Пачым культурны прадукт?

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

"Патрэбы — бязмежныя, рэсурсы — абмежаваныя"
Апошнім часам у абмеркаваннях культурных падзей усё часцей гучыць арганізацыйна-эканамічны аспект. Гэта заўважна і па публікацыях «К». Арэнда, кошты, рэнтабельнасць, рацыянальнасць, аптымальныя цэны, платныя паслугі… Усё гэта тычыцца любой праявы творчай дзейнасці. Так, культура перастала ўспрымацца як выключна затратная сфера, што знаходзіцца пад апекай у дзяржавы. З’явілася больш складаная мадэль фінансавання, дзе спалучаюцца дзяржаўныя патокі, уласныя даходы арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў культуры, а таксама — прыватная ці спонсарская падтрымка. Разам з тым дзяржаўна-прыватнае партнёрства развіваецца вельмі марудна. Між тым, менавіта такая форма — найбольш прадуктыўная ў развіцці ўсіх кірункаў культурнай дзейнасці.

/i/content/pi/cult/465/9841/5-1.jpgЭканамічнаму аспекту культуры, яго вывучэнню надаецца ў краіне недастатковая ўвага. А паняцце «эканоміка культуры» ўведзена яшчэ ў мінулым стагоддзі. Ужо тады стала зразумелым, што высокае мастацтва, народная творчасць, адукацыя ў сферы культуры не могуць развівацца стыхійна, бо строга падпарадкоўваюцца эканамічным законам. Мне вельмі падабаецца азначэнне (напэўна, яго прыдумалі творчыя людзі): «Эканоміка ёсць мастацтва задавальняць бязмежныя чалавечыя патрэбы пры дапамозе абмежаваных рэсурсаў».

Рынкавыя ўмовы прымушаюць культуру пераўтварацца ў прадмет продажу, развіваць рынкі свайго прадукту. І тут важна разумець, што ў культуры ёсць паслуга, а што — культурны прадукт. Час патрабуе дэталёвага аналізу попыту і прапаноў культурных паслуг. Не менш неадкладным падаецца распрацоўка новых крытэрыяў для ацэнкі якасці такіх паслуг. Патрэбны новыя статыстыка, паказчыкі і індыкатары, якія характарызавалі б не толькі асобныя віды эканамічнай дзейнасці, але і ўсю сферу ў цэлым.

Неаспрэчным з’яўляецца тое, што сённяшняя культура — гэта сфера паслуг і неад’емная частка крэатыўных індустрый. Аднак пытанні, звязаныя з вядзеннем гаспадарання, вырашаць трэба кваліфікавана. Каб быць дырэктарам клуба, тэатра, школы мастацтваў, мала мець мастацкую адукацыю. Сучасны кіраўнік — менеджар, эканаміст, юрыст, а не толькі музыкант, мастак, харэограф… Яму трэба пастаянна асвойваць новыя нарматыўныя дакументы, вырашаць кадравыя і гаспадарчыя пытанні, валодаць напісаннем бізнес-планаў развіцця ўстановы…

Цікавым тут уяўляецца вопыт Расіі, дзе ў творчых ВНУ пры падрыхтоўцы кіраўнікоў, менеджараў і прадзюсараў уведзены абавязковы прадмет «Эканоміка культуры». Хочацца верыць, што ў Інстытуце культуры Беларусі эканамічна-прававы аддзел будзе існаваць не фармальна, а з упорам на аналітыку менавіта эканомікі культуры. Так, для гэтага патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты. Узнікае неабходнасць пастаяннай вучобы для кіраўнікоў арганізацый культуры па эканамічных пытаннях, скарэктаваных на спецыфіку галіны.

Цяпер ідзе аптымізацыя ўстаноў культуры. На мой погляд, гэта неабходны працэс, магчыма, мы нават некалькі спазніліся з яго своечасовым правядзеннем. Для больш эфектыўнага выніку, безумоўна, належала б мець поўны аналіз развіцця ўстаноў культуры, уключаючы іх фінансавыя магчымасці, матэрыяльна-тэхнічную ўзброенасць хаця б за апошнія пяць гадоў, а таксама — стан дэмаграфічнай сітуацыі, кадравага складу… Мо тады прыняцце рашэнняў не было б запозненым?

Варта зазначыць, на жаль, што за апошняе дзесяцігоддзе ў краіне не праходзілі канферэнцыі, «круглыя сталы», якія былі б прысвечаны тэмам культурнай эканомікі. Па эканоміцы культуры практычна няма артыкулаў у айчыннай навуковай літаратуры. Часцей можна прачытаць замежных аўтараў, але шляхі развіцця сферы культуры ў нас адрозніваюцца.

Вельмі важныя пытанні, якія з’яўляюцца вытокам шматлікіх праблем: сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў, работа саміх устаноў, арганізацыйная сістэма сферы… Гэтую тэму варта абмеркаваць асобна.

У матэрыялах «К» шматлікія вострыя пытанні пазначаных праблем разглядаюцца пастаянна, але, у выніку, адбываецца паглыбленне ў самі гэтыя праблемы, а не ў іх рашэнні. Так, газета канстатуе факт. Але намнога цяжэй прымусіць ( а мо наогул абавязаць) чыноўніка, кіраўніка ўстановы рэагаваць на крытычную публікацыю, прымаць канструктыўныя рашэнні і быць у адказе за іх.

Для развіцця творчага патэнцыялу чалавека ў нас многае ўжо зроблена, дзяржава падтрымлівае неабыякавых таленавітых людзей. А вось над удасканаленнем культурнага менеджменту варта сур’ёзна працаваць, і без эканамічнага аналізу тут не абысціся. Яшчэ ў 2010 годзе тагачасны міністр культуры Павел Латушка звяртаў увагу на тое, што «адным з недахопаў нашай дзейнасці з’яўляецца адсутнасць адпаведнай прагнозна-аналітычнай работы ў сферы культуры, якая давала б магчымасць аналізаваць сітуацыю ў культуры, рабіць параўнальны аналіз, карыстацца інфармацыяй нашых суседзяў і выпрацоўваць прапановы па далейшым развіцці галіны».

Як ні парадаксальна прагучыць пад час усеагульнай аптымізацыі, але стварэнне Цэнтра даследаванняў эканомікі культуры не проста неабходна, а жыццёва важна для будучыні нашай культуры, а значыць і жыцця краіны.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: