Дыялог без крытыканства

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА, урач-нейрахірург, вядучы блока «Пра вечнае» праграмы «Ды@блог» (Беларусь 3) і праграмы “Урачэбныя тайны” (Беларусь 1)
Мінулы год для культуры Беларусі быў удалым, як мінімум, таму, што на нашым тэлебачанні з’явілася «трэцяя кнопка». Эканамічныя ўмовы не зусім спрыялі пашырэнню вяшчання, стварэнню новых каналаў. Але знайшліся энтузіясты, і справа была зроблена. І я лічу гэта немалым дасягненнем.

/i/content/pi/cult/465/9842/5-2.jpgНе збіраюся абмяркоўваць фармат і «насычанасць» новага канала. Гаворка — пра тую тэматыку, якую мне па першым часе даручылі распрацоўваць. На мой погляд, вельмі цікавая тэма для інтэрактыўных стасункаў з гледачамі, ад якіх праз вядомы беларускі партал і атрымліваем тыя пытанні, што хвалююць кожнага.

Чаму я пагадзіўся стаць вядучым? Лічу, што ўрачы (людзі, што змагаюцца за фізічнае і маральнае здароўе нацыі) — неабыякавыя да культуры: многія выпускнікі Медыцынскага ўніверсітэта разбіраюцца ў культуры не горш за яе дзеячаў і лепш за пэўных студэнтаў-гуманітарыяў. Для мяне ў свой час гэта было нечаканым адкрыццём. Моладзь наогул — менш чытае, не надта разбіраецца ў кіно і тэатры, а Інтэрнэт ніяк не спрыяе інтэлектуальнаму развіццю юнакоў і дзяўчат. Урачы ж падтрымліваюць культуру на ўзроўні з’явы, на ўзроўні рэальнага жыцця...

Наш канал дае магчымасць выказацца інтэлігенцыі, тым людзям, што кроўна зацікаўлены ў стварэнні і развіцці «культурнага слоя», якога нам, як падаецца, хранічна не стае. Толькі адзін прыклад у доказ маіх меркаванняў: у нас ёсць аўтары, што пішуць песні для расійскай эстрады, песні цудоўныя, а вось на Беларусі яны — людзі абсалютна невядомыя. І мы ніяк не ўдзельнічаем у абмеркаванні гэтых працэсаў… Кепска ці добра, але «культурны слой» развіваецца. І «трэцяя кнопка» тут павінна адыграць сваю важкую ролю. Пэўны дыялог, мяркую, ужо наладжаны. Праект «Ды@блог», як вы ведаеце, утрымлівае некалькі блокаў, і апрача «Пра вечнае» гутарка вядзецца таксама пра мову, літаратуру, пра прыгожае.

Спроба наладжвання такога дыялога — крок наперад. Раскатурхаць грамадскую ўвагу — найпершая задача тэлевізійнага праекта, які прапаноўвае ўдзельніку і гледачу не крытыканскі падыход да сённяшняй сітуацыі, а канструктыўныя прапановы па ўдасканаленні супольнасці, што паважае і цэніць інтэлект, праявы якога — бязмежныя…

Дык вось, «культурны слой» ствараюць не два і не тры чалавекі. Ягоная якасць залежыць ад сумеснага суперажывання тысяч людзей з вёсак і гарадоў нашай краіны. Пішыце нам пра перспектыўныя тэмы!

Сённяшняя культура — рэвалюцыйная па сваёй сутнасці. Ці з яе дапамогай перабудуемся і будзем жыць доўга ды шчасліва, ці знікнем знянацку ад злоўжывання алкаголем і півам. Тайна жыцця павінна быць адкрыта кожнаму без выключэння і менавіта праз прызму культуры сузірання, разваг, спажывання, руху, узаемаадносін. Гэта на сёння, спадарства, — рэч ключавая. Таму і пагадзіўся весці перадачу. Таму і чакаю ад тэлевізійнага гледача неабыякавасці і суперажывання. Урэшце, свой свет мы павінны ствараць самі. Многія гэтаму пакуль не вераць. Дарэмна! Між тым, для пустых разваг, «як добра жывецца ў Швейцарыі ці Германіі», проста няма часу. Дзеці і ўнукі не даруюць.

Спроба наладжвання дыялога — крок наперад. Раскатурхаць грамадскую ўвагу — найпершая задача тэлевізійнага праекта, які прапаноўвае ўдзельніку і гледачу не крытыканскі падыход да сённяшняй сітуацыі, а канструктыўныя прапановы па ўдасканаленні супольнасці, што паважае і цэніць інтэлект, праявы якога — бязмежныя…

Фота tvr.by