Ab Ovo…

№ 6 (1132) 08.02.2014 - 14.02.2014 г

Неяк прыгадалася ў Год гасціннасці… Калісьці цудоўны паэт Віця Стрыжак распавядаў у ахвотку, як у яго роднай Заспе гаспадары спрадвек сустракаюць гасцей: “З прыязнай усмешкай і сырым яйкам!” Тое яйка абавязкова трэба выпіць прама на ганку. Для замацавання, так бы мовіць, сяброўства на вякі… Адкуль хітрыя заспянцы даведаліся, што ўсё ў гэтым свеце пачынаецца ад яйка, а сканчваецца яблыкам, усё часцей цяпер — польскім ці малдаўскім? Між тым, рэчыцкія сады непадалёк ад Віцевай магілы квітнеюць увесну з шалёнай сілай… Пад час хакейнага чэмпіянату Мінск наведаюць тысячы гасцей. Ці хопіць на ўсіх такіх умоўных яек? Усмешак пры належным папярэднім трэнажы павінна хапіць.

/i/content/pi/cult/466/9863/4-1.jpgГасціннасць — з’ява зменлівая. Яна, як капрызлівая маладзіца: вось нібыта ёсць, а вось і следу ўжо не заўважыш. У алімпійскай Маскве 1980-га мяне ўразілі міліцыянеры, далікатныя і вытанчаныя, як лорды, і з гэткім жа цудоўным веданнем англійскай мовы. Не менш уразіла і афіцыянтка ў адной з кавяранек непадалёк ад Крамля. З замежнымі кліентамі абыходзілася так, што хоць ты яе да раны прыкладай, а нас, савецкіх, і за людзей не лічыла. Што зробіш, ненавязлівы “буфетны” сэрвіс застойнай эпохі. Але менавіта тады зразумеў выключную важнасць ведання замежных моў.

Зразумела, у маі мы — гаспадары Чэмпіянату свету. І гасціннасць для нас, лічы, — праява, узведзеная ў ранг дзяржаўнага абавязку. Цалкам пагаджаюся! У тым ліку і з тым, што Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні сёлета Года гасціннасці. План, дарэчы, вельмі ёмісты. Гаворка — пра бязвізавы ўезд замежных балельшчыкаў, што набылі білеты на хакейныя матчы; пра падрыхтоўку сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры сталіцы і арганізацыю гандлёвага абслугоўвання ды харчавання з меню на замежных мовах. Для гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату запланаваны, безумоўна, культурна-масавыя мерапрыемствы, работа зон гасціннасці. Будзе павышана кваліфікацыя работнікаў гасцініц, грамадскага харчавання, туріндустрыі, а таксама — наладжана “арганізацыя вывучэння дзецьмі і навучэнцкай моладдзю пытанняў гасціннасці, дзіцячага турызму і краязнаўства”. На развіццё турызму маюць працаваць “Славянскі базар у Віцебску”, Купальскі фэст у Александрыі, “Дажынкі-2014”, Дзень беларускага пісьменства, іншыя знакавыя мерапрыемствы…

Цікавых праектаў у праграме сапраўды шмат. Але я зараз крыху не пра тое. Мы гасцінная нацыя? Безумоўна! Згадайма апавяданне Змітрака Бядулі “Пяць лыжак заціркі”, дзе да не вельмі заможнай сям’і пад абедзенны час завітаў нечаканы госць. Менавіта яму ўся тая зацірка і дасталася. Мы — выключна гасцінныя ў дачыненні да гасцей. А ў дачыненні да сябе саміх? Успомніце нашы крамы, гасцініцы, паліклінікі, іншыя “присутственные” месцы. Калі апошні раз вас віталі тут прыязнай усмешкай, добрым словам, шчырым позіркам? Не памятаеце? І я — пра тое ж. Што і казаць, для таго, каб адчуць скрушную адзіноту, дастаткова праехацца “пікавым” часам у нашым перапоўненым грамадскім транспарце. Спрэс пахмурныя твары, бязлітасныя сваркі і жорсткае супрацьстаянне індывідыуума і натоўпу. Што з намі здарылася? А ўсё проста: ідучы ў госці мы не п’ём на ганку сырое яйка. А спробы стварэння нязмушанай усмешкі за кошт работы ненакачаных мышцаў твару прыводзяць да нечаканага пераўтварэння яго ў падабенства ці не звярынай пашчы…

Старажытныя рымляне пачыналі абед з яйка, а заканчвалі яблыкам. Ад яйка да яблыка — час (чытай: жыццё) ад пачатку яго і да канца. Дык вось, дасціпныя грэкі любілі жыццё, і нават лёгкае віно разбаўлялі вадой, каб з-за ап’янення не прапусціць яркіх жыццёвых уражанняў. Давайце і мы пачнём з яйка. І ўрэшце разбавім віно вадой. А потым неадкладна вырашым "апрануць" радасныя твары, і ўрэшце ўсвядомім простую, як хлеб, выснову: “У Год гасціннасці будзем гасціннымі ўдвая, у тым ліку да саміх сябе”.

А пакуль па начах мне сніцца Заспа.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"