Святар, які стварыў слоўнікі

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Невядомае з біяграфіі знакамітага лінгвіста
Гісторыя любой навукі складаецца не толькі з гісторыі поглядаў, канцэпцый, ідэй, але таксама і з гісторыі навуковых устаноў ды лёсаў асобных вучоных. Сёлета, 22 лютага, спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага лінгвіста Мікалая Байкова — даследчыка, які стаяў ля вытокаў айчыннай тэарэтычнай лексікаграфіі. У суаўтарстве са Сцяпанам Некрашэвічам ён стварыў знакавыя працы — “Беларуска-расійскі слоўнік” (1925 г.) і “Расійска-беларускі слоўнік” (1928 г.).

/i/content/pi/cult/467/9887/14-4.jpgЖыццю і аналізу мовазнаўчай спадчыны Мікалая Байкова прысвечана не так і шмат прац. Грунтоўнасцю ды навуковай скрупулёзнасцю вылучаюцца нарысы І.Германовіча і В.Шчэрбіна: у іх апісаны асноўныя вехі біяграфіі Мікалая Якаўлевіча, ахарактарызаваны яго лінгвістычныя здабыткі. Відаць, многае пра лёс гэтага чалавека змогуць калі-небудзь расказаць недаступныя пакуль фонды. Разам з тым, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца даволі цікавыя дакументы, якія дазваляюць дапоўніць біяграфію Байкова новымі фактамі і датамі.

Сярод іх — “Формулярный списокъ о службe преподавателя Минской духовной семинарии кандидата богословия Николая Яковлевича Бойкова” за подпісам рэктара семінарыі І.Язвіцкага. З яго мы даведваемся, што Мікалай Байкоў, сам будучы сынам протаіерэя з Цвярской губерні, вырашыў пайсці па бацькавым шляху і планаваў прысвяціць сваё жыццё духоўнаму служэнню. Ён стаў адным з пяці маладых людзей, якія ў 1903 годзе скончылі Бежацкае мужчынскае духоўнае вучылішча (Расія) па найвышэйшым — першым — разрадзе.

Пасля атрымання атэстата Мікалай вырашыў прадоўжыць адукацыю і паступіў у прэстыжную на той час Маскоўскую духоўную акадэмію. Там цягам пяці гадоў, з 1909-га па 1913-ты, Байкоў вывучаў поўны курс агульнаадукацыйных навук, а таксама агульную і рускую грамадзянскую гісторыю, грэчаскую і англійскую мовы. Вучыўся ён старанна, увесь свой вольны час аддаваў падрыхтоўцы да заняткаў і самаадукацыі. У выніку па заканчэнні тэрміну навучання ў чэрвені 1913 года Савет Акадэміі прысудзіў яму вучоную ступень кандыдата багаслоўя з прылічэннем да першага разраду.

Праз два месяцы вучэбны камітэт пры Свяшчэнным Сінодзе са згоды обер-пракурора У.Саблера зацвердзіў Мікалая Байкова ў якасці выкладчыка логікі, псіхалогіі, пачатковых асноў і гісторыі філасофіі і дыдактыкі. Амаль два гады, з кастрычніка 1913-га па верасень 1915-га, Мікалай Байкоў па ўзгадненні з апекуном Віленскай вучэбнай акругі выкладаў філасофскую прапедэўтыку ў Мінскай прыватнай мужчынскай гімназіі С.Зубакіна і К.Фальковіча. Паралельна ў 1913 — 1918 гг. працаваў класным выхавальнікам у 3 — 6 класах Мінскай духоўнай семінарыі.

Некаторы час (з лістапада 1913-га па красавік 1915-га, а таксама напрыканцы 1917 года) па даручэнні Праўлення Мінскай духоўнай семінарыі Мікалай Байкоў часова выкладаў у 1 — 4 класах грэчаскую мову, якой дасканала валодаў, і з’яўляўся загадчыкам узорнай пачатковай школы пры семінарыі.

Пасля таго, як у 1918 годзе на падставе Дэкрэта аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы Мінская духоўная семінарыя была закрыта, Байкоў перайшоў на працу ў Мінскі настаўніцкі інстытут, дзе, па рашэнні педагагічнага савета, выкладаў педагогіку і дыдактыку.

Паколькі час быў складаны, Байкоў вымушана падпрацоўваў і ў іншых месцах. У прыватнасці, з верасня 1918 года ён выкладаў філасофскую прапедэўтыку ў Мінскай урадавай мужчынскай гімназіі, якая была толькі што рээвакуіравана з Масквы і таму мела патрэбу ў мясцовых педагагічных кадрах. Калі ж у адпаведнасці з дэкрэтам Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта “Аб сярэдняй адукацыі” праз паўгода Мінская гімназія была пераўтворана ў Савецкую працоўную школу другой ступені № 2, месца ў ёй для філасофскіх дысцыплін ужо не знайшлося…

На пачатку кастрычніка 1918 г. Мікалай Байкоў падаў заяву ў педсавет Мінскага настаўніцкага інстытута наступнага зместу: “Покорнейше прошу Педагогический Совет Института предоставить мне уроки по философским предметам и педагогике. При сем прилагаю сведения о моем образовании и преподавательской деятельности”. Ужо праз дзень заява была падпісана кіраўніцтвам інстытута.

Пасля ўтварэння БССР Байкоў працаваў у Інстытуце народнай асветы, у Белпедтэхнікуме, быў сакратаром Тэрміналагічнай камісіі пры Народным камісарыяце асветы БССР, потым — Слоўнікавай камісіі Інбелкульта і Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук БССР. Мікалай Байкоў з’яўляецца аўтарам некалькіх слоўнікаў, тэарэтычных артыкулаў па мовазнаўстве, шэрагу дапаможнікаў. Магчыма, менавіта дзякуючы добрай адукацыі, набытай у сценах духоўных устаноў, ён за дзесяцігоддзе здолеў зрабіць столькі, колькі многія яго калегі не паспелі за ўсё жыццё...

У сярэдзіне ж ліпеня 1930 года вучоны быў беспадстаўна абвінавачаны ў прыналежнасці да “Саюза вызвалення Беларусі” і звольнены з акадэмічнай пасады як “скампраментаваны ў друку і як чужы па сваім сацыяльным паходжанні”. Памёр Мікалай Байкоў пры нявысветленых абставінах у Мінску каля 1946 года...

Дзмітрый ДЗЯТКО, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка