Праект часу аптымізацыі

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Змены ў сацыяльна-эканамічным жыцці патрабуюць новых падыходаў да фарміравання ўзаемасувязей паміж бібліятэкамі і, у першую чаргу, інстытутамі ўлады. Необходна, каб мясцовая ўлада пры аптымізацыі і рэарганізацыі бібліятэчнай сеткі прымала канструктыўныя рашэнні, улічваючы асаблівасці мясцовасці і некамерцыйную прыроду бібліятэчнай дзейнасці.

/i/content/pi/cult/465/9851/12-1.jpg

Так, пазалетась у Гродзенскай вобласці было закрыта 58 бібліятэк. У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў і рашэннем Гродзенскага аблвыканкама ў вобласці праводзіўся эксперымент па стварэнні інтэграваных бібліятэк. Былі аб’яднаны 33, з іх на базе ўстаноў адукацыі — 26, на базе публічных бібліятэк — 7. Працэс аптымізацыі працягваўся і летась: закрыта 31 установа. Ёсць пэўныя планы і на бягучы год. У асноўным рэарганізуюцца і аптымізуюцца бібліятэкі ў сельскай мясцовасці. Каб гэты працэс прайшоў для бібліятэчных работнікаў і вяскоўцаў нехваравіта, адміністрацыя Навагрудскай ЦБС вырашыла актывізаваць працу сельскіх бібліятэкараў і старшынь сельвыканкамаў: яшчэ раз паказаць, чым жыве ўстанова, як працуе, што новага з’явілася тут у час інфармацыйных тэхналогій.

Першыя крокі

Звярнуўшыся да старшыні Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў з такой прапановай, мы атрымалі згоду на правядзенне шэрагу сумесных мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі, абмену вопытам і рабоце з мясцовым соцыумам. Так нарадзіўся праект “Дыялогі з уладай. Грамадства. Улада. Кніга. Бібліятэка”. Для сустрэч былі вызначаны 4 бібліятэкі, 3 з іх — аграгарадоцкія. Першая сустрэча адбылася ў Навагрудскай ЦРБ летась 1 лютага і мела назву “У фармаце ўзаемных інтарэсаў”. Яе госці пазнаёміліся з сацыяльна-значнай літаратурай, атрымалі інфармацыю па базах даных... У выніку быў распрацаваны пратакол-даручэнне, дзе пастаўлены задачы па зборы інфармацыі і напісанні гісторыі вёсак, абнаўленні ці складанні электронных прэзентацый па дзейнасці сельскага савета, выступленні бібліятэчных работнікаў на сесіях з аглядамі літаратуры, інфармхвілінкамі, кніжнымі дайджэстамі.

Многія кіраўнікі пагадзіліся, што работнікі культуры на вёсцы — найпершыя памочнікі сельвыканкама, а бібліятэка, мабыць, адзіная ўстанова, дзе акумулююцца шматлікія інфармацыйныя рэсурсы. І сапраўды, на адну бібліятэку аграгарадка ў Навагрудскай ЦБС выпісваецца 34 часопісы і 14 газет, на сельскую бібліятэку — 26 часопісаў і 12 газет. Кожная ўстанова аграгарадка аўтаматызавана і інфарматызавана. 6 сельскіх таксама маюць камп’ютар, доступ да Інтэрнэту, электроннага каталога ЦРБ.

Старшыні сельсаветаў у курсе такой бібліятэчнай паслугі, як індывідуальнае інфармаванне, яны раз у месяц атрымліваюць спісы літаратуры па заяўленай тэме. Але ў працэсе работы бібліятэкарам было прапанавана рабіць больш поўныя анатацыі, здымаць ксеракопіі артыкулаў, рэкламаваць першакрыніцы.

Без гальштука

Усялюбская сельская бібліятэка — цэнтр сацыяльна значнай інфармацыі. Бібліятэка працуе па доўгатэрміновай праграме "Соцыум". Тут быў мадэрнізаваны стэлаж, дзе размяшчаюцца папкі-дасье з інфармацыяй па сацыяльным развіцці сельсавета, рашэнні сельвыканкама і Савета дэпутатаў у той ці іншай галіне. Карыстаецца ўвагай і інфармацыя аб рабоце Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання, раённай гімназіі. Тут прапісаны напрамкі работы гэтых устаноў, структура, дзейнасць і кантакты. Найбольш запатрабавана картатэка “Карысная інфармацыя для Вас” для тых, хто цікавіцца здаровым ладам жыцця, псіхалагічнымі трэнінгамі, парадамі аб выхаванні дзяцей. А з прэс-рэліза “Будзь у курсе” бацькі і дзеці даведваюцца, дзе можна атрымаць паглыбленую адукацыю.

Да паслуг чытачоў анонсавая інфармацыя. Усялюбская бібліятэка пачала практыкаваць дні пытанняў і адказаў. Вось, напрыклад, запрасіла пенсіянераў аграгарадка на прававы лікбез "Кропка адліку — сацыяльная абарона". Начальнік і спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама адказвалі на пытанні людзей аб адраснай дапамозе, павышэннях пенсіі, працы сацыяльных работнікаў, паслугах Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва.

Мы прапанавалі нашым работнікам запрашаць кіраўніка для гутарак з насельніцтвам менавіта ў бібліятэку. І на першую сустрэчу ў такім фармаце запрасіла менавіта Усялюбская СБ. Школьнікаў 11 класа цікавіла перспектыва развіцця аграгарадка. Задаваліся і побытавыя пытанні. Моладзь даведалася: калі скончыцца газіфікацыя вёскі, пра начное асвятленне вуліц, даўгабуды, бліжэйшыя аграсядзібы і прыродаахоўныя тэрыторыі. Падобныя сустрэчы зладзілі яшчэ чатыры бібліятэкі аграгарадкоў.

І спонсары знайшліся

Аграгарадок “Валеўка” даволі бойкае месца, знаходзіцца ля авеянага легендамі возера Свіцязь, ля мясцін, звязаных з лёсам і паэтычнай спадчынай Адама Міцкевіча. Можа, таму валеўскія бібліятэкары і абралі галоўным ў сваёй рабоце мастацка-тэатральны накірунак. Вось ўжо некалькі гадоў пры бібліятэцы працуе тэатральны клуб “Маладзік”, удзельнікамі якога з’яўляюцца людзі сярэдняга ўзросту, бойкія кабеты і рухавыя хлопцы.

Ладзеніцкая сельская бібліятэка пайшла іншым шляхам. Каб аб’яднаць аднавяскоўцаў, бібліятэкар ініцыявала конкурс “Дары восені”. Адміністрацыя Навагрудскай ЦБС і Ладзеніцкі сельскі Савет падтрымалі ідэю конкурсу. Было распрацавана Палажэнне, вызначаны намінацыі. Спонсарамі сталі мясцовае сельгаспрадпрыемства, сельскі савет, адміністрацыя ЦБС. Мерапрыемства выклікала цікавасць вяскоўцаў, аб’яднала ўсе групы насельніцтва, дапамагло наладзіць сувязь з усімі ўстановамі аграгарадка.

Рэкламу ніхто не адмяняў

Чацвёртая па ліку сустрэча павінна была стаць своеасаблівым падвядзеннем вынікаў сумеснай працы за год. Так і нарадзілася прапанова правесці раённы “БІБЛІЯФЭСТ”. І пачалася падрыхтоўчая работа. Кожная бібліятэка вызначылася з тэмай, каб паказаць менавіта сваю адмысловую працу, свае напрацоўкі і навацыі. “БІБЛІЯФЭСТ” праходзіў у Харосіцкай СБ пад назвай “Рэкламная дзейнасць сельскай бібліятэкі”. Установа абслугоўвае жыхароў шасці вёсак і налічвае 1300 чытачоў, займаецца грунтоўнай выдавецка-краязнаўчай дзейнасцю.

На бібліяфэсце 17 бібліятэк прадстаўлялі свае ІнфармІнтэлектПляцоўкі, прэзентавалі сябе, бібліятэку, рэгіён. Форум раскрыў бібліятэчную краязнаўчую работу і паспрыяў таму, што ў кожнай бібліятэцы з’явіўся свой пэўны брэнд.

Уся гэтая дзейнасць не ўратуе бібліятэкі ЦБС ад аптымізацыі, але спадзяёмся, што кіраўнікі будуць з большай увагай ставіцца да працы бібліятэк. І толькі пры аб’яднанні намаганняў мы зможам знайсці рацыянальнае выйсце з любой сітуацыі. Прыклады таму ўжо ёсць. Пад час рэалізацыі праекта ўдалося выратаваць ад аптымізацыі адну з сельскіх бібліятэк: яе супрацоўніца ды старшыня сельсавета аб'ядналі намаганні і давялі, што ўстанова свой рэзерв яшчэ не вычарпала.

Ірына ЦАРУК, намеснік дырэктара Навагрудскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы