Свае фарбы быцця

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

У залах гомельскай Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі адбылася цікавая выстаўка жывапісца Аляксандра Касцючэнкі.

/i/content/pi/cult/465/9844/8-2.jpg

Выстаўка стала не толькі дэманстрацыяй сталасці 55-гадовага жывапісца, але і пэўным вынікам складаных, арыгінальных, часам супярэчлівых вобразна-пластычных пошукаў. Пошукаў, не запазычаных з сусветнай “рэпрадукцыйна-альбомнай” спадчыны, а асабіста перажытых.

Праз выстаўку чырвонай ніткай праходзіць тэма беларускай зямлі, пачынаючы з карцін “Светлы вечар”, “Белая рака”, “Зіма” і заканчваючы амаль эпічным спеўным палатном “Край азёрны”. Вельмі пранікнёныя і рамантычныя рэчы, а яго рамантыка — светлая і чыстая надзея. А побач — складаныя колеры кампазіцый, пабудаваных на кантрастах чырвоных, блакітных, фіялетавых, аранжавых, жоўтых, зялёных, белых тонаў і адценняў. Плюс — абагульненыя формы, часам напоўненыя геаметрычнымі канструкцыямі і вобразнымі метафарамі (“Успаміны пра Юравічы”, “Далёкае і блізкае”). Гледзячы на лепшыя творы Касцючэнкі, хочацца разважаць пра сэнс жыцця, кахаць і верыць у новыя адкрыцці і адчуванні. Неабавязкова кудысьці клікаць. Можна проста спяваць. Радавацца, але абавязкова — жыць “тут і зараз”.

Памятаю, у 2012-м у Палацы мастацтва прайшла выстаўка “Мастакі Гомельшчыны”, дзе я ўпершыню пабачыў палотны Касцючэнкі, сярод якіх — “Сланечнікі” і “Краявід”. І падумаў: які таленавіты жывапісец працягвае традыцыі цудоўнай гомельскай школы жывапісу. А яе ў розныя часы ўпрыгожылі такія імёны, як Г.Ніскі і Б.Звінагродскі, Д.Алейнік і М.Казакевіч, Р.Ландарскі і В.Дзенісенка… І — не памыліўся.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"