Без адкрыцця Амерыкі...

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

“Пан Тадэвуш” у пагоні за... мастацкасцю
Бадай, ніводная з апошніх тэатральных пастановак не мела такога грамадскага розгаласу, як прэм’ера “Пана Тадэвуша” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Толькі не трэба кпіць, што галоўнай стратай спектакля сталіся перадпрэм’ерныя жарсці з элементамі сцэнаграфіі, шырока абмеркаваныя ды адкаментаваныя ў Сеціве (наадварот, гэтую акалічнасць можна нават лічыць дадатковым піяр-ходам, бо ўвагу да спектакля пачалі выказваць і тыя, хто ніколі тэатрам не цікавіўся).

/i/content/pi/cult/465/9846/9-3.jpg

Насамрэч, праблемы ў спектаклі — іншыя. Сам зварот да твора — прынамсі, мастацкі подзвіг. Бо трансфармацыя аб’ёмнай вершаванай паэмы ў драматычны спектакль — справа нялёгкая. Мастацкі кіраўнік тэатра, рэжысёр Мікалай Пінігін неаднойчы параўноўваў твор Адама Міцкевіча з “Яўгенам Анегіным” А.Пушкіна. Шмат сцэнічных версій, дададзім, зведаў і “Фаўст” Ё.Гётэ. У такіх выпадках перад творцамі заўсёды стаяла праблема выбару: ад чаго адмовіцца, што пакінуць і як прыстасаваць да новых жанравых умоў? Тут не можа быць адной-адзінай версіі — гэтак жа, як і ў перакладах паэмы з польскай. Таму цяперашні спектакль я разглядала б як спробу ўпершыню ўвесці твор у тэатральны ўжытак Беларусі. Калі гэта адбылося, неўзабаве могуць з’явіцца іншыя сцэнічныя версіі — і гэта добра!

Праўда, сам Мікалай Пінігін нават са сцэны ў час прэм’еры падкрэсліў асветніцкі характар пастаноўкі і заклікаў гледачоў прачытаць паэму. Але ж ці ў гэтым прызначэнне тэатра? На спектаклі я ніяк не магла пазбавіцца адчування, што гляджу не самую ўдалую оперную пастаноўку: франтальныя мізансцэны, “хор” (у дадзеным выпадку — проста дзеючыя асобы) разведзены направа-налева і пастаўлены ў адзін шэраг. Хіба балетных нумароў на баляванні не стае, ды ўвогуле з “масоўкай” штосьці надта нягуста, з-за чаго сцэна часта выглядае пустой. Не хапала і “сціслага лібрэта”, бо тыя, хто папярэдне не чытаў паэму, доўга не маглі зразумець, што ўсё ж такі адбываецца і пра што, уласна кажучы, увесь спектакль.

Апошняе пытанне засталося без адказу і пасля прагляду. Што ні кажыце, а П.Чайкоўскаму, хаця яго і раскрытыкавалі ў свой час, было прасцей: ён пакінуў у “Яўгене Анегіне” толькі каханне, адмовіўшыся і ад грунтоўнай “энцыклапедыі” рускага жыцця, і ад абмеркавання праблемы “лішняга чалавека”. У спектаклі “Пан Тадэвуш” на першы план выйшлі пытанні патрыятызму і гістарычнай праўды. Таму дадаліся пралог з постаццю-помнікам А.Міцкевічу, эпілог з вяртаннем разбітых войскаў шляхты, якая, паверыўшы ў вызваленчую місію Напалеона, выступіла на яго баку ў вайне 1812 года. Разам з тым, усё багацце красамоўных дэталей шляхецкага побыту, якія і надаюць паэме поліпластовую змястоўнасць, у спектаклі не адлюстравана. Таму калі надта апантана верыць у заяўленае асветніцтва пастаноўкі, дык можна прыйсці да смешнай высновы, быццам “званы абед” тагачаснай шляхты замест некалькіх змен страў складаўся з... адзінага кубка віна.

У спектаклі шмат сцэн, дзе нічога не адбываецца, героі толькі “размовы размаўляюць” (інсцэніроўка Сяргея Кавалёва). Такі прынцыповы зварот да прыёму “гаворачых галоў” (пры тым, што ад М.Пінігіна заўсёды чакаеш яркіх тэатралізавана-пластычных асацыяцый, а не “пераказу тэксту”), пэўна, патрабуе яшчэ большай выверанасці кожнай інтанацыі і руху, каб зачароўвала ўжо сама прастата найвысокай класікі. Хапае і спрэчнага: у эстэтычныя параметры “класічнай” традыцыйнасці раз-пораз урываюцца іранічна-парадыйныя ноткі, у якіх без цяжкасці чытаюцца “спасылкі” на лялечна-батлейкавыя ўрэзкі ў мінулых пастаноўках рэжысёра: маўляў, почырк Пінігіна?

Сярод акцёрскіх работ можна знайсці шмат удалых момантаў. Сярод іх праніклівая шчырасць Валянціны Гарцуевай (Дзяўчына-эмігрантка), пластычная зменлівасць і шматграннасць Святланы Анікей (Талімэна), польскі акцэнт Рамана Падалякі (Граф), удумлівасць Сяргея Жураўля (Ксёндз Робак), мазурка Міхаіла Зуя (Маёр Плут). Але яны застаюцца асобнымі бліскаўкамі, не складаючыся ў агульную мазаіку. Сапраўдныя рэжысёрскія знаходкі (а тая ж сцэна рэкруцкага набору пакідае вельмі моцную зарубку ў памяці) таксама застаюцца адасобленымі, хаця і звязаны з астатнім дзеяннем прастатой пластычнага рашэння: падышоў-павярнуўся-сышоў. Ператварэнне Міцкевіча-“збранзавелага помніка” ў юнага Тадэвуша таксама не бясспрэчнае, бо прыём “зрывання масак” звычайна звязаны з развенчваннем персанажа, а не з яго балючай настальгіяй па мінулым. Так што галоўнай дзеючай асобай спектакля, якая чым далей, тым больш пачынае жыць сваім жыццём (рухаецца па сцэне, утрымлівае кіна-, відэапраекцыі, азорваецца ледзь не касмічным святлом), становіцца белая брама — сімвал не беларускай, польскай ці літоўскай, а ўсёй так званай ліцвінскай культуры, якая склалася ў Вялікім Княстве Літоўскім і яднала яго тэрыторыю ажно ці не да ХХ стагоддзя. Тэрмін “ліцвінская культура” яшчэ толькі ўводзіцца ў навуковую практыку, але ў яго неабходнасці няма сумневу, бо ён ахоплівае, па сутнасці, такую ж зніклую з’яву, як праславутая Атлантыда, і растлумачвае многія гістарычныя працэсы. А “камп’ютарныя гульні”, што на нашых вачах ператвараюць палац у руіны, толькі ўзмацняюць ролю сцэнаграфіі Зіновія Марголіна.

Кампазітар Андрэй Зубрыч, з якім рэжысёр супрацоўнічае апошнім часам, стварае то эмацыйны, то ілюстрацыйны фон, а не раскрывае сутнасць той ці іншай сцэны і ўсяго спектакля на ўзроўні фонасферы, як гэта ўмее рабіць той жа Уладзімір Кур’ян. Таму музыка, якая ў ранейшых працах тандэма “Пінігін — Марголін” складала трэці бок непарушнага трыкутніка, гэтым разам ператвараецца ў гэткі “неабавязковы” дадатак. Выключэннем становіцца хіба згаданы “рэкруцкі набор”, аздоблены народнымі спевамі-галашэннем. А граюць жыўцом (дый тое часткова!) музыканты толькі ў фінале. Такая цікавая дэталь паэмы, як карчмар-яўрэй, які грае на цымбалах, выкладаецца быццам бы незаўважна, хаця роля Карчмара Янкеля (Вячаслаў Паўлюць) “прапісана” і ў праграмцы, і на сцэне.

У выніку, каб ацаніць майстэрства А.Міцкевіча, давядзецца і сапраўды, як раіў Мікалай Пінігін, звярнуцца да літаратурнага арыгінала, хай і ў перакладзе. Але вось парадокс! Прапанаваны купалаўцамі “пераклад” на тэатральную мову не выклікае пакуль такога жадання. І не дадае патрыятычных пачуццяў. Наадварот, часам правярае іх на трываласць. Бо да канца спектакля, дзе расстаўляюцца многія кропкі над “і”, даседзець камусьці было складана. Нават тым, хто адхапіў-такі дэфіцытны квіток на прэм’еру. Быццам у адказ на такую рэакцыю, працягласць новай пастаноўкі абмежавана на сайце тэатра дзвюма гадзінамі, хаця насамрэч ён доўжыцца ўсе тры.

Можа, адыграўшы ўсе рэпетыцыі, прагоны, грамадскі прагляд і тры прэм’ерныя паказы запар, артысты і самі пастаноўшчыкі здолеюць зірнуць на праробленую працу свежым вокам — і тэмпарытм спектакля крыху зрушыцца? Зусім не за кошт “скорагаворкі” для тэксту, а, наадварот, за кошт яшчэ большага акцёрскага паглыблення ў матэрыял, можа, некаторых купюр — на карысць большай мастацкасці дзеі, а не проста дэманстравання “адкрыцця Амерыкі”: ну, сварыліся шляхцічы паміж сабой, замак ды дзяўчат падзяліць не маглі, а потым — памірыліся-з’ядналіся. Дзеля высокай мэты — каб вярнуць колішнюю веліч сваёй Радзімы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"