"Як ён малюе — ніяк не разумею... Чарадзей!"

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Іван Пахітонаў: “Каштоўнасць маіх карцін застанецца нязменнай”
У 1879 годзе Пахітонаў ажаніўся з Мацільдай Канстанцінаўнай Вульферт, рускай студэнткай медфакультэта Сарбоны. Вырасла яна ў сям’і палкоўніка ў адстаўцы барона Канстанціна Вульферта, нямецкія продкі якога перасяліліся ў Расію і на працягу двух стагоддзяў пражывалі на Міншчыне. А маці яе была шведкай. Мацільда Вульферт — асаблівы тып адукаванай жанчыны другой паловы XIX ст., якая стала урачом-клініцыстам і займалася навуковай дзейнасцю. Абараніла доктарскую, працавала ў парыжскім шпіталі і мела прыватную практыку як урач дэрматолаг-венеролаг.

/i/content/pi/cult/465/9850/15-2.jpg /i/content/pi/cult/465/9850/15-1.jpg

(Працяг. Пачатак у №№ 2 — 3.)

Яшчэ да сустрэчы з Пахітонавым вельмі цікавілася мастацтвам, асабіста ведала Мясаедава, Ярашэнку, Шышкіна, Астравухава, Верашчагіна, Тургенева і яго сяброўку Паліну Віярдо, наведвала ўсе вечарыны эмігранцкага Таварыства рускіх мастакоў замежжа. Магчыма, тут яна, прыгожая ды таварыская жанчына, і пазнаёмілася з Пахітонавым. У тую пару ей было 22 гады, яму — 28, узрост, так бы мовіць, ідэальны для стварэння добрай сям’і.

У 1881 годзе Іван і Мацільда выправіліся на Балканы, дзе па заказе Аляксандра III мастаку было неабходна напісаць памятныя для імператара мясціны, звязаныя з ягоным удзелам у руска-турэцкай вайне 1877 — 1878 гг. І — напісаў ажно дзевяць пано з адлюстраваннем такіх месцаў у Балгарыі, дзе праходзілі баі той вайны. Пасля гэтага Пахітонава нават назвалі таленавітым мастаком-баталістам! А праз некалькі месяцаў, у кастрычніку 1882 г., у горадзе Чарнаўцы адбылося вяселле маладых людзей. Пасля кароткага прабывання ў Маскве і Фінляндыі, на дачы бацькоў Мацільды, маладажоны вярнуліся ў Парыж, дзе іх чакаў замілаваны ліст з віншаваннем бацькі Пахітонава — Паўла Данілавіча.

Праз месяц мастак распачаў работу над натурным партрэтам Івана Сяргеевіча Тургенева. У дзённіку пісьменніка ёсць запіс канца 1882 года: “Пахітонаў піша мой партрэт — атрымліваецца незвычайна трапна і падобна. Гэта — майстра! Ён прывозіў паказваць мне і Паліне Віярдо карціны, якія ён намаляваў цяперашнім летам, — чароўнасць!” Сапраўды, Тургенеў вельмі любіў Пахітонава і часта запрашаў яго ў свой маёнтак “Ясені” пад Бужывалем, дзе збіраліся розныя знакамітасці таго часу — літаратары, мастакі, акцёры, музыканты — і часам рабіліся выстаўкі. Напрыклад, у лютым 1882 г. Тургенеў так запрасіў пісьменніка Эміля Дзюрана на выстаўку: “Дасылаю ўваходны білет на нашу выстаўку і рэкамендую Вам, галоўным чынам, невялічкія, але зусім цудоўныя карціны Пахітонава”.

Партрэт Тургенева, праўда, незавершаны па прычыне цяжкай хваробы пісьменніка (ён памёр 3 верасня 1883 года ад міксасаркомы), стаў, мабыць, першым творам мастака, які трапіў у галерэю Паўла Траццякова. Але нават незавершаны партрэт скарыў сэрцы ўсіх, хто яго бачыў, псіхалагічнай верагоднасцю, дакладнасцю перадачы аблічча і ўнутранага стану пісьменніка. У якім годзе партрэт быў набыты Траццяковым — дакладна невядома, але значыцца пад нумарам 771 у першым вопісе работ галерэі за 1893 год. У гэтым жа вопісе пазначаны і іншыя палотны Пахітонава: “Ранні снег”, “Снег у По”, “Ранняя вясна. Прачкі на беразе ракі Гава”, напісаныя ў 1880-я.

Вясной 1883 года муж і жонка Пахітонавы выехалі ў По, дзе мастак упадабаў чароўныя мясціны для малявання пейзажаў. Прыкладна ў гэты перыяд Іван Крамской і напісаў партрэт Мацільды, які праз шмат гадоў апынуўся ў калекцыі праўнука Пахітонава. Крамской, які лічыў мастака “вельмі сталым дараваннем”, пазнаёміўся з Мацільдай у невялічкім курортным гарадку Ментоне, што на поўдні ад Францыі. І, хутчэй за ўсё, яе прывабны выгляд і незалежны характар скарылі сэрца славутага партрэтыста. Хто яго ведае, можа менавіта Мацільда ў нейкай ступені і стала правобразам той самай жанчыны, якая ўвайшла ў гісторыю рускага мастацтва ў партрэце “Невядомая”, які Крамской напісаў у 1884 годзе?

Гэты час быў для Пахітонава вельмі ўдалым ва ўсіх адносінах, у тым ліку творчых і сямейна-бытавых. Перш за ўсё, набыццё Траццяковым яго карцін акрыляла мастака. Ён пачынаў рэальна адчуваць прыналежнасць да рускай культуры і неабходнасць больш актыўна ўдзельнічаць у расійскім мастакоўскім жыцці, бо ўжо сёй-той з крытыкаў стаў прылічваць яго да “французскіх мастакоў рускага паходжання”. А гэта вельмі крыўдзіла Пахітонава. І ўжо ў канцы 1890-х ён прыняў удзел у маскоўскай XVII-й перасоўнай выстаўцы карцін і ў выстаўцы Таварыства рускіх акварэлістаў, а за сем твораў, паказаных у рускім аддзеле Сусветнай выстаўкі ў Парыжы, атрымаў сярэбраны медаль.

Ну, а што да сямейных спраў, то тут пакуль ішло ўсё добра. Так, у лісце да жывапісца-баталіста, акадэміка Мікалая Дзмітрыева-Аранбургскага Мацільда піша: “Мы цяпер як сапраўдныя цыганы, ніколі не жывем больш аднаго месяца на месцы, і таму згубілі шмат знаёмых. Муж нават працуе цяпер у вандроўным атэлье, якое яму зрабілі па ягоным плане, і мы вырашылі не здымаць ніякага атэлье ў Парыжы. Гэта добрая рэч для яго, бо ён малюе ўсё з натуры і не прастуджваецца так часта, як раней… Гэта простая карэта з верхнім асвятленнем, а бакавое акно дае пейзаж, які ён жадае капіраваць. Праўда, зручна?” Прыкладна так маляваў пейзажы наваколля ракі Уазы з акна павозкі, што рухалася, або проста з лодкі француз Франсуа Дабіньі, адзін з любімых мастакоў Пахітонава. Ды і Клод Манэ прыкладна так працаваў.

Цікава, што ліст Мацільда напісала 16 мая 1883 года, а праз некалькі дзён, у час творчай вандроўкі з мужам, нарадзіла дачку Веру. У гэтых малапрыстасаваных для цяжарных жанчын умовах праявіўся стойкі і рашучы характар Мацільды Канстанцінаўны, жаданне ўдзельнічаць у творчых пошуках мужа, гатоўнасць раздзяляць з ім усе цяжкасці і турботы. Яе лісты гэтага часу напоўнены любоўю і сардэчнай прыхільнасцю да яго. А трошкі пазней (у лісце да Васіля Верашчагіна) яна ўжо растлумачвае прычыны сямейнага канфлікту, якія прывялі ў 1892 годзе да поўнага разрыву з Іванам Паўлавічам. Я чытаў гэтыя лісты. Самае цікавае ў іх тое, што сямейныя свае непаладкі яна не баіцца выстаўляць у зусім непрыглядным святле. Магчыма, незалежная ад вышэйшага грамадства Мацільда наогул мала клапацілася пра ўласнае рэнамэ і пра тое, якое ўражанне яна рабіла на прысутных. Вось як, скажам, аднойчы напісаў Васіль Паленаў сваёй жонцы: “Учора ўвечары быў у Пахітонава. Вельмі ён сімпатычны спадар, а жонка яго мне не падабаецца, штосьці ў ёй фальшывае і грубае…” Ну, як кажуць, “хто любіць гарбуз, а хто гуркі”…

У шлюбе ў мастака паслядоўна нарадзіліся тры дачкі — Вера, Ніна і Зоя. Аднак Мацільда, як я вышэй казаў, валодала даволі рэзкім незалежным характарам, да якога мастак ніяк не мог прыстасавацца. У рэшце рэшт пастаянныя спрэчкі, скандалы, крыўды, а таксама шумныя сцэны рэўнасці, выкліканыя захапленнем мастака малодшай сястрой Мацільды — Яўгеніяй, прывялі да таго, што іхні шлюб распаўся. Наогул, гэтая “звычайная гісторыя” кахання жанатага чалавека да сястры сваёй жонкі была вельмі тыповай у XIX стагоддзі і, у прынцыпе, прайшла міма грамадскага абмеркавання.

Праз некаторы час Яўгенія нарадзіла Івану Пахітонаву сына Барыса, і такім чынам з’явілася новая сям’я, якая пражыла ў грамадзянскім незарэгістраваным шлюбе амаль 35 гадоў. Чаму ў грамадзянскім? Справа ў тым, што Мацільда, не зважаючы на шматгадовыя клопаты былога мужа, так і не дала дазволу на развод. Мала таго, яна катэгарычна забараніла Пахітонаву сустракацца з роднымі дочкамі. І так здарылася, што з імі бацька сустрэўся толькі тады, калі дзяўчынкі сталі дарослымі. Сама ж Мацільда, нягледзячы на вялікую занятасць лекарскай працай, заставалася цудоўнай маці, а ў далейшым — цудоўнай бабуляй.

Словам, расставанне Пахітонава з Мацільдай вельмі цяжка адбілася на яго далейшым жыцці. І тут нават новая каханая Яўгенія Вульферт, тая самая грамадзянская жонка Івана Пахітонава, не магла нічога зрабіць. Уяўляю, якія пасля гэтага былі ўзаемаадносіны сёстраў!

На маю думку, такія складаныя абставіны і вымушалі мастака шукаць прытулак “спокойствия и вдохновения” за мяжой — у Францыі ды Бельгіі, дзе яго любілі ды віталі як бліскучага жывапісца і высокаадукаванага добрага чалавека, і ніхто нахабна не ўлазіў у ягоную душу.

Але ў 1901 годзе ён усё ж вырашыў перабрацца на сталае месца жыхарства ў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Для гэтага выбраў Беларусь. Павінен сказаць, што “беларускаму” перыяду жыцця і творчасці Пахітонава ў рускай і французскай мастацтвазнаўчай літаратуры надавалася вельмі мала ўвагі, хаця мастак у Беларусі стварыў не адзін дзясятак шыкоўных твораў. Гэты перыяд цікавы не толькі нястомнымі творчымі пошукамі Пахітонава, але і тым, што ў работах адбіліся і захапленне беларускай прыродай, і цікавасць да вясковага побыту, працы, да народных традыцый мясцовых жыхароў...

На ілюстрацыях: карціны І.Пахітонава "Вулачка на поўдні Францыі" і "Партрэт Івана Тургенева".

Завяршэнне гісторыі пра лёс Івана Пахітонава, што так любіў Міншчыну, чытайце ў наступных нумарах газеты.

 

Пачатак матэрыяла чытайце па спасылках:

частка І, частка ІІ.

Матэрыялы рубрыкі "Вяртанне імёнаў" чытаце тут.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"