Веды — у рукі. Ці ў галаву?

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Якая яна, музычная адукацыя за акіянам?
Восем гадоў таму беларускі гітарыст Віталь ТКАЧЭНКА, не скончыўшы айчынную прыватную ВНУ, рушыў у ЗША. Бо вырашыў навучацца джазу на яго радзіме. Зараз ён выкладае ў Інстытуце музыкі і медыя ў Атланце — тым самым, які скончыў. Выдаў некалькі кніг па ігры на гітары, безліч метадычных дапаможнікаў — друкаваных, аўдыя- і відэа-, уласны магнітаальбом. З’яўляецца музыкантам — прадстаўніком фірмы, якая займаецца вырабам гітар, музычнага абсталявання і выпусціла імянную ткачэнкаўскую мадэль гітары. Выправіўшыся ў Маскву, ладзіць прэзентацыі вырабаў кампаніі, завітаў у родны Мінск, дзе правёў цыкл майстар-класаў. “К” цікава было даведацца, чым адрозніваецца музычнае і, шырэй, мастацкае навучанне за акіянам.

/i/content/pi/cult/465/9853/13-1.jpg

— Галоўнае адрозненне, на мой погляд, — распавёў Віталь, — у тым, што ў Амерыцы куды больш увагі надаецца практыцы. І, галоўнае, імправізацыі, без якой джазавае мастацтва ўявіць немагчыма. Што ж да тэорыі, дык яна трансфармавана ў веды хуткага выкарыстання. Там не ўзнікае пытанняў, якія, здараецца, задаюць нашы студэнты: маўляў, навошта мне тое ці гэта? Бо ўсё вывучанае адразу прымяняецца на практыцы, дый самі веды часта набываюцца шляхам непасрэдна практычнага, а не тэарэтычнага засваення. Для тых жа музыкантаў-інструменталістаў гэта значыць, што веды, калі можна так сказаць, набываюцца найперш праз рукі, праз пальцы, а не праз галаву. Можна запярэчыць, што такая сістэма не дае грунтоўнага, глыбіннага спазнання, затое ў ёй хутчэй бачны вынік.

Прывяду прыклад, які адразу ўсё растлумачыць. Нашы музыканты-інструменталісты звычайна вучаць новую праграму вельмі дэтальна, да дробязей шліфуюць яе, каб дасягнуць ідэальнага гучання. А там на кожны тыдзень прыпадае па пяць новых кампазіцый. Тры з іх трэба вывучыць, яшчэ дзве — чытаць з ліста без папярэдняй падрыхтоўкі. У нас выкладаюць гітару, бас-гітару, ударныя, клавішныя. Але так званы “клас-перформанс”, на які збіраюцца каля трыццаці студэнтаў, праводзіцца не па асобных інструментах, а па розных напрамках: поп-стылі, рок, блюз і джаз. Дадамо, што слова “перформанс” не звязана з авангардам і азначае не форму сучаснага мастацтва, а штосьці накшталт “канцэртнага дзеяння”. Цягам тыдня студэнты пералічаных спецыяльнасцей вучаць зададзеныя ім кампазіцыі. На занятку выкладчык выклікае іх у адвольным парадку, стварае імправізаваныя ансамблі — і тыя выконваюць падрыхтаваныя творы. На адзнаку. Кожнаму даецца па дзве спробы, з дзвюх атрыманых адзнак залічваецца лепшая. За наступны тыдзень трэба падрыхтаваць новую праграму — і гэтак жа яе выканаць.

Ёсць таксама “студыя-перформанс” і “лайф-саўнд-перформанс”. На гэтых занятках студэнты не ведаюць, што будуць выконваць. Педагог гэтак жа стварае ансамблі, прапануе ім творы — і музыканты разам іграюць іх “з ліста”. Гэтак жа, знянацку, яны павінны выконваць у гэтых кампазіцыях імправізацыі — у месцах, пазначаных у нотах. Розніца паміж формамі “студыя” і “лайф-саўнд” хіба ў тым, што ў першым выпадку выступленне адбываецца ў студыі і запісваецца на стужку, але без апрацоўкі гуку, каб студэнты маглі паслухаць сябе “з боку”, прааналізаваць свае памылкі. Усё гэта — падрыхтоўка да іх далейшай творчай дзейнасці, калі ім давядзецца ездзіць з гастрольнымі турамі, іграць у самых розных калектывах, праводзіць джэм-сэйшн — “размаўляць” на мове джаза без папярэдніх рэпетыцый са сваімі калегамі. Нават гадзіны, калі праводзяцца заняткі, максімальна набліжаны да рэальнага часу сутак, найбольш запатрабаванага ў канцэртнай практыцы: з 18-ці да апоўначы. Дадатковыя ж заняткі і індывідуальныя — ад 15-й гадзіны.

— Калі ласка, раскажыце больш падрабязна пра індывідуальныя заняткі па спецыяльнасці, дзе студэнт удасканальвае валоданне сваім інструментам. У нас такой форме, у адрозненне ад ансамбля і аркестра, надаецца асаблівая ўвага. Абсалютна для ўсіх музыкантаў на першым месцы стаіць менавіта сольнае выкананне — два разы на тыдзень па гадзіне.

— У Інстытуце Атланты такой формы папросту няма. Нават само словазлучэнне “індывідуальны ўрок” мае іншае значэнне. Гэта тыя 30 хвілін, прычым раз на два тыдні, калі студэнт прыходзіць да выкладчыка са сваімі пытаннямі, каб атрымаць на іх адказ. Хтосьці ўвогуле гэтую магчымасць амаль не скарыстоўвае, бо пасля кожнага групавога занятку можна застацца і высветліць усё, што было незразумела. Але індывідуальны падыход усё роўна застаецца. Ён выяўляецца і ў тым, як педагог складае ансамблі, і ў тым, каму якую кампазіцыю прапаноўвае для чыткі з ліста. Дый хатнія заданні па сальфеджыа (у Амерыцы гэта дысцыпліна называецца ear training — “трэніроўка вуха”) строга індывідуальныя. У якасці метадычнага дапаможніка ўсе атрымліваюць CD, дзе змешчаны аўдыязапіс прыблізна 200 дыктантаў. Студэнт “расшыфроўвае” тыя з іх, якія загадаў выкладчык. Спісаць папросту немагчыма, бо ў кожнага атрымліваюцца свае нумары.

— Самастойныя заняткі — адзін з важных складнікаў у любым навучанні. Але нашы студэнты з піетэтам ставяцца пераважна да заняткаў на сваім інструменце, бо добра разумеюць: гэта — іх спецыяльнасць.

— У Амерыцы, каб атрымаць дыплом, мала здаць іспыты, трэба яшчэ набраць пэўную колькасць лабараторных гадзін — больш як па 70 на тыдзень, уключаючы заняткі з выкладчыкам. Гэта форма таксама кантралюецца. Калі студэнт займаецца за камп’ютарам і выконвае заданні, змешчаныя на сайце інстытута, гэты час адбіваецца на яго электроннай картцы. Гэтак жа ўлічваецца час, праведзены ў сценах установы. Але гэта форма ўліку — адна з самых недасканалых і, на сённяшні дзень, дастаткова фармальная. Бо фіксуецца толькі тое, што студэнт увайшоў у будынак ці адкрыў сайт інстытута. А ён можа там у бары праседжваць, бавіць час у камп’ютарных гульнях: як гэта пракантраляваць? На сайце, праўда, праз 30 хвілін паўзы, калі студэнт проста адкрыў яго і нічога там не робіць, падлік часу адключаецца. Але гэта азначае хіба тое, што трэба не забывацца кожныя паўгадзіны вяртацца на сайт і... можна зноў пераключацца на што заўгодна.

— Застаецца спадзявацца на сумленне. Яно, паводле прыказкі, і ёсць лепшы кантралёр. Хаця ў некаторых, можа, і паснула. Усё залежыць ад таго, хоча чалавек навучыцца ці не.

— Але стымулы ўводзяцца. Той, хто набірае большую колькасць тых жа лабараторных гадзін, атрымлівае прыз. Гэта можа быць узмацняльнік гуку, камп’ютар, нават гітара — штосьці папраўдзе каштоўнае, прыдатнае для далейшай творчай дзейнасці. Таму спаборнічаюць студэнты вельмі ахвотна, цікавяцца адно ў аднаго, хто колькі гадзін набраў, каб арыентавацца на асноўных канкурэнтаў. Калі я вучыўся, такіх прызоў, на жаль, не давалі.

— Упэўнена, вы былі б асноўным прэтэндэнтам! Дарэчы, цікава было б параўнаць нашу і амерыканскую сістэмы музычнага навучання не толькі са студэнцкага боку, як мы зрабілі гэта зараз, але і з выкладчыцкага. Колькасць разнастайных справаздачных папер, накіраваных на кантроль узроўню навучання, апошнім часам рэзка павялічылася. А як у Амерыцы?..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Пра гэта і многае іншае адносна музычнай адукацыі ў ЗША — у наступных нумарах “К”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"