дык — прадстаўляў савецкую радзіму (выезд стаўся першым замежным ваяжам калектыву). “Песняры” выканалі ў рамках праграмы конкурсу гуказапісваючых кампаній нумары “Ой, рана на Йвана...” (на шчасце, захавалася відэа таго выступлення, якое мы прадставім у інтэрнэт-версіі гэтага артыкула на сайце нашай газеты kimpress.by) і “Алеся” (адносна другога твора ёсць нестыкоўкі ў сведчаннях, пра гэта — далей), прадставіўшы такім чынам усесаюзную фірму грамзапісу “Мелодия”. Перамогі для савецкага лэйбла беларусы там не здабылі.

Цяпер высветлім, якой была прысутнасць Чэслава Нэмэна на форуме. Як паведамляе згаданы намі Тадэвуш Скліньскі ў сваёй кнізе “Нэмэн: дыскаграфія, факты, творчасць”, на фестывалі “Сопат-71” наш зямляк прысутнічаў у якасці госця. З ягоных твораў са сцэны прагучаў “Дзіўны гэты свет” у інтэрпрэтацыі балгарскай спявачкі Пашы Хрыставай. Дарэчы — Першая прэмія “Сопата-71” на Конкурсе польскай песні...

Што памятаюць пра тую сустрэчу Уладзіслаў Місевіч і Леанід Барткевіч? Чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах