Рэнтабельнасць гасціннасці

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Сяргей АРТАМОНАЎ, Шклоўскі райвыканкам:
Калі пералічыць усе раённыя, абласныя і рэспубліканскія творчыя мерапрыемствы, што былі праведзены ў Шклоўскім раёне цягам мінулага года, памераў гэтай газетнай калонкі наўрад ці хопіць. А ўдзел у конкурсах, што ладзіліся за межамі раёна? Адзін толькі ансамбль песні і музыкі «Бліскавіца» сабраў летась неблагі «ўраджай» лаўрэацкіх дыпломаў… Таму гаворка тут пойдзе не толькі пра фестывалі і конкурсы…

/i/content/pi/cult/465/9852/12-2.jpg— Культура Шклоўшчыны прадстаўлена на сёння 69 установамі: ЦКС, ЦБС, раённы гісторыка-краязнаўчы музей з філіяламі, аўтаклуб, бібліобус, кінаперасоўка. На балансе аддзела — Парк культуры і адпачынку з атракцыёнамі, ДШМ з васьмю філіяламі ў аграгарадках. Семдзесят працэнтаў насельніцтва раёна мае магчымасць карыстацца філарманічнымі і тэатральнымі пляцоўкамі.

Творчае сельскае жыццё кіпіць вакол трынаццаці аграгарадкоў. Іх спадарожнікамі з’яўляюцца астатнія населеныя пункты раёна. Натуральна, сярод іх шмат маланаселеных і аддаленых вёсак, якія не магла не закрануць леташняя аптымізацыя. Працэс гэты, на маю думку, хоць і далікатны, але непазбежны. Ну не можа на сёння ў кожнай вёсцы раёна дзейнічаць клуб ці бібліятэка. Аптымізацыю працягваем. Таму роля нашых мабільных устаноў культуры — адна з вядучых у справе развіцця сельскіх тэрыторый.

Так, было шмат фестываляў і конкурсаў, актыўны ўдзел у іх — доказ дзеяздольнасці нашага аддзела. Але больш падрабязна хацелася б распавесці пра нашу перспектыўную дзейнасць па рэалізацыі самых розных доўгатэрміновых праектаў. У ваколіцах Шклова, як вядома, вядуцца археалагічныя раскопкі. «К» пастаянна піша пра шматлікія ўнікальныя знаходкі XIV — XVI стагоддзяў у нашым краі. Таму ў будучыні на месцах колішніх гарадзішчаў плануем адкрыць музей пад адкрытым небам.

Сёлетні год — Год гасціннасці. Шчыра кажучы, яшчэ летась зрабілі ў гэтым кірунку пэўныя крокі, якія, па маім перакананні, павінны абярнуцца неблагімі матэрыяльнымі дывідэндамі. Што маю на ўвазе? Магчымасць дэманстрацыі турыстычнай прыцягальнасці нашага непаўторнага краю. Распрацавалі новыя віды паслуг. Такім чынам, яшчэ з 23 снежня пачаў дзейнічаць турысцка-экскурсійны праект «Казкі Лысай гары». На месцы помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Ніжненскі роў» пры непасрэдным удзеле нашага аддзела створаны адпаведны комплекс: рэтра-дамок, хатка Гурка, этна-збудаванне з калекцыяй сялянскіх побытавых рэчаў Падняпроўя, сувенірная крама (своеасаблівы філіял той, што працуе ў райцэнтры), а таксама — гасцявыя памяшканні, лазня на беразе Дняпра, кавярня… Дык вось, з 23 снежня па 15 студзеня комплекс наведала 620 чалавек. Мы зарабілі больш за 43 мільёны рублёў. Натуральна, аддзел мяркуе і надалей пашыраць магчымасці комплексу.

Павялічылі колькасць маршрутаў і зразумелі, што павялічваць неабходна і колькасць якаснай сувенірнай прадукцыі. Дзеля гэтага цяпер працуюць Дом народнай творчасці ў аграгарадку «Дабрэйка», раённы Дом рамёстваў, шматлікія аматарскія аб’яднанні. Так, мы перад усімі ўстановамі культуры паставілі задачу: арганізаваць рэгулярныя выстаўкі-продажы сувенірнай прадукцыі. Таму раз у месяц ладзім майстар-класы па яе вырабе для сельскіх работнікаў культуры. Думаю, што і тут не застанемся без пэўнага грашовага прыбытку.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"