Майстэрства (анты)плагіяту

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Няўжо аўтарствам давядзецца падзяліцца?
Задоўга да з’яўлення драматурга Святланы Бартохавай у Інтэрнэце праз афіцыйны сайт або ў якасці карыстальніка сацыяльных сетак, знаёмыя папярэджвалі аўтара пра факты прысваення яе твораў (карацей, плагіят). Каб заявіць пра сапраўднае аўтарства і пазнаёміць прыхільнікаў паэзіі са сваёй творчасцю, Святлана, скарыстаўшыся парадай, завяла персанальную старонку на расійскім серверы з вершамі, дзе і размясціла свае творы. Праз некаторы час карыстальнікі гэтага рэсурсу пачалі пакідаць станоўчыя водгукі, каментарыі. У жыцці літаратара з’явіўся такім чынам прыемны момант зносін з віртуальнымі сябрамі. А вось пра тое, што адбылося далей, Святлана Бартохава распавяла ў сваім блогу.

/i/content/pi/cult/466/9867/4-18.jpgПравы, канешне, захаваны...

Для пачатку — даведка. Святлана Бартохава — вядомы беларускі драматург, аўтар п’ес “Поле бітвы”, “Нязваны госць”, “Мастраяні і кампанія”, “Адбітак у люстэрку”, “Такая доўгая навальніца”, “Непераможная”, “Спакуса Дарыяна Грэя”, “Ганна Карэліна шукае мужчыну”... “Нязваны госць” са спісу — самая запатрабаваная. Спектакль пастаўлены тэатрамі Мінска, Маладзечна, Ерэвана, Магадана, Северска... Муза прыйшла да будучага аўтара ў чатыры гады, калі дзяўчынка часам размаўляла вершамі. У яе біяграфіі — навучанне ў Літаратурным інстытуце ў Маскве на аддзяленні паэзіі, публікацыі, паэтычны зборнік...

Зараз пра літаратурны сэрвіс. Ён заяўлены як самы буйны рускамоўны партал, які папулярызуе сучасную паэзію. Творчая асоба можа размясціць там свае вершы незалежна ад іх якасці. У сайта ёсць карыстальніцкае пагадненне, дагавор з аўтарам, замацаваны пячаткай і подпісам, маскоўскія адрас і тэлефон. Маецца і электронная зваротная сувязь, з дапамогай якой аўтар можа задаць пытанне і атрымаць неабходную іх кансультацыю. Сайт папярэджвае пра захаванне аўтарскіх правоў і пра ахову законам. Словам, “на паперы” выкананы ўсе правілы, належныя ў гэтым выпадку.

Хто яшчэ не аўтар “Элегіі”?

Святлана Бартохава нават уявіць сабе не магла тыя маштабы плагіяту, якія існуюць у Сеціве. Звярнуць увагу на факт дапамаглі тыя ж сябры і прыхільнікі, якія сталі дасылаць спасылкі на старонкі плагіятараў (або лжэаўтараў). У іх асяроддзі лідзіруе “Элегія” — твор вельмі эмацыйны і пранізлівы па сваім змесце. Як напісаў знаёмы блогер Святланы, "у свеце няма ні аднаго рускамоўнага партала, дзе б аднойчы яна (“Элегія”) не “вісела”. Толькі на адным, ужо згаданым, сэрвісе было зафіксавана 25 выпадкаў плагіяту гэтага твора! Святлана ў сваіх каментарыях спрабавала заклікаць да сумлення апанентаў — безвынікова. У адказ лінула негатыўная плынь свядомасці: пагрозы, абразы, спасылкі на артыкулы Крымінальнага кодэкса і абяцанні зацягаць па судах з пазовам аб абароне гонару і годнасці. Уяўленне пра апошняе ў апанентаў аказалася адрозным ад агульнапрызнанага.

Віртуальныя сябры Святланы азнаёмілі яе з адным са спосабаў заробку на чыёйсьці творчасці невялікіх, але рэальных грошай. Такое практыкуюць сайты, якія спецыялізуюцца на рассылцы SMS-паведамленняў. Прынцып іх працы: з міру па нітцы — голаму кашуля. Карыстальнік заходзіць на такі сайт, у раздзеле “SMS-вершы” выбірае тое, што яму спадабалася. Далей адпраўляецца SMS на ўказаны пад творам нумар і верш перасылаецца на тэлефон, а з рахунку спісваецца абумоўленая сума. Ёсць яшчэ віртуальная біржа, дзе зарэгістраваныя карыстальнікі прызначаюць кошт "сваім" творам і рассылаюць іх усім ахвотным у выглядзе тых жа sms-паведамленняў. У абодвух выпадках у базе даных сайтаў значылася ўсё тая ж “Элегія”. Дарэчы, усю сабраную па крупінках інфармацыю Святлана не без іроніі назвала “Элегіязнаўствам” .

Плагіятараў выдалілі, а далей?..

Каб спыніць бязладдзе і давесці ўласнае аўтарства, Святлана звярнулася па дапамогу ў Беларускі дзяржаўны архіў- музей літаратуры і мастацтва, дзе захоўваюцца ўсе літаратурныя выданні краіны. Супрацоўнікі ўстановы выдалі ёй адпаведную даведку, копію вокладкі і тытульнага ліста часопіса “Нёман” , у якім яшчэ ў 1979 годзе былі ўпершыню апублікаваны яе вершы. Гэтыя дакументы аўтарка даслала мадэратарам сайта і — старонкі плагіятараў былі выдалены. Здавалася б, справядлівасць перамагла, але непрыемны асадак застаўся. А колькі яшчэ такіх сайтаў, дзе чыёсьці натхненне, у тым ліку і Святланы Бартохавай, публікуецца пад чужымі імёнамі?..

Для мяне ж стала адкрыццём тое, што запісы з блогаў таксама могуць быць ахвярамі “копіпаста”. Ніка Сандрас — беларуская мастачка, блогер, тэлевядучая. Некалі яна пачала весці дзённік у “Жывым Часопісе”. Мне падалося, што практычна штодзённыя запісы былі для яе адлюстраваннем руху душы і думак, з якімі яна клалася спаць і прачыналася раніцай. Яе запісы здзіўляюць індывідуальнасцю, асаблівым поглядам на жыццё, на падзеі і з’явы. Неяк жа сябры Нікі выявілі адну карыстальніцу сацыяльнай сеткі, якая размяшчала на сваёй сцяне самыя яркія і смелыя думкі мастачкі, выдаючы іх за свае. Для чаго? Напэўна, каб стварыць перад сваімі сябрамі імідж інтэлектуалкі. Сябры ж Нікі дружна асудзілі плагіятара, у тым ліку і на ейнай старонцы, пасля чаго дзяўчына адключыла магчымасць каментавання. Ну а Ніка выказалася пра гэтую з’яву вельмі проста: маўляў, ну і няхай капіруе далей...

Так што калі вы нешта размяшчаеце на сваіх старонках, дзеліцеся з сябрамі, калі гэта арыгінальна і захапляльна, трэба быць гатовым да таго, што аўтарствам давядзецца падзяліцца. Ці варта з гэтым змагацца? Калі тое — справа прынцыпу і за гэтым стаяць фінансавыя выгоды, тады змаганне мае сэнс. Але не варта забывацца і на пункт гледжання Нікі Сандрас. Яе іронія мне вельмі сімпатычная.

Алег ЧЭЧАНЕЎ, артыст, рэжысёр

У тэму

На папулярным відэасэрвісе з’явіўся канал "Беларусьфільм", дзе сёння можна паглядзець творы айчыннай кінастудыі, пачынаючы з золку яе стварэння. Па каментарый мы звярнуліся да яе генеральнага дырэктара Алега СІЛЬВАНОВІЧА.

— Будзем шчырымі, наш глядач мала ведае пра беларускае кіно. Таму падобныя ініцыятывы — знаёмства з нашай прадукцыяй праз Інтэрнэт — я вітаю. Мне падаецца, гэта з’ява часу, і мы ў гэтым зацікаўлены.

Дарэчы, у бліжэйшых планах мы такім жа чынам хочам прэзентаваць наша дакументальнае кіно — на адным з вядомых беларускіх парталаў. У далейшых задумках — стварэнне сервера, дзе можна будзе паглядзець творы нашага кінематографа ў добрай якасці за сімвалічную плату — кшталту падпіскі. Кіруюць студыяй не “старыя калдыры”, як хтосьці піша ў Сеціве: мы зацікаўлены ў прасоўванні нашай прадукцыі, таму інтэрнэт-прастора для нас — адна з істотных магчымасцей у гэтым плане.

Але ў абнародаванні прадукцыі кінастудыі ў Інтэрнэце мусяць быць межы. Калі публікацыя адбываецца паралельна з выхадам карціны ў кінапракат, тое недапушчальна. І такія выпадкі мы будзем пераследаваць, бо яны могуць нанесці студыі фінансавыя страты. Аднак у дачыненні да стужак, якія былі зняты, у прыватнасці, да 1939-га года, — у нас перасцярог няма: па законе, на іх у нас ужо няма манаполіі...

У Мінску працягваюцца здымкі фільма "Авель". Да гэтага не так даўно прымяшаўся яшчэ і скандал, звязаны з уцечкай аднаго з варыянтаў сцэнарыя ў Інтэрнэт. Прадзюсар стужкі Юрый Ігруша даў нам каментарый:

— Я не сцвярджаю, што мы абавязкова звернемся ў суд. Проста, гэта была б натуральная рэакцыя на крадзёж. Як далей паступіць, вырашаць нашы амерыканскія партнёры, а яны ведаюць толк у падобных выпадках. Невыкананне аўтарскіх правоў у ЗША — адно з самых жорстка каральных правапарушэнняў. Калі ўявіць, што кола ўсё ж закруціцца, то для пачатку знойдуць заснавальнікаў сайта, на якім быў выкладзены сцэнарый. Пацікавяцца ў іх, на якой падставе ён быў апублікаваны. І ў залежнасці ад таго, як сябе павядуць гаспадары рэсурсу, будуць зроблены наступныя крокі... Сітуацыя, што і казаць, — непрыемная. А я ў час свайго дырэктарства ў "Беларускім відэацэнтры" ні з чым такім не сутыкаўся...

 

Занатавалі Алег КЛІМАЎ, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр