“Часовы” помнік з пластмасы

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Ад скульптара, які рыхтуе сваю персанальную выстаўку, я пачуў, што частку работ для экспазіцыі ён збіраецца адліць у пластмасе, бо на бронзу і сілумін грошай не стае. На маё здзіўленне з прычыны скарыстання такога “немастацкага” матэрыялу візаві патлумачыў: зараз гэта звычайная практыка. Такая скульптура і больш трывалая, і лягчэйшая за гіпсавую. Яе прасцей перавозіць і перасоўваць. Да таго ж, у пластмасе можна зымітаваць і метал, і дрэва.

/i/content/pi/cult/465/9854/13-4.jpg

/i/content/pi/cult/465/9854/13-5.jpg

/i/content/pi/cult/465/9854/13-6.jpg

Набраўшы ў Інтэрнэце запыт “Скульптуры з пластмасы”, я пераканаўся, што матэрыял, які звыкла лічыцца зручным для “шырспажыву”, пасуе і мастацкай пластыцы, прычым як станковых, так і манументальных памераў. У Савецкім Саюзе яшчэ у 1950-х рабілі з пластмасы элементы архітэктурнай аздобы і дэкаратыўна-манументальныя скульптуры. Восем скульптур з пластмасы вышынёй у 2,5 метра і вагой 100 кілаграмаў упрыгожвалі павільён Украінскай ССР на ВДНГ СССР, трохфігурная кампазіцыя вышынёй у 4 метры і агульнай вагой 750 кілаграмаў — Палац культуры Кахоўскай ГЭС. У гэтым жа матэрыяле выкананы франтоны двух адзінаццаціпавярховых гмахаў на кіеўскім Крашчаціку.

Абстрактную альбо рэалістычную скульптуру з пластмасы можна сёння сустрэць у шмат якіх гарадах свету. З яе, у прыватнасці, робяць “часовыя”помнікі. Падобныя манументы ладзяць, каб высветліць стаўленне да іх грамады. І калі яно станоўчае — помнік робяць у “вечным” матэрыяле. Такую практыку, можа, варта пераняць і нам. У мясцовых бюджэтах не заўжды ёсць грошы на “манументальную прапаганду”. Часовы помнік з пластмасы можа быць у такіх выпадках выйсцем. І як сведчыць замежны досвед, скажам японскі, з пластмасы можна рабіць не толькі навесы ад дажджу і снегу на прыпынках транспарту, але і мастацкія элементы гарадскога асяроддзя.

На здымках: пластыкавая скульптура Саяка Каяка Ганц (Японія), работа з пластыку Тоні Крэга (Вялікабрытанія); скульптура на ўзбярэжжы Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія).

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"