Брама ў шлюб

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Каля РДК — стол, прыгожа аздоблены ў народных традыцыях, дзяўчаты ў валёнках, традыцыйных кажушках, яркіх хустках, якія бачны здалёк, спявалі народныя песні пад акампанемент разлівістых гармонікаў, шамаценне бубнаў і бразготак. А сабраліся яны на гэтай дарозе, непадалёк ад ЗАГСа, нездарма, бо сустракалі “Вясельны поезд”, які рухаўся да “Вясельнай брамы” пасля рэгістрацыі шлюбу.

/i/content/pi/cult/465/9858/10-4.jpg

Ідэя арганізаваць “Вясельную браму” належыць Раённаму арганізацыйна-метадычнаму цэнтру. Спецыялісты вырашылі ўнесці часцінку мясцовай традыцыі ў развіццё і пашырэнне вясельнага абраду на Верхнядзвіншчыне. Калектыў бярэ ўдзел у фальклорных экспедыцыях. “Вясельная брама” грунтуецца на мясцовых спевах і музыцы. Напрыклад, “Вясельны марш”, полька “Матыся”, народны найгрыш “Куртутэцы”, якія запісаны ў вёсцы Муквяціца Верхнядзвінскага раёна ад Купрыяна Марынскага...

А вось і вясельны картэж. Паважна выйшлі з “вазочкаў” “госцейкі, ды ўсе няпростыя”, з патрабаваннямі праспяваць і станцаваць, бо толькі тады выйдуць маладыя да музыкаў і спевакоў. Але пасля “Вясельнага маршу”, які прагучаў у выкананні народнага ансамбля “Верхнядзвінскія музыкі”, і пад дружны акампанемент вакальнай групы народнага калектыву “Ярыца” маладыя падышлі да артыстаў за цёплымі і шчырымі пажаданнямі.

Пасля вяселле пачула аўтэнтычны акапэльны спеў — вясельную песню “Зялёная вішня” ў выкананні “Ярыцы”. Шчодрым “выкупам” сват адарыў удзельнікаў гэтай пачэснай справы. Пад дружны акампанемент вясёлых, заліхвацкіх полек адкрылася дарога “Вясельнаму поезду”, які праехаў праз “Вясельную браму”!

Мая РУБЕЛЬ, метадыст Верхнядзвінскага РАМЦ па этнаграфіі і фальклоры

На здымку: пад час абрадавай дзеі.