Леанід НЕСЦЯРЧУК: “Каардынацыйны савет дзейнічае”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Прыемна адзначыць, што Міністэрства культуры апошнія 2 гады працавала даволі інтэнсіўна, асабліва па падрыхтоўцы нарматыўна-прававой базы ў галіне аховы гістарычнай спадчыны і рэалізацыі палажэнняў Закона РБ “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

 /i/content/pi/cult/146/984/Nescyarchuk1.jpg
Сёння мы, спецыялісты ахоўнай справы, цалкам узброены і забяспечаны не толькі Законам, але і неабходнымі метадычнымі матэрыяламі.
На Брэстчыне створана свая сістэма дзейнасці па захаванні і падтрымцы гістарычнай спадчыны, па якой мы працуем ужо амаль 12 гадоў. Сутнасць яе — у дакладнай каардынацыі працы ўсіх зацікаўленых служб, арганізацый і ўстаноў, кадравай палітыцы, планаванні і дастатковым фінансаванні ахоўнай галіны. У выніку маем значны плён. Нашы вопыт і практыка былі ўхвалены Камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у 2001 г. і абагульнены выязной калегіяй Міністэрства культуры ў 2005 г.
Спынюся коратка на тым, што зроблена.
Ва ўсіх гарадах і раёнах Брэстчыны за кошт штатаў аддзелаў культуры ўведзены спецыялісты аховы помнікаў (у асноўным метадысты, з іх 75% маюць вышэйшую і незакончаную вышэйшую адукацыю, 35% — гісторыкі, інжынеры, архітэктары). Усе яны з’яўляюцца сакратарамі каардынацыйных саветаў гар- і райвыканкамаў па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Штогод з імі праводзяцца 2-3 выязныя абласныя семінары, курсы, нарады. Яны запрашаюцца на пасяджэнні абласнога каардынацыйнага савета.
Мы ўжо не ўяўляем сваю працу без удзелу абласнога, гарадскіх і раённых каардынацыйных саветаў, якія ўзначальваюць і праводзяць выключна старшыні выканаўчых камітэтаў.
У прыватнасці, толькі за апошнія 3 гады праведзена 12 пасяджэнняў абласнога савета пад непасрэдным кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара, дадзена больш за 40 канкрэтных даручэнняў, за выкананнем якіх устаноўлены строгі кантроль. Кожнае пасяджэнне пачынаецца з даклада сакратара савета аб выкананні папярэдняга пратакола. Гэта вельмі важна, бо дазваляе паспяхова рэалізаваць нашы планы, працаваць на перспектыву, паказваць прыклад дзелавітасці мясцовым кіраўнікам, у тым ліку сельскім і пасялковым Саветам.
Часам асобныя пытанні заслухоўваюцца паўторна (напрыклад, стан гістарычных паркаў), але мы змаглі такім чынам навесці парадак на руінах Косаўскага, Ружанскага, Ляхавіцкага замкаў, у большасці паркаў.
У структуры аховы спадчыны і рэстаўрацыі вобласці працуюць два унітарныя прадпрыемствы: “Брэстрэстаўрацыя” з філіялам “Брэстрэстаўрацыяпраект”. Праектная арганізацыя загружана заказамі цалкам, што сведчыць аб зацікаўленасці мясцовых органаў улады займацца ахоўнай і рэстаўрацыйнай справай прафесійна.
 /i/content/pi/cult/146/984/Nescyarchuk2.jpg
Працуем па гадавых планах каардынацыйнага савета і 2-х перспектыўных праграмах да 2010 года: рэстаўрацыі прыярытэтных аб’ектаў (іх абрана 26) і будаўніцтва новых манументальных помнікаў (за 3 гады ўзведзены 43 новыя памятныя знакі), на падставе якіх распрацаваны і рэалізуюцца таксама праграмы аднаўлення помнікаў у ствараемых аграгарадках (55 аб’ектаў), у малых гарадах (18 аб’ектаў) і праграмы развіцця турыстычнай інфраструктуры (59 аб’ектаў). З 26-ці прыярытэтных аб’ектаў (у тым ліку 8 рэспубліканскіх) на 15-ці распрацоўваецца навукова-праектная дакументацыя, на 11-ці вядуцца рэстаўрацыйныя работы. За апошнія 3 гады ўведзены ў эксплуатацыю 3 аб’екты: гістарычны будынак драмтэатра ў Пінску, Дом-музей Т.Касцюшкі ў Івацэвіцкім раёне і карцінная галерэя ў музейным комплексе Н.Орды Іванаўскага раёна.
Карыстаючыся выпадкам, дазвольце падзякаваць Міністэрству культуры Беларусі, асабіста вам, паважаныя Уладзімір Фёдаравіч Матвейчук, Уладзімір Паўлавіч Грыдзюшка і Васіль Яўгенавіч Абламскі, за падтрымку нашых намаганняў і прапаноў перад Прэзідэнтам і Урадам краіны аб унясенні Косаўскага палаца ў інвестыцыйную праграму на 2008 год.
У 2005 г. на праектна-рэстаўрацыйныя работы з абласнога бюджэту выдаткоўвалася 250 млн. рублёў, у 2006 — 400 млн., у 2007 — 1,4 млрд., якія асвоены цалкам; на 2008 запланавана 2,6 млрд. рублёў.
За 2007 г. на рэстаўрацыйныя работы паступілі таксама 50 тыс. Долараў ЗША— гэта сродкі ЮНЕСКО на працяг праектавання 2-й чаргі рэстаўрацыі Косаўскага палаца, прызнанага Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКО разам з адноўленым Домам-музеем Т.Касцюшкі прыярытэтным аб’ектам для развіцця міжнароднага турызму.
На 1 студзеня 2008 г. у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей унесены 711 аб’ектаў, завершаны заключэнне ахоўных абавязацельстваў, складанне ўліковых картак і ўсталяванне ахоўных дошак.
 /i/content/pi/cult/146/984/Nescyarchuk3.jpg
Коратка аб праблемах, над якімі працуем, і прапановы Міністэрству культуры
1. Прыступілі да падрыхтоўкі навукова-праектнай дакументацыі на ахоўныя зоны. Тут трэба адзначыць, што гэтая праца ідзе вельмі марудна, бо не адпрацаваны механізм далучэння і павышэння зацікаўленасці ў гэтай справе ўласнікаў помнікаў архітэктуры.
2. Вырашаем вельмі актуальную праблему: трэць абеліскаў і мемарыяльных знакаў на брацкіх магілах, узведзеных у 1950 — 1960 гг. з цэглы і бетону, практычна страцілі мастацкія, архітэктурныя і фізічныя якасці і патрабуюць тэрміновай замены на новыя, больш прывабныя, — з каменю, металу і іншых трывалых матэрыялаў.
Вельмі добрая справа зроблена ў 2006 г. Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, калі фінансавыя сродкі ад суботнікаў былі накіраваны на падтрымку помнікаў баявой славы. У выніку на Брэстчыне 21 помнік стаў узорна-паказальным. Просьба, каб такая практыка мэтавага фінансавання была прадоўжана.
3. Пры сустрэчы з вамі год таму на рэспубліканскай нарадзе, паважаны Уладзімір Фёдаравіч, я выказаў просьбу паскорыць выхад ілюстраванага выдання “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”. Як нам вядома, праца пакуль выканана на электронных носьбітах, таму яшчэ раз прашу вярнуцца да гэтай тэмы і нарэшце вырашыць гэтую, на наш погляд, не надта складаную праблему: выпусціць Дзяржаўны спіс у друкаваным варыянце.
І апошняе. Нядаўна прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны” № 527 ад 18.10.2007. Пасля таго, як мы прыступілі да рэалізацыі Указа, пасыпалася мноства званкоў з пытаннямі аб механізме адлічэнняў і выплаты кампенсацыі за прадпрымальніцкую дзейнасць пры эксплуатацыі, арэндзе помнікаў, якая пагражае нанясеннем ім шкоды, і г. д. Просім правесці з намі і нашымі спецыялістамі канкрэтную тлумачальную работу, каб рэалізацыя Указа ажыццяўлялася паспяхова. 

Леанід НЕСЦЯРЧУК,
галоўны спецыяліст,
сакратар каардынацыйнага савета
Брэсцкага аблвыканкама па ахове матэрыяльнай
і духоўнай спадчыны, кандыдат гістарычных навук