“Гледачы не дазволяць спыніць праект”

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
Акрамя народнай любові і прызнання, праект тэлеканала “АНТ” “Я пяю!” стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у развіццё творчых здольнасцей таленавітых дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з няпоўных і шматдзетных сем’яў.

/i/content/pi/cult/466/9879/12-3.jpg

Кранальныя гісторыі і агромністы патэнцыял

Нагадаем, у рамках тэлепраекта дзеці выконваюць песні беларускіх і замежных аўтараў. Пры гэтым некаторыя з апошніх з задавальненнем выходзяць на сцэну і спяваюць разам з маленькімі зоркамі. Вядома ж, на праекце — толькі жывы гук. Суправаджае выступленні Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. У журы апошняга сезона — спявачка Іскуі Абалян, тэлевядучая Марына Грыцук і кампазітар Алег Елісеенкаў. Вядучы шоу — вядомы расійскі рэжысёр тэатра і кіно Дзмітрый Астрахан, што шмат здымае, і збольшага — у Беларусі. Дырэктар дырэкцыі спецыяльных праектаў Анжэла МІКУЛЬСКАЯ падзялілася сакрэтамі поспеху праекта.

— “Я пяю!” — дзіцячы музычны конкурс менавіта сацыяльнай скіраванасці. Ён аб’ядноўвае дзяцей са шматдзетных, няпоўных сем’яў, а таксама тых, хто жыве ў дзіцячых дамах і інтэрнатах. Але самае галоўнае — праект пабудаваны не па нейкім загадзя прыдуманым сцэнарыі, а на лёсах саміх удзельнікаў. Кожны год да нас прыходзяць дзеці з новымі кранальнымі гісторыямі. З гэтага і атрымліваецца ўласна праект. У асноўным, яго ўдзельнікі — дзеці са складанымі лёсамі. Але іх жыццесцвярджальная пазіцыя вядзе за сабой і дарослых, прымушае іх не губляць веру ў лепшую будучыню. У гэтым я і бачу поспех праекта. Дарослыя, гледзячы на гэтых дзяцей, вучацца, змяняюць сваю пазіцыю ў дачыненні да многіх побытавых з’яў. Бацькі пачынаюць задумвацца, што дзеля дзяцей трэба аб’ядноўвацца, ахвяраваць сваімі амбіцыямі. За чатыры гады існавання праекта я знаёмілася з выпадкамі, калі бацькі змянілі свае паводзіны, лад жыцця дзеля дзяцей пасля нашых перадач... Пераканана, гэта і ёсць самае важнае ў праекце!

— Відаць, сведчаннем яго паспяховасці з’яўляецца і вялікая колькасць ахвотных у ім паўдзельнічаць?

— Так, колькасць дзяцей, што прыходзяць на кастынг, з кожным разам істотна павялічваецца. А таму, акрамя педагогаў па вакале, якія праслухоўваюць дзяцей, з імі абавязкова працуе псіхолаг, які размаўляе з кожным патэнцыйным удзельнікам, з прадстаўнікамі яго сям’і. Для нашага праекта важныя не толькі вакальныя даныя юнага спевака, але і яго гісторыя. Гісторыя, на прыкладзе якой можна паказаць шырокай грамадскасці, як правільна жыць, ставіцца да сямейных каштоўнасцей...

— Вы працавалі над праектам “Міс Беларусь”. З кім цяжэй працаваць: з мадэлямі ці з юнымі выканаўцамі?

— Мне з усімі проста. Але з дзецьмі працаваць куды больш цікава, больш душэўна з-за іх адкрытасці, шчырасці, непасрэднасці.

— Ці плануецца працяг праекта?

— Нягледзячы на тое, што зараз у эфіры ідзе чацвёрты сезон, мы ўжо працуем над чарговым, пятым па ліку. Скажу шчыра, гледачы нам не дазволяць спыніць праект. Да нас прыходзіць вельмі шмат водгукаў, лістоў, зваротаў. У час правядзення праекта з’яўляецца маса людзей, якія гатовы дапамагчы дзецям — удзельнікам шоу. Да прыкладу, у нас удзельнічала дзяўчынка з анкалагічным захворваннем. Адразу ж пасля эфіру тэлеглядачка запрасіла яе адпачываць у Крым. Ці іншы выпадак: дзіця ў эфіры кажа, што яму патрэбны сабака, — і літаральна праз колькі хвілін да нас паступаюць дзясяткі званкоў ад тэлегледачоў з прапановамі...

На здымку: Анжэла Мікульская, Аляксандра Лакціёнава, Алена Лобач.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"