“Мастацтва — гэта метафара…”

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Паўла Васільевіча Масленікава, народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, вядомага жывапісца, сцэнографа, мастацтвазнаўцы і педагога, грамадскага дзеяча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. З нагоды юбілею ў Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстаўка карцін майстра і некаторых яго вучняў. У экспазіцыі — больш за 50 твораў Паўла Масленікава. Усе яны, нават маленькія эцюды, у асноўным, услаўляюць родную беларускую прыроду, якая для Масленікава заўсёды была крыніцай натхнення і жывога хараства. Шмат прадстаўлена твораў, што напісаны ў замежжы.

/i/content/pi/cult/465/9843/8-1.jpg

Яго радзіма — Магілёўшчына, таму не выпадкова, што сёння, 1 лютага, у Магілёўскім абласным мастацкім музеі, які носіць яго імя, адбываецца вернісаж твораў жывапісца, а таксама прэзентацыя манаграфіі Веры Пракапцовай “Павел Масленікаў. Партрэт мастака ў люстэрку часу”, канверта з маркай і фільма, прысвечаных Паўлу Васільевічу. У Мінску 7 лютага дата будзе таксама адзначана. А што да вучняў маэстра, дык у яго іх было некалькі дзясяткаў, сярод якіх і тыя, хто сёння прадстаўляе “залаты зрэз” беларускага мастацтва габелена.

…Памятаю светлую майстэрню Паўла Васільевіча на вуліцы Сурганава, 44, дзе я пабываў у пачатку 1994-га, калі мастак адзначаў са сваімі калегамі, сябрамі і роднымі 80-годдзе. Здаецца — пасля вернісажу яго вялікай юбілейнай выстаўкі, якая праходзіла ў Палацы мастацтва. Усё было весела, шумна, цудоўна. Павел Васільевіч, чалавек вельмі харызматычны, бескампрамісны, часам нястрымнай энергетыкі і ў той жа час — добры і ветлівы, гасцей любіў заўсёды і нават мог пад добрую чарку праспяваць “Вечерний звон” ці “Гори, гори, моя звезда...”. У тым жа годзе ён атрымаў і ганаровае званне “Народнага мастака”, у Магілёўскім абласным мастацкім музеі адкрылася яшчэ адна яго буйная персанальная выстаўка, пасля якой мастак падарыў установе каля 140 (!) сваіх твораў. А ўжо пасля смерці творцы Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь музею было прысвоена імя П.В. Масленікава. Праз некалькі гадоў на Магілёўшчыне адбыўся і Міжнародны пленэр па жывапісе ў гонар славутага мастака пад назвай “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, што паспеў стаць традыцыяй.

Я заўжды здзіўляўся, як Павел Васільевіч умудраўся знаходзіць час, каб адначасова і паспяхова займацца жывапісам, педагагічнай работай у тэатральна-мастацкім інстытуце (ад дацэнта кафедры інтэр’ера і загадчыка кафедры мастацкага афармлення тканін і мадэлявання вырабаў лёгкай прамысловасці — да рэктара), грамадскай дзейнасцю ў Саюзе мастакоў і Мастацкім фондзе БССР, і мастацкай крытыкай, гісторыяй мастацтва. Яго першая значная манаграфія “Беларускі савецкі тэматычны жывапіс”, таксама главы ў шматтомных “Гісторыі мастацтва народаў СССР” і “Гісторыі беларускага мастацтва” ў многім вызначылі галоўныя кірункі беларускага мастацтвазнаўства 1960 — пачатку 1990-х. А яшчэ ён амаль 18 гадоў, уключаючы даваенны перыяд, у якасці сцэнографа і мастака-пастаноўшчыка прысвяціў Вялікаму тэатру оперы і балета. Старшае пакаленне тэатраманаў можа, напрыклад, успомніць аформленыя ім спектаклі “Міхась Падгорны” Я.Цікоцкага, “Страшны двор” С.Манюшкі, “Яснае світанне” А.Туранкова, “Баядэрка” Л.Мінкуса, “Чырвоны мак” Р.Гліера, “Джаконда” А.Панк’елі... Я не бачыў гэтыя рэчы, але затое помню мастацкі фільм 1950-х “Несцерка”, эскізы касцюмаў для якога рабіў менавіта Павел Васільевіч.

Так, галоўнай творчай рысай мастака заўсёды была шматграннасць, пра што я і напісаў у 1974 годзе ў артыкуле для часопіса “Беларусь” (№ 2). Аднак у прастору выяўленчай культуры Беларусі ён увайшоў перш за ўсё як таленавіты пейзажыст, пясняр роднага краю, лепшыя эпічныя і лірычныя палотны якога сёння з’яўляюцца гонарам народа. І пра гэта — і сённяшняя выстаўка. Пра тое, як трэба любіць і шанаваць маці-зямлю нашу.

Амаль кожны твор мастака вызначаецца індывідуальнасцю. У сваіх карцінах ён, як правіла, не паўтараў самога сябе. Тонкае пачуццё меры, уменне знайсці галоўнае кампазіцыйна-прасторавае рашэнне, беспамылкова адкідаць непатрэбнае і сканцэнтраваць позірк на асноўным — вось што ўласціва творчасці Масленікава. Усё жыццё ён любіў ездзіць на эцюды, вандраваў па ўсёй Беларусі, пісаў Крым, Расію і Прыбалтыку, замежныя краявіды, і ў выніку з’яўляліся такія жывапісныя песні, як “Азёрны край”, “На раўнінах Палесся”, “Жнівень”, “Беларускі пейзаж”, “Воблачны дзень”, ”Стары Мінск”, “Зіма ў Беларусі”, “На Радзіме”, “Вечар на Прыпяці”, “Золата бяроз”, серыі “Па родным краі”, “Прыбалтыйскі цыкл”, “Алтайскі цыкл”, “Па замежных краінах”. Ёсць у яго і складаныя фігуратыўныя рэчы, прысвечаныя памяці Вялікай Айчыннай вайны, — “Дарогай смерці”, “У Дзень Перамогі”, “Вызваленне Магілёва”.

Але асабіста мне бліжэй яго паэзія, яго лірыка, яго пранізлівае пачуццё дачынення да той зямлі, якая нарадзіла гэтага майстра. Яго мастацтва — гэта творчае пераўтварэнне, творчае дзеянне. Але гэта не адцягненая разумовая фарматворчасць. Ён ствараў сучасны вобраз прыроды і рабіў гэта паслядоўна ды пераканаўча. І ў выніку колеравыя спалучэнні, рашэнні прасторы атрымлівалі нязвыкла вострую, канцэнтраваную, лаканічную форму, але форму, насычаную жывой пульсацыяй фарбаў, якія часам набывалі моцны дэкаратыўны эфект. І ў гэтым сэнсе цікавай мне прадстаўляецца яго наступная думка: “Мастацтва — гэта метафара: адлюстраванне прыроднага і пачуццёвага выяўляе духоўнае і чалавечае”.