Скарбы, знойдзеныя на памежжы

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

У адным альбоме і паралельнай яму веб-старонцы сабрана амаль 800 фатаграфій, якія ахопліваюць гісторыю ХХ стагоддзя на беларуска-польскім памежжы. Тут беларускія Сапоцкін, Лунна, Воўпа і Ваўкавыск, а таксама Камянец, цяперашнія польскія Кляшчэлі і Гайнаўка.

/i/content/pi/cult/466/9882/14-1.jpg

Фотаздымкі, адшуканыя ў Камянцы.

/i/content/pi/cult/466/9882/14-2.jpg

Фотаздымкі, адшуканыя ў Ваўкавыску.

Пра гісторыю стварэння альбома і пра сумесны праект распавядае адзін з каардынатараў з беларускага боку Эдуард Дмухоўскі:

— Летась разам з беластоцкім грамадскім аб’яднаннем “Відок” мы рэалізоўвалі збор матэрыялаў для праекта. Прыязджалі ў вызначаныя намі мястэчкі ды збіралі аповеды, успаміны і — самае важнае! — фотаздымкі з прыватных альбомаў. Карацей — гісторыю сем’яў за ХХ стагоддзе. Так з’явіўся фотаальбом з найцікавымі здымкамі, што апавядаюць гісторыю памежжа, людзей, якія ў выніку гістарычных падзей апынуліся па розныя бакі мяжы. Лёсы нашых герояў вельмі падобныя: рэвалюцыя, войны, бежанства, калектывізацыя, рэпрэсіі 1930-х...

Праца была вельмі цікавая, нават у нечым прыгодніцкая. Гэта, можна сказаць, фатаграфічная археалогія. Напрыклад, у мястэчку Кляшчэлі мы знайшлі на паддашшы цэлае сховішча негатываў у доме, дзе калісьці жыў мясцовы фатограф. Людзі нам казалі: “Не хадзіце туды, бо там нічога няма”. Мы гэтыя негатывы і здымкі выбіралі з кастрыцы стосамі, назбіраўшы іх там мо з чатыры або пяць мяхоў! А гэта фота тых людзей, якія жылі ў гэтых Кляшчэлях ды ваколіцах. Таксама знайшлі ў адным з мястэчак на Гродзеншчыне альбом здымкаў горада міжваеннага часу...

Па словах Эдуарда, сам альбом — гэта агромністая праца, і яе трэба працягваць:

— Мы збіраем здымкі і неверагодныя гісторыі — пакручастыя лёсы людзей, і гэтым альбомам пакладзены добры пачатак такой дзейнасці...

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна

Фота прадастаўлены ўкладальнікамі кнігі