Пояс замест фрагментаў

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Перлінай Слуцкага краязнаўчага музея стаў слуцкі пояс, набыты ў мінскага калекцыянера. Ягоны кошт — каля 90 тысяч долараў. Грошы збіралі талакою, усім горадам і раёнам, паўтара года. Далучыліся да высакароднай справы і мецэнаты з іншых гарадоў Беларусі. Частка грошай на пояс выдаткавалі са сваіх заробкаў работнікі бюджэтнай сферы. У тым ліку — і супрацоўнікі культурных устаноў.

/i/content/pi/cult/465/9855/22-11.jpg

Барыс Лазука, дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, назваў гэтую падзею аднаўленнем гістарычнай справядлівасці.

— Нарэшце стала магчымым пабачыць славуты пояс на ягонай радзіме — у горадзе, дзе яго выткалі. Раней дзеля гэтага трэба было ехаць у сталіцу ці за мяжу… Вяртанне слуцкага пояса ў Слуцк — падзея нацыянальнага маштабу. Як надалей шукаць падобныя скарбы? Пільна сачыць за рынкам антыкварыяту! Сёння прыватныя зборы, бадай, адзіная крыніца, з якой могуць папоўніцца гістарычнымі артэфактамі дзяржаўныя зборы. І, на маю думку, у гэтай справе большую ролю мусяць адыгрываць навукоўцы — як кансультанты і эксперты, як рупліўцы дзяржаўных інтарэсаў. Наступным крокам пасля набыцця слуцкага пояса для Слуцка я бачу вяртанне на радзіму налібоцка-ўрэцкага шкла. Лепшыя ўзоры гэтай мастацкай з’явы можна пабачыць у Варшаве, Кракаве, Вільнюсе, у той час як у айчынных зборах яна прадстаўлена вельмі сціпла.

— У случчан цяпер ёсць яшчэ адна падстава ганарыцца горадам, — гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Алена Камоцкая. А дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея Наталля Серык удакладняе:

— Бадай, кожны турыст, які наведвае Слуцк, хоць нешта ведае пра славуты пояс. Таму музейным работнікам часта даводзіцца чуць пытанне: ці ёсць такі пояс у нашым горадзе, у нашым музеі? А ў нас, на жаль, — толькі фрагмент. Цяпер пояс ужо экспануецца ў музеі. Ён  — у спецыяльнай вітрыне, а побач з вітрынай — кніга, дзе згаданы імёны ўсіх, хто парупіўся, каб горад меў каштоўнасць, а таксама фотапаказ. Можна сказаць, што атрымалася тэматычная выстаўка. Калі прыйдзе час і з’явіцца магчымасць рабіць новую экспазіцыю, падумаем, якімі сродкамі падкрэсліць гістарычную і культурную значнасць гэтага артэфакта. Дарэчы, вопыт экспанавання слуцкіх паясоў у нашым музеі мы ўжо маем. Калі музей адкрываўся, у ім на працягу двух гадоў экспанаваўся пояс з расійскіх збораў, другім разам пояс з Расіі гасцяваў у нас пятнаццаць гадоў. Двойчы ў Слуцку былі паясы з Мінска. І, нарэшце, маем свой!

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"