Не плачце па ім...

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

“Паміж” бяздомнага мастака
Наша краіна шчодра адорана незвычайнымі асобамі. Праўда, не ўсе з іх пакуль па вартасці ацэнены сучаснікамі. Больш за тое: не ўсе яны папросту вядомыя. Мастака Валерыя Ляшкевіча ў Гомелі ведаюць хутчэй як пацешнага старога, які жыве і сілкуецца на Чыгуначным вакзале ды прадае свае карціны на ўваходзе ў знакаміты палацавы парк.

/i/content/pi/cult/466/9871/8-1.jpg

/i/content/pi/cult/466/9871/8-2.jpg

Між тым, яшчэ ў 1996-м з’явіўся першы сур’ёзны мастацтвазнаўчы артыкул пра ягоную творчасць. А ў студзені выстаўка работ Валерыя Ляшкевіча прайшла ў арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. Пра экспазіцыю і яе аўтара не пісаў толькі лянівы. Між тым, прэм’еру фільма-партрэта “Скрыжаванне”, якая адбылася ў рамках выстаўкі, згадвалі ці не мімаходзь.

Карціна маладога рэжысёра Настассі Мірашнічэнка і ўжо вядомага аўтара-дакументаліста Алены Антанішынай — рэч для беларускай дакументалістыкі сама па сабе цікавая. Стужка на гадзіну пятнаццаць хвілін па часе стваралася амаль цягам года на невялікія спонсарскія грошы і сродкі аўтараў. У межах сучаснай для Беларусі студыйнай сістэмы такі фільм зняць было немагчыма: група выязджала ў Гомель і Санкт-Пецярбург (там разгортваецца дзея “Скрыжавання”) некалькі разоў цягам здымачнага перыяду і не была абмежавана тэрмінамі здачы матэрыялу.

“Усе нашы экспедыцыі ў суме доўжыліся ўсяго дзевяць дзён, — распавядае Настасся Мірашнічэнка. — Калі разумелі, што можам здымаць, збіралі заплечнікі і бралі білеты на цягнік. Часцей жа, па фінансавых прычынах, працавалі толькі ўдваіх з аператарам Аляксандрам Марозам. Менавіта ў такім складзе ўдавалася падысці на максімальна блізкую дыстанцыю да героя фільма — чалавека вельмі ціхага і ранімага. Менавіта пытанне даверу стала галоўнай цяжкасцю пад час здымак. Валерый спачатку катэгарычна адмаўляўся здымацца...”

У выніку своеасаблівы ў сваіх паводзінах чалавек не толькі пагадзіўся, каб за ім назірала відэакамера, але і ўпусціў аўтараў у свой свет. У выніку глядач можа назіраць Ляшкевіча ў звыклай для яго, але незвычайнай для большасці з нас абстаноўцы і пачуць закадравыя маналогі мастака пра грамадства, цывілізацыі, творчасць, пра свой лёс.

Знятая добра вядомым у дакументалістыцы і ледзь не самым распаўсюджаным апошнім часам метадам назірання, карціна з’яўляецца не толькі партрэтам сучаснага “беларускага Пірасмані” і расповедам пра яго няпростае існаванне на фоне натоўпу. Аўтарам фільма ўдалося адысці ад рэпартажнай формы і стварыць глыбокую, насычаную вобразамі карціну пра суадносіны асобы і грамадства. Цудоўная і дакладная аператарская работа Аляксандра Мароза, аб’ёмная палітра гукаў вялікага горада, бліскуча адноўленая ў студыі гукарэжысёрам Святланай Сокал, выводзяць “Скрыжаванне “ на сур’ёзны мастацкі ўзровень.

Зрэшты, паказаная ў Нацыянальным мастацкім музеі версія стужкі — не канчатковая. Настасся Мірашнічэнка, якая сёлета заканчвае завочнае аддзяленне Акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура тэлебачання”, імкнецца зрабіць работу максімальна дасканалай. Карціна сапраўды мае патрэбу ў пэўнай дапрацоўцы. Так, фрагменты інтэрв’ю мастацтвазнаўцаў у фінале выглядаюць крыху ненатуральна. Не зусім апраўданым з’яўляецца выкарыстанне спецыяльна напісанай да фільма музыкі. Ды і саму назву стужкі можна пакуль лічыць працоўнай.

Самае каштоўнае ў карціне — атмасфера прасторы, тое “паміж”, у якім пастаянна знаходзіцца Валерый Ляшкевіч. Чыгуначны вакзал, тратуар гарадскога праспекта, чыгуначныя пуці — там, дзе большасць з нас знаходзіцца лічаныя гадзіны, бяздомны мастак жыве стала. І не толькі жыве, але і асэнсоўвае прастору, у якой яму давялося апынуцца. Калі глядзіш “Скрыжаванне”, то міжволі ўзнікаюць асацыяцыі з усхваляваўшай беларускае грамадства напрыканцы 1980-х дакументальнай карцінай Анатоля Алая і Віктара Дашука “Не плачце па мне”, у якой распавядалася пра трагічны лёс мастака-самародка з Рэчыцы Аляксандра Ісачова. У абодвух выпадках твор кінамастацтва становіцца галоўным каталізатарам грамадскай цікавасці да творчасці непрызнанага афіцыйным светам мастацтва творцы. Але калі стужка пра Ісачова пабачыла свет пасля сыходу творцы, то “Скрыжаванне” — той выпадак, калі кінамастацтва мае шанц выйсці за межы экрана, непасрэдным чынам змяніўшы лёс героя.

Дарэчы, пасля паказу фільма ў НММ на карціны Валерыя Ляшкевіча амаль адразу знайшліся зацікаўленыя пакупнікі...

На здымках: кадры з фільма "Скрыжаванне".