Дзівачка Алена

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Код Кіш і тая дзівосная птушка…
Памятаю, у дзяцінстве, калі прыязджала да стрыечнай бабулі ў Ракаў, начавала на старых рыпучых ложках. Прачынаешся, паварочваеш галаву — а на каляровым дыванку, што вісіць побач, нейкі свет дзівосны. І лебедзі з доўгімі шыямі павольна кружаць па азёрнай роўнядзі, і невядомыя птушкі спяваюць-заліваюцца ў лесе... Здаецца, яшчэ трошачкі — і апынешся ў гэтым выраі, дзе так хораша і светла. “Скочыш” у тую карцінку, пабяжыш па намаляваным лузе, а ложак так і застанецца вісець у паветры…

/i/content/pi/cult/467/9886/14-2.jpg

А.Кіш. Дыван з сюжэтам "Дзева на водах".

/i/content/pi/cult/467/9886/14-1.jpg“Вырай”

Выстаўка дываноў-маляванак Алены Кіш “На шчасце”, што праходзіла ў Галерэі Міхаіла Савіцкага, многім наведвальнікам нагадала пра свой нявыдуманы “вырай”. І вядомыя лябёдкі, і дзівосныя птушкі — усе “старыя знаёмыя” — ёсць на ейных палотнах. Але ў выпадку Алены Кіш адбываецца незвычайнае: усе абліччы на яе простых дыванках нібыта ведаюць, куды глядзяць. Яны глядзяць проста табе ў сэрца...

Адкуль прыходзяць да народных мастакоў, стваральнікаў маляванак тыя выявы? Чаму вырай выяўляецца менавіта так: з левага боку — дом, пасярэдзіне — рэчка, па якой плывуць белыя лябёдкі, лодка з двума ці трыма “пасажырамі”, а на правым баку — пара львоў у гайку ды птушкі на галінках? Чаму засяляюць тое месца леў і львіца (якія, дарэчы, не вадзіліся ў нашым краі), дзівосны трохрогі звер? Які код зашыфраваны ў тых абліччах, што так адгукаюцца ў сэрцы?

Усе тыя істоты, што пануюць на палотнах Алены Кіш, не даюць спакою. Адкуль, адкуль прыйшлі гэтыя абліччы, якія нагадваюць адначасова іканапісныя выявы і ўзоры твораў барока? Адкуль з’явіліся тыя яскравыя колеры: блакітна-сіні, аранжава-чырвоны, жоўты? Хоць беларускі тыповы краявід больш стракаціць шэра-зялёнымі адценнямі, менавіта спалучэнне гэтых “паўднёвых” фарбаў прысутнічае на яе маляванках.

Алена Кіш у сваім жыцці малявала толькі тры сюжэты: “Вырай”, “Ліст да каханага” і “Дзева на водах”. “Ліст да каханага” часам адрозніваўся ад “Выраю” адно з’яўленнем дзяўчыны з лістом на левым беразе ды сокала, які нясе зайца ў кіпцюрах. “Дзева на водах” — гэта выява кабеты, якая нібыта заблукала ў азёрным чароце, і, зноў жа, лябёдкі ў лілеях ды птушкі на раслінах. Як прыдумляла мастачка тыя гісторыі, што потым “перапявала” ўсё жыццё? Ці было іх маляванне для Алены Кіш своеасаблівай мантрай? Або тая абмежаванасць — вынік чагосьці іншага? Пытанні нараджае ейная творчасць, як і шчырую цікавасць ды захапленне. Гэта — як сустрэча з чымсьці першародным, тым, што можа нарадзіцца толькі аднойчы...

“Ліст да каханага”

Яшчэ адна падрабязнасць: свае неверагодныя дыванкі Алена Кіш стварала ў сталінскія часы. Рабіла ў перыяд нэпа і калектывізацыі, 1930-я, 1940-я… Хадзіла па вёсках і малявала “дзівосны свет” за ежу ды начлег: з сяла ў сяло, з аднаго дома — у іншы, ствараючы і дорачы людзям “вырай”... Кім яна была ў вачах сялян? Юродзівай? Дзівачкай? Ці была яна такая адна сярод сябе падобных? Або існаваў пэўны кодэкс жыцця ў мастакоў наіўнага жывапісу?

І ўявіце, якую сілу пачыналі набываць ейныя “тры сюжэты”, калі мастачка стварала іх на працягу дзесяцігоддзяў, ператвараючы момант малявання ў пэўны рытуал! Невыпадкова яе дыванкі лічыліся “шчаслівымі”, бо неслі нейкі дадатковы змест, акрамя ўласна выяўленага.

Але пакуль гэта ўсё міфы ды легенды, бо, на жаль, пра Алену Кіш, ды ўвогуле прадстаўнікоў беларускага інсітнага мастацтва, вядома зусім мала. І цэлы пласт недаследаванай культуры, які патрабуе ўвагі і вывучэння, асацыюецца з яе постаццю.

Сёння імя гэтай незвычайнай жанчыны са Случчыны ўнесена ў “Сусветную энцыклапедыю інсітнага мастацтва”. 800 мастакоў з 50 краін свету... Анры Русо, Ніка Пірасмані і побач — Алена Кіш. Работы на выстаўцы ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прадстаўлены з фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, які цягам многіх гадоў плённа збірае рарытэтныя творы нашых выбітных мастакоў-летуценнікаў. Таксама на выстаўцы дэманструюцца дываны з прыватных калекцый мастака Уладзіміра Басалыгі, мінчанкі Ірыны Пуставалавай. Куратары экспазіцыі на чале з Таццянай Бембель зрабілі яшчэ адзін важны ўнёсак у вяртанне спадчыны аўтаркі: разам з прыватным банкам была ажыццёўлена рэстаўрацыя двух дываноў мастачкі; адмыслова ж выкуплены экзэмпляр “Сусветнай энцыклапедыі інсітнага мастацтва” быў падораны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Важна адзначыць і ўнёсак у справу папулярызацыі імя Алены Кіш і фільмам Галіны Адамовіч “Маляваны рай”, які стаўся для наведвальнікаў выстаўкі дадатковым ключом для асэнсавання творчасці мастачкі. Можна сказаць, што супрацоўніцтва рэжысёра з аніматарам Ірынай Кадзюковай дало першую візуальную крыніцу, прысвечаную дзівачцы Алене...

“Дзева на водах”

Што да жыцця нашай гераіні… Канец яго быў трагічны: беларуская вяшчуння скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў рэчцы (іншая версія — няшчасны выпадак). Невядома, што падштурхнула яе да такога ўчынку. Тым не менш, з развіццём прамысловасці, віток якога адбыўся ў пасляваенныя гады ХХ стагоддзя, рукачынны рай Алены Кіш стаў не патрэбны: яго замянілі вырабы, зробленыя на машынах. Дзівосныя птушкі на палотнах аўтаркі пабляклі, “перамясціўшыся” з пачэснага “месца мрояў” ля ложкаў у падвалы ды на гарышчы...

Колькі яшчэ беларускіх скарбаў хаваецца ў тых сутарэннях старых дамоў і нашага мінулага? І колькі іх патрабуе нашай увагі і любові...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"