Хто ты, сусед?

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

З 27 студзеня па 9 лютага праходзіць рэспубліканская акцыя “Бяспечнае суседства”.

У жылым сектары інспектары дзяржаўнага пажарнага нагляду звяртаюць асаблівую ўвагу на супрацьпажарнае становішча домаўладанняў і кватэр грамадзян, якія маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей.

Пры выяўленні нецвярозых бацькоў, што пакінулі дзяцей без нагляду, пажаранебяспечнага стану жылля ды іншых звестак аб наяўнасці прычын і ўмоў, якія спрыяюць узнікненню пажараў, ініцыяваліся рашэнні для адабрання дзіцяці. У выпадку непрыняцця бацькамі мер па прывядзенні домаўладання ў здавальняючы супрацьпажарны стан, адсутнасці рэагавання службовых асоб па фактах атрымання інфармацыі аб знаходжанні дзіцяці ў сацыяльна-небяспечным становішчы інфармаваліся і органы пракуратуры. Пры разглядзе пытання аб зняцці дзіцяці са спецыялізаванага ўліку, вяртанні ў сям’ю праводзілася абавязковая ацэнка супрацьпажарнага стану домаўладання.

Нядаўна адбыўся пажар, што забраў жыцці трох дзяцей. У падраздзяленне МНС паступіла паведамленне аб пажары ў жылым доме ў в. Беражное на Століншчыне. Калі прыбылі два аддзяленні, дом гарэў, дах абваліўся. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС, двух дзяцей без прыкмет жыцця вынесла з дому маці і перадала ўрачам хуткай медыцынскай дапамогі. З прыёмнага аддзялення Столінскай ЦРБ паступіла інфармацыя аб тым, што дзеці, дастаўленыя з месца пажару, памерлі. Бацькі, са слоў суседзяў, характарызуюцца адмоўна, злоўжываюць спіртнымі напоямі. Маці забрала дзяцей з садка, зайшла з імі да суседзяў, а потым завяла дзяцей дадому, зачыніла дзверы і пайшла ў краму… Праверку праводзіць група раённага аддзела Следчага камітэта.

Умовы пражывання сям’і камісійна абследаваліся чатыры разы. Дзеці з верасня 2013 года знаходзіліся на ўліку ў Беражноўскай сярэдняй школе (сацыяльна-небяспечнае становішча па прычыне неналежнага выканання бацькоўскіх абавязкаў). Быў распрацаваны індывідуальны план абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. І каб план быў не толькі распрацаваны, але і прыняты неадкладна, дык, можа, гэтай трагедыі і не было б.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска