Не толькі краявід...

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Гродзенская арт-галерэя “Крыга” сабрала творы майстра пейзажаў і нацюрмортаў ураджэнца Навагрудчыны Кастуся Качана, які прадставіў свае “Фарбы жыцця”.

/i/content/pi/cult/465/9847/9-4.jpg

Па словах майстра, ён доўга выбіраў гродзенскую галерэю для экспазіцыі. У выніку — прадставіў тут работы за апошнія некалькі гадоў. Кастусь Качан кажа, што большую частку яго твораў можна ўбачыць у галерэі, што знаходзіцца ў цэнтры Навагрудка.

— Мая тэма, — зазначае творца, — не толькі класічны краявід: вада, поле, луг. У мяне заўсёды побач пейзажы, людзі. Нават калі іх няма відавочна — яны няўлоўна прысутнічаюць на палотнах праз тыя ж храмы і дзейнасць чалавека. На палотнах відаць, які гэта час. Я лічу, што задача мастака паказаць эпоху, у якой ён жыве. Калі пройдзе пяцьсот гадоў, мне хацелася б, каб нашы нашчадкі бачылі, што гэта канкрэтны час у канкрэтнай частцы зямнога шара. На маіх карцінах, у асноўным, — Навагрудчына, але не сказаў бы, што я тамтэйшы мастак, бо толькі з год таму пасяліўся ў Навагрудку. Лічу сябе сталічным творцам. Але пацягнула ў Навагрудак...

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна