А гледачоў чаму ўсяго на паўпартэра?

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Надзея БУНЦЭВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Мінулым тыднем у сталічнай філармоніі ладзілася вечарына да 70-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага мастацтвазнаўцы і этнографа Міхася Раманюка, які ўсё сваё жыццё прысвяціў збіранню, вывучэнню, рэканструкцыі народных строяў. Замест традыцыйных прамоў мы ўбачылі спектакль-гімн “Вандроўнік” — нечакана паэтычны, тонкі, кранальны. І — літаральна палову партэра, не гаворачы пра пустыя бельэтаж з балконам...

/i/content/pi/cult/465/9839/122-1.jpgМожа, не спрацавала рэклама? Але былі афішы, абвесткі па тэлебачанні, інфармацыя ў сацыяльных сетках. Прычым усё гэта — з акцэнтам на тым, што сцэнічная дзея больш нідзе і ніколі не паўторыцца. У чым жа справа? Так, сам па сабе канец студзеня — час не самы спрыяльны: у студэнтаў заканчваецца сесія, многія раз’ехаліся на канікулы. Але ж публіка — гэта не адно студэнцкая моладзь! Міжволі напрошваліся параўнанні: тая ж прэм’ера “Пана Тадэвуша” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы не толькі збірала аншлагі (прычым чатыры дні запар, бо да трох прэм’ер трэба далучыць папярэдні грамадскі прагляд), але і выклікала небывалы розгалас.

Чаму такія параўнанні? Бо абедзве прэм’еры — тэатральныя дзеі, наўпрост звязаныя з нацыянальнай тэмай. Пры гэтым “Вандроўнік”, здавалася б, павінен быў бы выклікаць куды большыя дыскусіі, абмеркаванні. Кампазітар Ларыса Сімаковіч, якая ў дадзеным выпадку выступіла найперш сцэнарыстам і рэжысёрам, што для яе далёка не ўпершыню, стварыла абсалютна нечаканую кампазіцыю. Да аўтэнтычных беларускіх спеваў надзіва натуральна дадалася музыка А.Вівальдзі ў выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі — як сімвал папраўдзе касмічнай вечнасці. Гліняныя збанкі-гаршэчкі ў сцэнаграфіі спалучыліся з павуціннем асацыятыўных повязяў — у выглядзе павялічаных даматканых нітак (мастак — Ірына Мазюк). У якасці артыстаў — фолк-тэатр “Госьціца”, этна-суполка БДУКіМ, студэнты творчай майстэрні У.Мішчанчука (БДАМ). Усе — у нацыянальных строях з калекцыі прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца”. І з нечаканымі пластычна-харэаграфічнымі ўсплёскамі, што ядналі фолк з мадэрнам. А да ўсяго — Вандроўнік і Птушка, што быццам вялі паміж сабой філасофскі дыялог, складзены з фрагментаў дзённікаў М.Раманюка, тэкстаў У.Караткевіча і самой Л.Сімаковіч.

Можа, гэты праект, заснаваны на сінтэзе мастацтваў і выкананы ў эстэтыцы сімвалізму і неаімпрэсіянізму, — не самы адметны ў творчасці Л.Сімаковіч. Бывалі ў яе і больш уражвальныя! Можа, непасрэдна са спектакля ўсё ж складана, нават немагчыма было ўявіць усю тую бязмежнасць творчай спадчыны, што пакінуў нам Раманюк. А гэта безліч багатых на зборы этнаграфічных экспедыцый (між іншым, за ўласны кошт), каля паўтары сотні рэканструкцый народных строяў, касцюмы для вядучых прафесійных калектываў — Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча і Дзяржаўнага ансамбля танца, шматлікія публікацыі, ілюстрацыйныя матэрыялы, нарэшце, часопіс “Мастацтва”, які ён арганізоўваў, стаў яго першым галоўным рэдактарам. Але “дадаткам” да спектакля сталі і праграмка, зробленая як эсэ, і ўступнае слова сына — Дзяніса Раманюка. Шкада толькі, што не было запланаванай выстаўкі.

Дык дзе наш праславуты патрыятызм? Я ўжо не кажу, што праект, як мне ўяўлялася, павінен быў выклікаць непадробную мастацкую цікавасць — ужо самой спробай сумясціць фолк з барока і мадэрнам. Што гэта — асаблівасць беларускага патрыятызму? Тое, што звязана з уласна духоўнасцю і культурай у яе глыбінным разуменні, атрымліваецца — быццам бы ўжо і не ён, не патрыятызм? Ці... гэткі “незапатрабаваны” патрыятызм. А што ж цяпер наогул цікавіць гледача? Вось дзе пытанне!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"