Амплітуда фарбаў. З цынамонам

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Молада, але не зелена: выстаўка дваццаці мастакоў з Брэстчыны
“Сёння — гэта мы”. Так смела 20 маладых мастакоў Брэстчыны заявілі пра сябе сваімі работамі, якія экспануюцца ў нядаўна абноўленай выставачнай зале Абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

/i/content/pi/cult/466/9872/89-1.jpg 

 

Фантастычныя творы з пап'е-машэ Ганны Чапурной-Алейнік.

/i/content/pi/cult/466/9872/89-2.jpg

М.Палачыч. "Персона "Р".

/i/content/pi/cult/466/9872/89-3.jpg

А.Алейнік. "Журавінавы дух".

/i/content/pi/cult/466/9872/89-4.jpg

Г.Чапурная-Алейнік. "Сакавітыя травы".

/i/content/pi/cult/466/9872/89-5.jpg 

А.Алейнік. "Шпакоўня".

/i/content/pi/cult/466/9872/89-6.jpg

Г.Радзько. "Важная гусь. Made in Belarus".

Россыпы творчых ідэй, арыгінальныя эксперыменты з колерам і формай, выкарыстаннем розных тэхнік надалі экспазіцыі цэласны і дынамічны характар. Жывапіс, графіка, акварэль, малюнак, батык, кераміка, кампазіцыі з тэкстыльных лялек і пап’е-машэ — усяго на вернісажы прадстаўлена больш за 100 работ, створаных моладдзю Брэстчыны за апошні год. Адна з асаблівасцей — удзел у паказе не толькі прафесійных мастакоў, але і аматараў, для якіх жывапіс — асобая частка творчага “Я”. Вось дзяўчына, сагрэтая промнямі сонца, якая танчыць ад шчасця. Яе намаляваў Юрый Стыльскi, вядомы ў Брэсце як лідар гурта “Дай дарогу!”. Нечакана для ўсіх музыкант адкрыў сябе з іншага боку: захапіўся станковым жывапісам і ўпершыню прадставіў у экспазіцыі пяць работ велізарных фарматаў. З яго палотнаў загадкава глядзяць дзяўчаты, маладыя жанчыны, гатовыя падарыць міру дзіця. У іх неспасціжна і дзіўна злучыліся сучаснасць і будучыня — нараджэнне новага жыцця.

Сваю інтэрпрэтацыю адвечнай тэмы мацярынства прапанаваў Мiраўлад Палачыч. Яго мадонна з немаўляткам, размешчаная ў самым цэнтры экспазіцыі, прыцягвае сваёй ціхай радасцю. Яна ўбрана ў чырвона-залатыя адзеннi, і гэта — не выпадкова: перапляценне дзвюх яркіх фарбаў сімвалізуе вечнае каханне ў бясконцай прасторы быцця. Зусім у іншай плоскасці, нібы завiтаўшы са свету сярэднявечнай фантазіі, паўстаюць мудрагелістыя персанажы “Антуана” і “Антуанеты”, пацешная парачка ў “Пацалунках”. Гэткія знаёмыя незнаёмцы як бы сур’ёзна і з хітрынкай нагадваюць нам пра час, што імкне наперад, змяняючы фарбы карнавалу пад назвай “жыццё”, але пакідаючы нязменнымі яго непарушныя законы і каштоўнасці. Мiраўлад чэрпае сваё натхненне ў жывапісе майстроў эпохі Адраджэння і пры гэтым імкнецца развіваць свой індывідуальны стыль сімвалічнага гратэску з элементамі алегорый. Яшчэ адна асаблівасць ягонага почырку — работы мастак выконвае ў тэхніцы шматпластавага алейнага жывапісу на драўляных панэлях.

Цікавасць да ўнутранага свету чалавека, яго разважанняў — адметная рыса цяперашняй выстаўкі. Напэўна, таму сярод жанравай разнастайнасці ўсё ж пераважае партрэт, які прыцягвае новымі кампазіцыйнымі рашэннямі, свежымі колеравымі спалучэннямі, увагай да дэталей, якiя дапаўняюць вобраз. Сваю індывідуальную трактоўку жанру прадэманстравалі Дзмітрый Булдакоў (“La Roux”), Сяргей Касцюк (“Гір”), Аляксандра Донiка (“Чалавек, які смяецца”), Алег Алейнік (“Хто вы?” i “Малінавы партрэт”), Марыя Радзько з серыяй рознахарактарных партрэтаў сучаснікаў. Змяняючы традыцыйнае ўяўленне пра жанр, эксперыментуючы ў галіне мастацкіх сродкаў, моладзь дамагаецца ўвасаблення аб’ёмных, нібыта жывых вобразаў, якія пульсуюць разрадамі жыццялюбства.

Часам навізна творчага самавыяўлення дасягаецца яскрава падкрэсленай выразнай лініяй, гамай каляровых плям, выкананых акрылам, пастэллю або тушшу, як у Вольгі Стрыжневай. Ад ейных работ патыхае ўнутранай свабодай і душэўнай чысцінёй. Мастачка любiць адыходзiць ад стэрэатыпаў і перадаваць лёгкімі мазкамі незвычайнае ў звычайных буднях, размалёўваць свет светлымі яркімі фарбамі, як робяць гэта малечы. Вольга, якая працуе ў студыі выяўленчага мастацтва з дарослымі і дзецьмі, не баіцца “вучыцца” ў дзяцей адкрыта выказваць свае эмоцыі. Яна лічыць, што трэба быць шчырым як у стасунках з навакольным светам, так і ў сваёй творчасці, тады фарбы на палатне захаваюць настрой. Велізарнай амплітудай нястрымных эмоцый вылучаюцца маляўнічыя мініяцюры Воўкi Плюмбума — музыканта, які здолеў сваім адкрытым выяўленнем пачуццяў прыцягнуць увагу наведвальнiкаў, і ў гэтым — яго першая творчая ўдача.

...У экспазіцыі — розныя імёны: хто ўпершыню прадэманстраваў свае работы, а хто ўжо ладзіў уласныя персаналіі і нават мае нямала ўзнагарод. Так, у багажы студэнта I курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Глеба Сідарэнкi — 27 дыпломаў і сертыфікатаў. Адным простым алоўкам ён здольны намаляваць па-філасофску складаныя і даволі важкія паводле майстэрства графічныя кампазіцыі. Ягоная калега па цэху ілюстратар Ганна Радзько працуе на графічным планшэце ў стылі індзі-графіка, робiць графічныя шрыфтавыя кампазіцыі і нават бярэцца за манументальную графіку. Яна — сааўтар маладзёжнай маркі “Важная гусь” і ініцыятар шматлікіх іншых праектаў...

У панараму выстаўкі ўдала ўпісаліся нацюрморты Наталлі Скарга і Андрэя Кандрацюка. Таццяна Патворава запомнілася лірычнымі краявідамі. Мастакам удалося перадаць паэзію і прыгажосць прыроды, няўлоўныя вібрацыі святла і ценю, паветра, з-за чаго вобразы падаліся больш натуральнымі Для кабрынчанкi Таццяны Патворавай гэта ўжо 31-я групавая выстаўка. Мастачка прадстаўляла свае работы не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Германіі, і, да ўсяго, паспела зладзіць 11 персаналій.

Яшчэ адно імя — Вольга Данілюк. Яна адзіная прэзентавала дзіўныя, далікатныя работы ў тэхніцы батыку — гарачага і халоднага і нават экалагічнага. А паралельна асвоіла карпатлівую працу па тэкстыльным дызайне аўтарскіх лялек. А яе сарокі-вароны з кампазіцыі “Заходзьце, кумачкi, да мяне на абед”, пахнуць кавай... Ёсць лялькі ад Царэўны Жабы (гэта псеўданім Вольгі: яна ж — з Жабінкі) і з пахам цынамону ды ванілі . А яшчэ — з жаночай душэўнай цеплынёй....

Алена КАПАЧОВА

Брэст