Блюз на аргане Немэна

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Тры дні ў Пінску са знакамітым музыкантам
Выдатны кампазітар і віртуозны музыкант з Пінска, старшыня Савета Асацыяцыі кампазітараў Брэсцкай вобласці, а да ўсяго — цудоўны апавядальнік Алег ВЕНГЕР распавёў “К” пра сустрэчы ў 1976 годзе ў горадзе на Піне і праз чатыры гады ў Варшаве з нашым земляком Чэславам Немэнам. Нагадаем, 16 лютага спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння выхадца з беларускай вёскі Старыя Васілішкі, што стаў шмат у чым адкрывальнікам у музыцы ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/cult/465/9848/14-1.jpg

/i/content/pi/cult/465/9848/14-2.jpg

Экскурсія па Пінску

— У час, калі адбываліся гастролі Чэслава Немэна па Беларусі ў 1976-м, я, можна сказаць, ачольваў эстраду ў Пінску: кіраваў выдатным калектывам. Таму аддзел культуры скіраваў мяне сустракаць артыстаў на мяжы раёна: Немэн ехаў на легкавіку брэсцкага аддзела, а музыканты і апаратура — у трэйлеры.

Спачатку мы зрабілі аглядавы аб’езд па горадзе, затым паехалі ў стары гатэль “Прыпяць”. Двойчы ён наведаў касцёл, дзе сёння размешчана Пінская Архідыяцэзія, пабываў таксама і ў Езуіцкім калегіуме (там — музей), у Акадэміі, дзе навучаюць каталіцкіх святароў…

Музыка яго была складаная па тых часах, ды і публіка не падрыхтаваная ў нашым горадзе. Але выходзілі з аншлагавых канцэртаў — усе тры дні — з квадратнымі вачыма: гук фантастычны ды і мысленне нестандартнае. Хоць і зразумелі гэта не ўсе, але ніхто ж не хацеў паказваць, нібыта нечага не цяміць! Найперш жа да Пінска дайшлі яго раннія песні...

Пра “Hammond” і...

— Якія мае ўражанні пра яго як пра чалавека? У адказ спытаю: “А якія ж у нас маглі быць кропкі судакранання?” Ды ніякіх! Ён быў вельмі замкнёным, “на сваёй хвалі”. Калі нешта пытае, усё роўна трымае дыстанцыю — нават са сваімі музыкантамі. Мяне здзівіла вось што: калі наладжвалася апаратура (мы дзівіліся: яна выстаўлялася ў форме робата!) перад канцэртам, яго музыканты шыкоўна імправізавалі, паступова ўключаючы свае партыі ў музычную тканіну, але раптам — я стаяў спінай да ўваходу на сцэну — цішыня! Гэта з’явіўся з грымёркі Немэн. Ён, не ўсмешлівы, сцісла ды амаль моўчкі даў указанні — і пайшоў працэс!

Спадабалася мне адсутнасць усялякай зорнасці, з якой так часта сутыкаемся ў нашых артыстаў. Мы, пінскія музыканты, заўжды стараліся пабываць на сцэне: пагутарыць, паглядзець апаратуру… Я падышоў да Немэна і папрасіў паіграць на “Hammond” (толькі ўявіце сабе: клавішы “Hammond” у Пінску ў 1976-м — фантастыка ж!), і ён толькі сказаў “Калі ласка!”. Пакуль выконваў блюзы, з-за куліс выскачылі барабаншчык (неверагодны, дарэчы!) ды бас-гітарыст, і мы сталі ў закрытай зале сумесна граць. Пазнаёміліся, а затым і сам Немэн, выйшаўшы на сцэну ізноў, распытаў, хто я, дзе навучыўся граць. Я распавёў, што няма годнай апаратуры, цяжка рэалізаваць сябе творча... І тут ён раптам мне кажа: “Бываеш у Польшчы? Дык ты прыязджай у Варшаву!” — і пакідае нумар тэлефона.

А мы тады часцяком ездзілі прадаваць тэлевізары ды пыласосы, каб набываць джынсы і іншыя рэчы. І вось, скарыстаўшыся выпадкам, я яму патэлефанаваў з Варшавы ў 1980-м, а ён даслаў машыну, што даставіла мяне на студыю, дзе ішоў запіс новых твораў. Ён паказаў свае музычныя ідэі, праекты вокладак да альбомаў, пасля выпілі кавы. За тую сустрэчу я ўдзячны Немэну. А здымкаў было шмат, аднак кантакты з журналістамі, на жаль, пакінулі ад той калекцыі ўсяго вось гэтыя два, якія і прапаную чытачам “К”. Узялі ў мяне паслухаць і яго чатыры вінілы з аўтографамі — таксама не вярнулі...

“Маляванне” на сцэне

— Своеасаблівы вакал дазволіў яму выйсці на вялікую сцэну, але сваё слова ён сказаў як музыкант з новым мысленнем, новым падыходам. Яго музыка была не столькі меладычнай, колькі вобразнай, “напісанай” шырокімі мазкамі. Увесь фон, пабудова твораў сведчаць пра стварэнне новага стылю. Але гэта — рэч амаль недасягальная, якую нельга часцяком паўтарыць.

Сакрэт космасу ў гучанні музыкі Немэна заключаўся ў тым, што частка партый была запісана на магнітафон. Калі “круціўся” на сцэне, зазірнуў пад электрапіяніна і арганы: там стаяў "бабіннік". Чэслаў сказаў, што на стужцы “забіты” ўсе эфекты, астатняе ж граюць наверх.

У нас на канцэрце ён спяваў менш, чым іграў рэчы з альбомаў. Замест нот перад музыкантамі — партытуры, дзе пазначаліся месцы, што граліся ва ўнісон. У астатніх адрэзках кожны нібыта граў сваё. Не, нават не імправізаваў, бо той жа джаз вымагае гатовых секвецый, джазавых ходаў. Яны хутчэй, паўтаруся, малявалі агульную карціну. Прычым яна штораз адрознівалася.

Мяркую, не толькі таму запомніўся Немэн, што ён сказаў новае слова ў музыцы, а таму, што гэта — неардынарны чалавек. А па паводзінах на сцэне ён падобен на Уладзіміра Мулявіна: глядзіць нібыта ўнутр сябе, граючы музыку… Немэн перад ключавымі момантамі закочваў вочы, і было зразумела: зараз пачнецца чараўніцтва!

На здымках: Чэслаў Немэн на плошчы Леніна ў Пінску, 1976 г.; на адным са здымкаў пінскай серыі Немэн пакінуў аўтограф.

Фота Алега ВЕНГЕРА

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах