Куды і як рушыць далей?

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Апытанне напярэдадні выніковай калегіі Міністэрства культуры
Пытанне, пагадзіцеся, дзіўнае: куды і як рушыць нашай культуры далей? Дакладны адказ на яго дае Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Але ўсё часцей работнікі культуры з рэгіёнаў даводзяць, што планы і мары ніяк не сутыкаюцца з рэальным становішчам спраў. Маўляў, наспеў час упарадкаваць агульныя намаганні ў адзіным рэчышчы. Таму менавіта напярэдадні пасяджэння выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь рэдакцыя “К” звярнулася да кіраўнікоў абласных і сталічнага ўпраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Тэлефоннае пытанне было традыцыйна-стандартным: “Якія неадкладныя задачы-праблемы бачыце і як збіраецеся іх вырашаць?”. Неаспрэчна, менавіта рэгіянальнае “адчуванне” перспектыў і становіцца падмуркам агульнарэспубліканскай культурнай палітыкі на 2014 год. І вось што мы ў выніку пачулі.

Аляксандр КЛІЦУНОЎ, Віцебшчына:

— Вельмі хочацца захаваць усё годнае, што назапашана за доўгі час у сферы культуры Віцебскай вобласці. Нам трэба аптымізаваць 20 працэнтаў супрацоўнікаў. Гэта вельмі сур’ёзны працэнт, і захаваць усе напрацоўкі нам будзе вельмі цяжка. Думаю, мае калегі ў абласцях мяне падтрымаюць…

Вельмі трывожыць і замацаванне маладых спецыялістаў, што заканчвалі навучальныя ўстановы ў сталіцы. Тут у нас — праблемы. Людзі адпрацоўваюць належны тэрмін, а застаюцца — нямногія...

Ірына ДАЎГАЛА, Гомельшчына:

— Асноўная задача, пастаўленая Прэзідэнтам нашай краіны, — выкананне прагнозных паказчыкаў, актывізацыя пазабюджэтнай дзейнасці, пошук новых форм работы, якія прыносілі б матэрыяльныя дывідэнды. Дарэчы, гэтая задача датычыцца не толькі сферы культуры. Зразумела, што дадзены эканамічны складнік адыгрывае яшчэ і палітычную ролю. Другое: захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.

Трэці ж кірунак дзейнасці звязаны з тым, што 2014-ы абвешчаны Годам гасціннасці. Мы павінны ствараць станоўчы імідж краіны, каб яна была прывабнай для наведвання гасцямі...

Павел СКРАБКО, Гродзеншчына:

— У мінулым нумары “К” я распавядаў аб праблемах, якія варта неадкладна вырашаць у абласным цэнтры. Таму спынюся на пытаннях, што хвалююць нашых раённых работнікаў культуры. Да прыкладу, тэатральны будынак у Слоніме практычна гатовы. Засталося ўстанавіць сцэнічнае абсталяванне… Лічу, што ў нашых раёнах першачарговую ўвагу цяпер неабходна надаваць росту заработнай платы за кошт больш эфектыўнай пазабюджэтнай дзейнасці...

Анатоль СІНКАВЕЦ, Магілёўшчына:

— Глабальная праблема ў тым, што Міністэрства культуры давяло нам аптымізаваць 20 працэнтаў работнікаў культуры. А я лічу, што гэты паказчык павінен вызначаць рэгіёны, старшыні аблвыканкамаў. У такім выпадку аптымізацыя будзе “здаровай”. У нас у вобласці — адпрацаваная сістэма, узгодненая з усімі зацікаўленымі прадстаўнікамі раёнаў. Чаму мы не можам яе выкарыстаць на карысць Магілёўшчыны, чаму не слухаюць рэгіёны?

Другая праблема звязана з фінансавым забеспячэннем. Сёння прыбіраюцца цэнтралізаваныя бухгалтэрыі. А схема для эксперыменту на Магілёўшчыне ў свой час была прапанавана на калегіі абласнога ўпраўлення культуры, пасяджэнне якой ладзілася сумесна з Камітэтам дзяржкантролю (прысутнічаў Аляксандр Серафімавіч Якабсон): у раёне павінна быць адна юрыдычная асоба. А сітуацыя на сёння такая: да прыкладу, на Краснапольшчыне — 15 тысяч жыхароў, а клубная сістэма, ЦБС, музычныя школы, музей — юрыдычныя асобы. Пра якую аптымізацыю тут можна весці гаворку? Пытанне так і не было прапрацавана на рэспубліканскім узроўні. Між тым, прыбіраюцца не толькі бухгалтэрыі, але і гаспадарчыя групы.

Наступная праблема датычыцца службовага жылля, якое плануецца перавесці ў арэнднае. Атрымліваецца, пасля заканчэння перыяду прыватызацыі ў 2016 годзе мы выкідаем заслужаных і ўсяляк узнагароджаных дзеячаў культуры і мастацтва з невялікімі заробкамі на вуліцу. Няўжо яны сваёй самаахвярнай працай не заслужылі льгот? Да мяне на прыём прыйшло паўсотні такіх чалавек...

Мы павінны захаваць галіну культуры, той лад жыцця, які ствараўся дзесяцігоддзямі. Вельмі проста ўсё знішчыць. І Прэзідэнт краіны пад час нядаўняй сустрэчы з інтэлігенцыяй засяроджваў увагу на тым, што падыход да творчых людзей павінен быць асаблівым…

І яшчэ. Дзяржпраграма “Культура Беларусі” не павінна быць скасавана. У адваротным выпадку, рэгіёны, якім і без таго няпроста, не здолеюць апраўдаць давер насельніцтва...

Руслан ТРУХАН, Міншчына:

— Па Мінскай вобласці сярэдні месячны заробак работнікаў культуры складае каля трох з паловай мільёнаў рублёў, у музейшчыкаў — два мільёны дзвесце тысяч. Дык чаго мы жадаем дасягнуць пры такім ўзроўні аплаты працы?! Людзі сёння працуюць, па сутнасці, за ідэю…

Зазначу і пра аптымізацыю. 20-працэнтнае скарачэнне сістэму разбурыць. Калі ж мы сапраўды хочам яе аптымізаваць, дык, як мы пралічылі, хопіць 5-6 працэнтаў...

Сяргей ХІЛЬМАН, Мінск:

— У краіне прайшла рэарганізацыя дзяржапарата. У нашым сённяшнім галоўным упраўленні адбылося не скарачэнне, а аб’яднанне самых розных структур. Цяпер гэта — адзіны механізм, кансалідаваны арганізм. І мы павінны выкарыстаць яго творчыя ды арганізацыйныя магчымасці для таго, каб сталіца годна адзначыла 70-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ушанавала ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх ужо мала. Гэта для нас самая важная ідэалагічная, палітычная задача. Тое ж тычыцца і даты вызвалення Мінска, што стала галоўным дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці Беларусі. А ў наступным годзе апагеем сёлетніх знакавых падзей стане 70-годдзе Вялікай Перамогі. Больш важных задач у горада проста няма...

Аляксандр ЦЫРАЛЬЧУК, Брэстчына, адмовіўся даваць адказ, бо інтэрв’ю незнаёмым па тэлефоне не дае прынцыпова: “Прыязджайце”, — сказаў ён. Цяжка пакінуць такую пазіцыю галоўнага абласнога ідэолага без каментарыя. Напрыканцы 2013 года наш карэспандэнт Алег Клімаў наведваў Брэст і браў інтэрв’ю ў спадара Цыральчука, якое было пасля візавання апублікавана. Значыць, наша газета для Аляксандра Аляксандравіча — прынамсі, знаёмая. Знаёмай павінна быць і з той нагоды, што напрыканцы 2012-га “К” ладзіла выязную рэдакцыю ў Брэсцкай вобласці, сустракалася ці не ўсім рэдакцыйным складам са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Сумарам, ягоным намеснікам Леанідам Цупрыкам, з кіраўніцтвам тагачаснага абласнога ўпраўлення культуры, працавала некалькі дзён у раёнах Брэстчыны (Аляксандр Аляксандравіч на той момант працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама). Няўжо гэтая падзея і спецвыпуск газеты з яе нагоды ўсяго год таму не дадалі аўтарытэту выданню? Ці па кожны каментарый або адказ на “гарачае” пытанне журналістам, што не ведаюць таго ці іншага візаві асабіста, неабходна адпраўляцца ў камандзіроўку? Хоць пэўная логіка ў гэтым ёсць: Год беражлівасці скончыўся, Год гасціннасці распачаўся... А ўрэшце, адну справу робім, ці не так? Прынамсі, наша меркаванне такое.

Такая палітыка начальнікаў упраўленняў ідэалогіі і культуры. Мы ж, журналісты, заўжды атаясамлівалі нацыянальную ідэалогію з нацыянальнай культурай (у тым ліку і з нашай “Культурай”). І заўжды знаходзілі аднадумцаў сярод работнікаў культуры рэспублікі. У гэта і верым.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"