Палажэнне аб Рэспубліканскім конкурсе “Дзеці малююць хакей”

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г


ЗАЦВЯРДЖАЮ

Міністр інфармацыі

Рэспублікі Беларусь

А.В. Праляскоўскі

10.01.2014г.

 

1. Конкурс “Дзеці малююць хакей” прысвечаны 78-му Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай, які адбудзецца з 9 па 25 мая ў г.Мінску.

Арганізатар конкурсу малюнка — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, выдавецтва “Рыфтур”.

2. Мэта конкурсу малюнка: выхаванне патрыятызму, любові да сваёй Радзімы, папулярызацыя ў асяродку дзяцей і падлеткаў актыўных заняткаў спортам, якія ўмацоўваюць арганізм, дапамагаюць пазбавіцца шкодных звычак, спрыяюць развіццю фізічных і маральных якасцей.

3. Узрост удзельнікаў.

Конкурс малюнка праводзіцца ў дзвюх узроставых групах:

1 група — дзеці 8 — 11 гадоў ;

2 група — дзеці 12 — 16 гадоў ;

У конкурсе могуць прымаць удзел вучні сярэдніх адукацыйных школ, пазашкольных устаноў выхавання і навучання, а таксама студый выяўленчага мастацтва, мастацкіх школ і школ мастацтваў.

4. Галоўная тэма конкурсу — 78-ы Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай. У гэтым чэмпіянаце прыме ўдзел 16 нацыянальных каманд: трынаццаць з Еўропы, дзве з Паўночнай Амерыкі і адна з Азіі.

Афіцыйным талісманам Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай-2014 стаў зубр па імені Волат (з бел. — "богатырь"), які грае ў хакей (аўтар — дызайнер Віталь Арцюх) .

Хакей — гэта захапляльная спартыўная гульня, якая вельмі падабаецца дзецям. У нашай краіне штогод праводзяцца спаборніцтвы “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і менавіта дзякуючы гэтаму турніру дзіцячы хакей атрымаў масавае развіццё. На старт выходзяць аматарскія хакейныя каманды. “Залатая шайба” для юных беларускіх хакеістаў — гэта не толькі азартныя спаборніцтвы, цікавыя экскурсіі і памятныя прызы, але і рэальны шанс заявіць пра сябе, трапіць у спецыялізаваныя спартыўныя школы па хакеі, каб працягнуць прафесійна спартыўную дзейнасць .

5. Тэхніка мастацкіх работ. Конкурсныя працы могуць быць выкананы ў любым жанры: малюнак, жывапіс, графіка — і любымі матэрыяламі: акварэль, гуаш, алей, туш, каляровыя алоўкі, пастэль.

6. Памер работ — не больш за 50х70 см.

7. Тэрміны падачы: да 15 лютага 2014 г. (па паштовым штэмпелі).

8. Афармленне работ. Працы падаюцца без рамак з этыкеткай на адваротным баку кожнага малюнка, тлумачэнне запаўняецца абавязкова акуратна, разборлівым почыркам на беларускай або рускай мовах: указваецца назва работы, прозвішча, імя дзіцяці, яго ўзрост і хатні адрас.

Калекцыі работ ад студый, школ і іншых калектываў суправаджаюцца спісам з абавязковым указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка. Ад кожнага аўтара прымаецца не больш за 2 работы, ад калектыву — не больш за 20. Рэкамендуецца правесці ў студыях, гуртках, школах папярэдні адбор.

9. Вынікі конкурсу будуць падведзены да 15 сакавіка 2014 года.

Лепшыя работы будуць прадстаўлены на выстаўцы ў час вясновых канікул у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (г.Мінск, вул. Кірава, 14).

Пераможцы конкурсу “Дзеці малююць хакей” вызначаюцца ў кожнай узроставай групе і ўзнагароджваюцца памятнымі Дыпломамі.

Вынік праекта: работы пераможцаў конкурсу будуць выдадзены ў мастацкіх паштоўках “Дзеці малююць хакей”.

10. Работы дасылаюцца на адрас: 220004, г.Мінск, пр-т Пераможцаў, 19а, выдавецтва “Рыфтур”, тэлефон для даведак: (017) 226-94-32.

*Конкурсныя працы аргкамітэтам вяртаюцца пры асабістым звароце.

**Аргкамітэт конкурсу мае права выкарыстоўваць працы на працягу года ў праектах некамерцыйнага характару.