Братулька

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Улетку можна назіраць, як у адкрытую фортку залятае матылёк. Ён робіць круг па пакоі, потым накіроўваецца да акна, б’ецца аб шкло, спрабуючы выбрацца на волю... Наша памяць — гэта той самы матылёк... Думкі і ўспаміны, якія часам не даюць спакою. Успаміны пра людзей: іх галасы, твары ты ўжо ніколі не пачуеш і не пабачыш...

/i/content/pi/cult/465/9849/14-4.jpg

Сяргей Вальковіч не быў першым дырэктарам Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Ён быў тым дырэктарам, які амаль 15 гадоў прысвяціў тэатру. У яго не было досведу кіраўніцтва такой установай. Рос малады тэатр, і яго дырэктар набіраўся досведу, унікаючы ў нюансы гаспадарчага ды творчага працэсу. Корпус дырэктараў памятае яго як харызматычнага чалавека, які быў крыніцай жыццялюбства.

“Братулька” — такім нефармальным словам ён любіў звяртацца да суразмоўцы, усталёўваючы простыя і даверлівыя адносіны. Гэтае слова аднойчы трывала ўвайшло ва ўжытак супрацоўнікаў. “Ганаровы братулька” — такую жартаўлівую намінацыю мы прыдумалі для Вальковіча на вечары, які быў прысвечаны 10-годдзю тэатра. Мы ўручылі яму падарунак — вуду, якую вырабілі бутафоры, прыгаворваючы пры гэтым: “Вось вам прыстасаванне для лоўлі новых ідэй ды таленавітых людзей”. Жарт прыйшоўся яму па душы. Бутафорскі падарунак доўгі час стаяў у куце яго кабінета. І ў гэтым была праява павагі ды ўвагі да самой ідэі.

Ён шмат рабіў для акцёраў: выбіваў кватэры, граматы. Ён дараваў тыя ўсплёскі негатыўных эмоцый, праявы незадаволенасці, якія можна назваць выдаткамі прафесіі. Ці ведаеце вы яшчэ каго-небудзь з дырэктараў, хто па некалькі разоў праглядае адны і тыя ж спектаклі — ад пачатку да канца? У яго былі два самыя любімыя — “Камедыя” і “Вечар”. Апошні спектакль паўстаў па яго непасрэднай ініцыятыве. Мы рыхтаваліся і ігралі па-асабліваму, ведаючы, што ў гэты вечар дырэктар знаходзіцца ў зале. Пасля спектакля ён абавязкова заходзіў у кожную грымёрную і, расчырванелы ад пачуццяў, што перапаўнялі яго, казаў простыя словы падзякі. Ён не грэбаваў абняць і моцна прыціснуць да сябе мокрага ад поту артыста. Таму што разумеў: акцёр — той падмурак, на якім трымаецца тэатр. А як гарэлі ягоныя вочы, калі ў дакументальным фільме пра трупу, знятым для гарадскога тэлеканала, ён распісваў якасці кожнага артыста, не зважаючы ні на дасягненні, ні на ўзрост! Такое не сыграеш.

Яго кабінет нагадваў музей. Сцены былі абвешаны афішамі, шматлікімі фотаздымкамі са спектакляў, пра якія ён з асалодай распавядаў сваім гасцям. Увесь рэпертуар пры ім ішоў выключна на беларускай мове. Гэта была тая ўстаноўка, якой Сяргей Барысавіч строга прытрымліваўся. І ён, сапраўдны беларус, ганарыўся тым фактам, што гэты тэатр — трэці, пасля двух Нацыянальных (Купалаўскага і Коласаўскага), які працуе толькі на роднай мове.

Неяк у тэатры разбіралі паперы і знайшлі яго ліст аб фінансавай падтрымцы. Ліст заканчваўся словамі: “...Бо разбягуцца”. У гэтым — увесь Вальковіч. Артыстычная, вынаходлівая натура. Толькі ён мог так напісаць у афіцыйным дакуменце. Каб страпянулася сэрца таго, каму адрасаваны ліст, і рука вывела станоўчую рэзалюцыю. Быў перыяд, калі супрацоўнікі тэатра, не змаўляючыся, прыходзілі пасля выхаднога на працу і пачыналі вывучаць распараджэнні ды загады. Ні адну падзею або здарэнне ён не абмінаў увагай. Гэта былі дакументы, напісаныя не казённай мовай. Яны нагадвалі баявыя лісткі, эмацыйныя па змесце зводкі, з развагамі, заўвагамі і просьбамі. Адно распараджэнне было названа прыкладна так: “Аб усталяванні добразычлівых адносін у калектыве”. І вынік: пакараць, заахвоціць або паставіць на від.

Першыя людзі горада былі гасцямі на прэм’ерах тэатра. Перш чым адправіць на першы замежны фестываль монаспектакляў, ён павёў мяне ў райвыканкам, каб паведаміць пра гэтую падзею. Праз доўгі час я зразумеў, што для яго гэта была нагода паспрабаваць атрымаць ад горада падтрымку. Ён не пераставаў шукаць сродкі для тэатра, маючы зносіны з прадстаўнікамі розных структур. Сяргей Барысавіч у гэтай справе быў вялікі майстар, абаяльны і настойлівы ў дасягненні мэты...

...Непапраўнае здарылася ў верасні пасля адпачынку. Яго сэрца не вытрымала. Раптоўная смерць. Калектыў адмаўляўся верыць вестцы. Некаторыя перапытвалі: “Што, няўдалы жарт?” Развітанне адбылося на сцэне тэатра, а зала была запоўнена цалкам.

Спектакль, які павінен быў адбыцца ў наступныя дні пасля пахавання — “Паланэз на развітанне”, — вырашана было не адмяняць. У фае працяглы час вісеў партрэт у чорнай рамцы. Гады жыцця і сціплая інфармацыя. Пасля чарговага касметычнага рамонту партрэт на сваё месца не вярнулі... Але што такое партрэт? “Рэч і нічога больш” — кажучы словамі аднаго персанажа. Памяць — гэта зусім іншае.

Не ўсё было так гладка, як я апісаў. Былі і свае перакосы. Але засталося галоўнае: «послевкусие». Для Сяргея Барысавіча тэатр быў тым домам, які ён пачаў ствараць практычна з нулявога цыкла. І ў гэтым доме ён быў сапраўдны Гаспадар — няўрымслівы ды нястомны. Такіх людзей мала — неардынарных, якія хвалююцца за сваю справу, да фанатызму адданых і цалкам заглыбленых у яе. Часам хацелася б з ім пагаварыць... Думаю, не адзінокі я ў сваім жаданні. Пагаварыць з пазіцыі сённяшняга часу і гэтага ўзросту. Не, не пра тэатр, а проста аб жыцці. За чарачкай яго любімага напою, які ён рыхтаваў выключна для сябе і частаваў толькі сваіх сяброў. Празрыстага, як сляза...

На здымку: Сяргей Вальковіч.

Фота з архіва аўтара

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр