Дык хто ў тэатры гаспадар?

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Прага гігантаманіі ў анатоміі ТЮГ-аўскага канфлікту. А што ж з рэальнасцю?
Тэатр — рэч выбуханебяспечная. Так-так. У чарговы раз гэта давёў сталічны ТЮГ: днямі мастацкі савет і агульны сход вырашылі аб’явіць вотум недаверу новаму дырэктару Мікалаю Казюліну, які літаральна два месяцы таму заняў гэту пасаду — пасля смерці Юрыя Куліка. З аднаго боку, ні ў адным тэатры, пэўна, не было яшчэ “спакойнай” змены кадраў (ды і ў ТЮГу — таксама). З іншага — у чым усё ж прычына канфлікту? Няўжо толькі ў жаданні дырэктара адмовіцца ад пасады мастацкага кіраўніка, якую зараз займае рэжысёр Уладзімір Савіцкі? “К” выслухала абодва бакі канфлікту, чаго, дарэчы, чамусьці не парупіліся зрабіць іншыя СМІ, апавёўшы пра разлад у трупе.

“ТЮГ спыніўся ў сваім развіцці”

 — Тэатр юнага гледача трэба рэфармаваць, — гаворыць дырэктар Мікалай КАЗЮЛІН. — Не таму, што я так хачу, а таму, што час змяніўся. Фінансаванне змяншаецца — гэта аб’ектыўны фактар. І спадзявацца на нейкі казачны цуд не даводзіцца. Заробім грошы — штосьці будзе. Не заробім — не будзе анічога. Але справа не толькі ў фінансавым рэчышчы. Трапіўшы ў тэатр, я, вядома, пачаў з агляду ўсяго рэпертуару. І прыйшоў да высновы, што ТЮГ спыніўся ў сваім развіцці. Ён не бачыць нічога па-за сваімі сценамі. Тыя ж падлеткі — самы складаны кантынгент. І не толькі ўласна глядацкі, але і, шырэй, грамадскі. А ці ёсць у нас спектаклі, якія адлюстроўвалі б іх жыццё і іх праблемы? Фармальна — ёсць. А на справе — тое, што сёння прапануе тэатр, ім нецікава. Гэта ці школьная праграма, але пададзеная без асаблівай захапляльнасці (адпаведна, з запаўняльнасцю залы працэнтаў на трыццаць), ці проста спектаклі для дарослых, на якія збіраюцца пераважна жанчыны бальзакаўскага ўзросту. І справа не толькі ў выбары п’ес, але і ў звароце да тых альбо іншых выразных сродкаў. Дзеці ўспрымаюць тэатр вачыма, яны прывучаны спяшацца, успрымаць усё з лёту, а на сцэне толькі і робяць, што гутаркі вядуць: дыялогі, маналогі — і нічога не адбываецца. Вось і зводзіць сківіцы ад пазяхання.

Яшчэ адна дэталь. За рэдкім выключэннем, спектаклі — беларускамоўныя. А колькі сярод іх уласна беларускіх твораў? Класіка, зразумела, патрэбная. Але замест таго, каб перакладаць замежныя аўтарскія казкі на беларускую (дадам, што і якасць перакладаў, і маўленне артыстаў часам не самыя дасканалыя), ці не лепш звярнуцца да беларускіх народных? Пакуль іх на афішы — увогуле ніводнай. А чаму? Не абавязкова ж ставіць іх да болю традыцыйна, “у лапцях”, можна пашукаць штосьці цікавае, у тым жа жанры мюзікла, які ўсім даспадобы.

Так, я дзяржаўны чыноўнік. Ці, як казаў пра сябе Валерый Анісенка, узначаліўшы Коласаўскі тэатр у Віцебску, “антыкрызісны ўпраўляючы”. У мяне ёсць свае прапановы, якія дапамогуць зрушыць тэатр з месца, зрабіць яго эканамічна рэнтабельным, каб ён, прабачце, зусім не памёр. З 1-га красавіка я планую зрабіць аддзел маркетынгу і рэкламы, распрацоўкі творчых праектаў і канцэпцыі развіцця тэатра, дзе павінны працаваць шэсць чалавек. Яшчэ пяцёра — у аддзеле гастрольна-канцэртнай дзейнасці, міжнародных культурных сувязей і абслугоўвання гледача. Увогуле, сёння тэатру патрэбны не столькі “савет наймудрых”, складзены з ушанаваных грамадствам прадстаўнікоў старэйшага пакалення, колькі мабільная экспертная група, дзе будзе шырока прадстаўлена найбольш крэатыўная частка трупы, асабліва творчая моладзь — дзёрзкая, дынамічная, лёгкая на ўздым. Выйграць мы можам толькі за кошт яркіх творчых праектаў, бо глядач галасуе рублём.

Прыкладам для пераймання служыць для мяне Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Вось дзе жыццё віруе! Прэм’еры, фестывалі, гастролі, святочныя дзеі. Праекты сыплюцца адзін за адным, дамовы падпісваюцца — ледзь не з усімі опернымі тэатрамі свету. Што ж, маштабы ў ТЮГа — іншыя. Жанры — таксама. А жадання фантанаваць ідэямі павінна быць столькі ж.

Звярніце ўвагу: ніхто не збіраецца аптымізаваць трупу тэатра. Як былі 45 артыстаў — так і застаюцца. А службы могуць і павінны змяняцца.

“Тэатр не можа быць “агітбрыгадай”

— Хочаце ведаць маё меркаванне? — пытаннем на пытанне адказаў мастацкі кіраўнік тэатра, рэжысёр Уладзімір САВІЦКІ. — Наўрад ці мне прыстойна каментаваць рашэнне мастацкага савета і агульнага сходу. Але вотум недаверу Мікалаю Казюліну — гэта, падкрэслю, думка ўсяго калектыву, які не менш за дырэктара дбае пра будучыню тэатра. Вядучыя артысты выказаліся адназначна: так, у тэатры і сапраўды павінен быць адзін кіраўнік. Але — творца, а не адміністратар. Апошняе — гэта прыблізна тое ж самае, што пасадзіць вадзіцеля тралейбуса за штурвал “Боінга”. Я ў драматычным тэатры — 40 гадоў, за маёй спінаю — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. І мой ідэал (у прыватнасці, Тэатра юнага гледача) — гэта вялікі, маштабны, шматпланавы тэатр, заснаваны на класічным рэпертуары для ўсіх узростаў. Ён не можа быць адно “агітбрыгадай”. Асабіста я лічу, што сёння наш ТЮГ, нягледзячы на ўсе складанасці “рамонтнага перыяду”, які доўжыцца ўжо пяць гадоў, — гэта трэці тэатр у краіне, пасля Вялікага і Купалаўскага. Большасць тэатральных гледачоў далучаецца да сцэнічнага мастацтва менавіта праз Тэатр юнага гледача. І нам, і ім час будзе дыктаваць усё больш складаныя задачы, далёка не толькі забаўляльныя, як некаторыя мусяць думаць.

Як сумясціць фінансы з выхаваннем?

Паслухаўшы абодва бакі, так і хочацца прыйсці ў выніку да філасофскага разважання: маўляў, і сапраўды — час усё рассудзіць. Вось толькі — калі? Пакуль жа, спусціўшыся з узнёсла-духоўных нябёсаў на зямлю з усімі яе рэаліямі, даводзіцца канстатаваць, што адказ на пытанне, вынесенае ў назву артыкула, гучыць так: гаспадар у тэатры — глядач. Дакладней, ягоны рубель, пакладзены ў касу ў абмен на квіток. Дык як жа сумясціць фінансавы складнік з выхаваўчым? Як ні дзіўна, вельмі проста: толькі праз па-мастацку прывабныя (і, пажадана, фінансава не асабліва накладныя) праекты. Каб было танна, але — цікава, прыцягальна, павучальна, геніяльна (спіс можна доўжыць да бясконцасці).

На сёння ж — сітуацыя ў тэатры, як у сям’і, дзе ніяк не могуць высветліць, хто галоўны: той, хто грошы прыносіць, ці хто дзяцей выхоўвае. Бо дзеляць абавязкі і ўладу, а не падзяляюць думкі адно аднаго.

Кожны з суразмоўцаў мае сваю рацыю. І ў кожнага ёсць тое, што асабіста мяне — бянтэжыць. Пры ўсёй ініцыятыўнасці новага дырэктара — ці хопіць у яго смеласці не толькі прытрымлівацца сваіх уласных меркаванняў, але і давяраць мастацкаму густу, прыслухоўвацца да заўваг тых жа тэатральных крытыкаў, якія куды больш пабачылі спектакляў, творцаў і кіраўнікоў? А вось цяперашняму мастацкаму кіраўніку не перашкодзілі б канкрэтныя прапановы, як жыць тэатру надалей, каб працвітаць фінансава і творча. Як ні дзіўна, але адчула я і тое, што яднае гэтых непрымірымых, здавалася б, праціўнікаў — прага да гігантаманіі. І ў аднаго і ў другога перад вачыма — прывід Вялікага тэатра. Дык, можа, і сапраўды хай з’яднаюць памкненні? Вось толькі слова “вялікі” хацелася б перакладаць на рускую мову не як “большой”, маючы на ўвазе памеры амбіцый апанентаў, а як “великий” — ва ўсіх сэнсах слова.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"