З “Царскага Сяла” да Палаца вялікіх князёў

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Напрыканцы мінулага месяца адбылося падпісанне Дамовы аб супрацоўніцтве паміж беларускім музеем “Замкавы комплекс” Мір” і музеем “Палац вялікіх князёў літоўскіх”, што не так даўно пасля рэканструкцыі адкрыўся ў Вільнюсе. Каб даведацца пра значнасць падпісання Дамовы ды ўсе перавагі ад яе для беларускага боку, карэспандэнт “К” задаў пытанні дырэктару Замкавага комплексу “Мір” Вользе ПАПКО.

/i/content/pi/cult/466/9880/13-1.jpg

 

Дамову аб супрацоўніцтве падпісваюць Вольга Папко і яе літоўскі калега Выдас Долінскас.

— Цырымонія падпісання дамовы стала значнай акцыяй у культурным жыцці літоўскай сталіцы, — адразу адзначыла спадарыня Вольга. — Некалькі соцень прысутных пазнаёміліся з дзейнасцю нашага музея пад час адкрытага даклада, што суправаджаўся прэзентацыяй. З вялікім задавальненнем мы паказалі і ўрыўкі з фільмаў, якія здымаліся ў розныя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя ля муроў Мірскага замка. Гэтыя стужкі дэманструюць, як замак змяняўся на працягу гэтага часу і якім ён стаў сёння. Свае прывітальныя словы перад падпісаннем Дамовы сказалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літве Аляксандр Кароль і яго калега — Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі — Эвалдас Ігнатавічус, а таксама намеснік міністра спорту і турызму нашай краіны Чэслаў Шульга. Такі прадстаўнічы пачатак супрацоўніцтва дазваляе спадзявацца на правядзенне многіх цікавых акцый па абодва бакі мяжы.

— Для музейнага комплексу гэта першы прыклад такога партнёрства?

— Як вядома, наш музей размешчаны ў помніку архітэктуры сусветнага значэння. Цягам апошніх гадоў — з моманту заканчэння рэстаўрацыі — яго наведала больш як паўмільёна чалавек. Зразумела, што і патрабаванні да такога музея — вельмі істотныя. Многія з нашых наведвальнікаў шмат вандруюць і міжволі параўноўваюць Мірскі замак з нацыянальнымі музеямі іншых краін. А таму мы павінны вучыцца ў сусветных музейных сталіцах. І гэтая праца актыўна праводзіцца. У лістападзе 2013 года восем супрацоўнікаў музея атрымалі стажыроўку ў Дзяржаўным музеі-запаведніку “Царскае Сяло”. Дзякуючы калегам з Расіі нам удалося пазнаёміцца з перадавымі тэхналогіямі ў галіне захоўвання экспанатаў. Два нашы супрацоўнікі атрымалі гэтую стажыроўку за кошт гранта аднаго з фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Да слова, супрацоўніцтва з музеем-запаведнікам “Царскае Сяло” пачалося зусім нядаўна: дамову падпісалі ў лістападзе 2012-га. На 2015 год адтуль запланавана выстаўка экспанатаў у нас. Што гэта будзе — пакуль рана казаць: захаваем інтрыгу. Але, паверце, плануецца прывезці ўнікальныя рэчы. Менавіта ў “Царскім Сяле” захоўваецца вялікая калекцыя прыватных рэчаў апошняга расійскага імператара...

Дамова з Нацыянальным музеем “Палац вялікіх князёў літоўскіх” — трэцяя для нашай установы. У 2013 годзе міжнародным партнёрам Мірскага замка стала адна з самых вядомых украінскіх скарбніц — “Кіева-Пячэрская Лаўра”. І хоць сумесных акцый з калегамі з Кіева пакуль не было, аднак і адтуль мы плануем неўзабаве прывезці выстаўку.

— Міжнародны досвед сапраўды дапамагае ў працы?

— Прывяду прыклад. Першапачаткова Мірскі замак праводзіў да 30 выставак у год. Але мы цалкам перагледзелі свае падыходы да гэтай працы. Зменшылі колькасць выставак, узняўшы пры гэтым узровень апошніх. Трэба сказаць, што сусветна вядомыя музеі складаюць праграму выставак на некалькі гадоў наперад. Калі хочаш бачыць у музеі сапраўды ўнікальныя рэчы — трэба пачынаць падрыхтоўчую працу загадзя. нам вельмі прыдаўся вопыт арганізацыі выстаўкі з брытанскага Музея Вікторыі і Альберта, што ладзілі сумесна Нацыянальны мастацкі музей Беларусі і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. Шчыра скажу, мы падрабязна вывучалі вопыт рэалізацыі гэтай падзеі. Сапраўды, высокага ўзроўню выстаўкі дорага каштуюць: гэта значная сума страхоўкі і складаная перавозка праз некалькі межаў. Аднак такія падзеі прыцягваюць шмат увагі і дазваляюць дакрануцца да рэдкіх экспанатаў.

— Ці разглядаецца ў рамках супрацоўніцтва з літоўскімі калегамі пытанне павышэння кваліфікацыі музейных работнікаў, абмену вопытам, да прыкладу, па рабоце з фондамі?

— Супрацоўніцтва беларускіх музеяў з літоўскімі існуе не адно дзесяцігоддзе. Літоўцы прыязджаюць на нашы канферэнцыі, часам ладзяцца і сумесныя выстаўкі. Для нашага музея як асобнай установы супрацоўніцтва з Літвой пачалося менавіта з пытання даследавання і рэстаўрацыі габеленаў. Вільнюскі рэстаўрацыйны цэнтр імя Гудзінаса — адна з найлепшых пляцовак такога тыпу ў Еўропе. Калі мы пачалі збіраць сваю калекцыю габеленаў, то ў першую чаргу звярнуліся туды. І зараз у цэнтры знаходзіцца адзін з нашых габеленаў, які мы атрымалі з Брэсцкай мытні. Габелен быў канфіскаваны на мяжы, і блізу года, пакуль ішлі суды, знаходзіўся на складзе. Каб падрыхтаваць яго для экспанавання ў музеі, спатрэбілася дапамога літоўскіх калег. Магу дадаць, што і адносіны паміж намі склаліся вельмі цёплыя і таварыскія, што дапамагае ў працы. Мы актыўна вучымся, а ў Літве ёсць чаму павучыцца. Вельмі спадзяёмся, што атрымаецца арганізаваць чарговую стажыроўку там.

— Што Мірскі замак, што Палац вялікіх князёў як асобныя музеі — зусім маладыя. Напэўна, гісторыя вашых устаноў мае не адну такую паралель?

— Сапраўды, лёсы Мірскага замка і Палаца вялікіх князёў літоўскіх падобныя. Некалькі стагоддзяў абодва будынкі знаходзіліся ў занядбаным стане, вільнюскі палац — наогул у руінах. Працэс рэстаўрацыі гэтых помнікаў архітэктуры ў грамадстве выклікаў шматлікія пытанні. Аднак ужо сёння можна канстатаваць: каласальная цікавасць да музеяў, якую мы бачым цяпер, — дадатковы доказ таго, што гэта патрэбна як дзяржаве, так і грамадству. Нашы літоўскія калегі маюць і такі вопыт: большасць сваіх экспанатаў яны набывалі ў Еўропе праз аўкцыёны альбо шукалі ў прыватных калекцыях. Мы пакуль гэтага рабіць не ўмеем, таму вымушаны звяртацца да пасрэднікаў. Так што вопыт акажацца вельмі прыдатны. Значным аргументам для супрацоўніцтва з’яўляецца і наша агульная гісторыя. Многія значныя палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, якія рабілі кар’еру ў Вільні, былі ўладальнікамі Мірскага замка. Да прыкладу, у экспазіцыі Палаца прадстаўлена копія партрэта князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла “Сіроткі”, які пабудаваў у двары Мірскага замка палац. Зараз у пакоях Паўночнага корпуса гэтага палаца знаходзіцца наша экспазіцыя. Паралелей вельмі шмат, а таму мы спадзяёмся на сумесныя публікацыі і канферэнцыі. Мяркую, першыя канкрэтныя вынікі такога супрацоўніцтва змогуць неўзабаве ўбачыць наведвальнікі Мірскага замка...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"