Музейная прастора сярод кніг

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — падзея для аматараў кніг ды супрацоўнікаў айчынных бібліятэк, многія з якіх на некалькі дзён прыязджаюць у беларускую сталіцу, каб пазнаёміцца з навінкамі кнігадрукавання ды з іншымі цікавосткамі.

/i/content/pi/cult/466/9881/13-3.jpg

Барыс Цітовіч робіць адбіткі афортаў.

/i/content/pi/cult/466/9881/13-4.jpg

Свае работы дэманструе ўкраінец Юрый Храпай.

/i/content/pi/cult/466/9881/13-5.jpg

Фаліянт Карана, які можна яшчэ і слухаць.

І, варта адзначыць, прыязджаюць не дарэмна! Так, на адным са стэндаў увагу карэспандэнта “К” прыцягнулі кнігі ў скураным пераплёце. Як аказалася — ідэнтычныя арыгіналам копіі рукапісных помнікаў усходнеславянскай літаратуры. Праект ажыццяўляе юрыст па адукацыі з Украіны Юрый Храпай  — вялікі аматар старажытнай пісьмовай спадчыны Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага. Стваральнік рукапіснай майстэрні ўжо чвэрць стагоддзя займаецца каліграфіяй. А адной з ягоных першых работ стала ўзнаўленне старонкі рукапісу “Слова пра паход Ігаравы” на сапраўднай бяросце.

Па словах спадара Юрыя, ягоная юрыдычная адукацыя адбіваецца і на кніжнай дзейнасці. Так, дасягненнямі перапісчыка з’яўляюцца “Руская праўда”, на ўзнаўленне якой пайшло тры гады, а таксама Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года, напісаны скорапісам. Пры гэтым копіі пішуцца дакладнымі аналагамі старадаўніх чарніл, выкарыстоўваецца папера ручной работы, якую цяжка адрозніць ад аўтэнтычнай. Мініяцюры ж Юрый Храпай робіць яечнай тэмперай — тэхналогіяй, што выкарыстоўвалася стагоддзі таму. Да слова, перапісчык з Украіны гатовы да супрацоўніцтва з беларускімі музеямі, а таму справа за апошнімі.

Стэнд з турэцкай кніжнай прадукцыяй заваблівае гасцей выстаўкі смачным лукумам, але не толькі. Маюцца ў гэтага экспанента і свае кніжныя ноу-хау. Да прыкладу, выданне Карана на арабскай, якое можна чытаць, а дакладней — слухаць… адмысловай ручкай. Прыстасаванне агучвае той радок, да якога дакранаецца ручка. Пры гэтым можна яшчэ выбіраць і мову агучвання свяшчэнных для мусульман тэкстаў.

Нельга не закрануць і калякніжныя цікавосткі. Да прыкладу, на другім паверсе БелЭКСПА была створана сапраўдная музейная прастора. Так, у рамках праекта “У пошуках страчанага” можна паглядзець старыя паштоўкі, прысвечаныя гарадам, мястэчкам, розным мясцінам нашай краіны, — з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. А дзякуючы Барысу Цітовічу, мастаку і стваральніку мемарыяла Першай сусветнай вайны ў Вілейскім раёне, кожны можа ўбачыць і працэс друку афортаў. Між іншым, побач з друкарскім станком размясцілася і экспазіцыя будучага вілейскага Музея Першай сусветнай з арыгінальнымі артэфактамі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"