Кінафестываль у малым горадзе: сваімі сіламі, але з рэспубліканскімі амбіцыямі

№ 5 (1131) 01.02.2014 - 07.02.2014 г

Аматарскае кіно: ці ёсць у яго шанс стаць новым відам народнага мастацтва?
Адкрыты конкурс аматарскага фільма імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно” распачаўся ў Полацку. Ён пройдзе ў восем тураў і завершыцца 17 снежня — у Дзень беларускага кіно. Для ўдзельнікаў конкурсу няма абмежаванняў па ўзросце. Арганізацыйны бок конкурсу забяспечыць спонсар.

Падавалася б, творчае спаборніцтва рэспубліканскага маштабу прасцей зладзіць у Мінску. У сталіцы для гэтага найлепшыя ўмовы і магчымасці. Але згаданы конкурс тым і цікавы, што ягоным ініцыятарам з’яўляецца раённы цэнтр. У гэтым бачыцца праява пазітыўнай тэндэнцыі — работнікі культуры ў рэгіёнах не азіраюцца на сталіцу, не чакаюць з Мінска ідэй ды грошай на іх рэалізацыю, ладзяць маштабныя праекты на мясцовым матэрыяле.

Конкурс імя Юрыя Тарыча не адзінае ў нашай краіне творчае спаборніцтва фанатаў экранных мастацтваў. З 2010 года праводзіцца фестываль мабільнага кіно “Smartfilm”, адбудзецца сёлета і чарговы міжнародны фестываль кароткаметражак “Cinema perpetuum mobile”, можна згадаць форум альтэрнатыўнага кіно “Кіна Varka” і конкурс аматарскага краязнаўчага фільма “Гэта мой край” у Вілейцы. Полацкі фэст належыць да гэтага шэрагу, але мае адметнасць. Пра яе гаворыць Алена Астапава, якая ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адказвае за культурны чыннік:

— Наш конкурс імянны. Ён мае геаграфічную і гістарычную прывязку. Юрый Тарыч — наш зямляк. Яшчэ ў 2010 годзе ў Полацку перад кінатэатрам “Радзіма” быў пастаўлены помнік-бюст выдатнага майстра кіно, а сёлета ягоная памяць ушанавана фэстам кінематаграфістаў-аматараў. Маем на мэце папулярызацыю кінавідэатворчасці, выяўленне новых імёнаў. У конкурсе дзве намінацыі: ігравое кіно і дакументальнае. У адрозненне ад спаборніцтва, што праводзілася ў Вілейцы, наша не мае тэматычнай акрэсленасці, а значыць — можа прывабіць больш удзельнікаў. Паводле планаў конкурс павінен у блізкай перспектыве стаць нацыянальным фестывалем аматарскага кінематографа.

Каб сваё кіно глядзелі...

Дагэтуль Полацк быў вядомым сваім музычным фестывалем “Званы Сафіі”. Цяпер жа, калі справа пойдзе, пабагацее яшчэ на адзін брэнд. На гэта спадзяюцца патрыёты Полаччыны. Сярод іх — Феактыст Фёдараў, якога ў згаданым аддзеле райвыканкама нам прадставілі як ініцыятара, аўтара ідэі Конкурсу імя Юрыя Тарыча. Сваю зацікаўленасць у згаданым кінафэсце ён тлумачыць наступным чынам.

— Мая пасада — дырэктар кінатэатра “Радзіма”, — кажа Фёдараў. — І з майго службовага гледзішча я аддаю належнае таленту і прафесіяналізму стваральнікаў маштабных кінапалотнаў, што зроблены ў апошнія гады на “Беларусьфільме”. Але не магу абмінуць непрыемны факт: масавы глядач іх практычна ігнаруе. Быў выпадак, калі на сеансе шырока разрэкламаванага фільма вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі ў нашым кінатэатры было двое гледачоў. І адзін з іх — я. Потым, зразумела, на фільм пайшоў глядач “арганізаваны” — школьнікі, студэнты… Што б ні казалі пра дасягненні айчыннага кінематографа, але кінапракат робіць план на фільмах замежных. Вось мне і падумалася, што змяніць сітуацыю на лепшае здолеюць новыя людзі, якія прыйдуць у тым ліку і з аматарскага кіно. Конкурс, які ініцыявалі я і мае калегі, дапаможа выявіць патэнцыяльных творцаў. Прыемна, што наша ідэя знайшла разуменне ў кіраўніцтва Полаччыны, што згоду супрацоўнічаць з намі далі “Беларусьфільм”, Акадэмія мастацтваў, Інстытут журналістыкі БДУ. Спадзяюся, што на ўдзельнікаў конкурсу звернуць увагу тыя, хто рыхтуе кадры для беларускага кіно. У гэтым я бачу асноўны сэнс конкурсу імя Юрыя Тарыча.

Дарэчы, на Нацыянальнай кінастудыі, куды мы звярнуліся па каментарый, нам паведамілі, што пакуль ёсць толькі вусная дамова пра супрацоўніцтва паміж арганізатарамі конкурсу і “Беларусьфільмам”, а да падпісання афіцыйнага дакумента гаварыць пра што-небудзь канкрэтнае — зарана. А вось дэкан факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Павел Іваноў засведчыў сваю цікавасць да творчасці кінааматараў.

— Выкладчыкі факультэта — рэжысёры, аператары — возьмуць удзел у рабоце журы. Маем намер правесці майстар-клас для тых удзельнікаў конкурсу, якія пройдуць у фінальную частку. Мяркуем прыехаць у Полацк, паказаць там нашы творчыя і вучэбныя работы, расказаць пра факультэт. Гэта таксама будзе своеасаблівым майстар-класам. Арганізуем абмеркаванне адзначаных на конкурсе фільмаў у прафесійным коле, сіламі вядомых кінакрытыкаў і кіназнаўцаў. Маем папярэднюю прапанову пра тое, каб пераможцы конкурсу мелі бонусы пры паступленні на наш факультэт. Адзначу толькі, што сярод нашых студэнтаў ёсць тыя, хто быў адзначаны на рознага ўзроўню фэстах аматарскага кіно.

Патэнцыйныя ўдзельнікі

На пытанне, каго з палачан спадар Феактыст бачыць сярод актыўных удзельнікаў, ён назваў Аляксандра Змітраценку, сацыяльнага работніка Полацкага гарвыканкама, які ў аматарскі кінематограф прыйшоў ужо маючы досвед у іншых творчых галінах.

— Я скончыў музычнае вучылішча, быў сябрам літаб’яднання, пісаў вершы і апавяданні, а потым мяне зацікавіла кіно, — распавядае той. — Аднак з пэўных прычын працаваць у гэтай галіне прафесійна ў мяне не атрымалася. Таму раблю з сябрамі аматарскае кіно. Я здымаю і рэжысірую, сцэнарыі пішуць іншыя. Фільмы пастановачна-ігравыя, поўнаметражныя — ад 50 хвілін. Наш апошні фільм “Ігрок” пра тое, як дэградуе асоба, падуладная згубным жарсцям. Гэта стужка, як іншыя нашы работы, скіравана найперш на маладзёжную аўдыторыю. Для фестывалю рыхтуем спецыяльны праект, які будзе адпавядаць замоўленаму аргкамітэтам метражу — 20 хвілін. Ад форуму чакаем сумоўя з аднадумцамі. У мяне ўражанне, што такіх, як мы, заўзятараў аўтарскага кіно ў Беларусі няшмат. Прынамсі, з імі мы мала кантактуем. Нас жа ведаюць у Расіі, Польшчы, у Францыю запрашалі, але на такую паездку грошай няма. Для Полацка фестываль, канешне ж, стане святам…

Спадара Змітраценку і ягоных калег больш ведаюць за мяжой. Хочацца спадзявацца, што Конкурс імя Юрыя Тарыча засведчыць іх запатрабаванасць на радзіме.

А партнёры?

Зрабіць фэст без дапамогі спонсараў — немагчыма. Таму слова Аляксею Голубеву, прадстаўніку прыватнай тэлекампаніі, якая бярэ на сябе матэрыяльныя і арганізацыйныя выдаткі Конкурсу імя Юрыя Тарыча.

— Мы будзем прымаць матэрыял, рабіць ягоны адбор паводле тэхнічных крытэрыяў, рассылаць членам журы, арганізуем на сваім канале інтэрактыўнае галасаванне гледачоў. Акрамя творчага задавальнення, конкурс дае нам магчымасць пабачыць, якія сюжэты і тэмы цікавяць кінааматараў, і зрабіць пэўныя высновы для сваёй прафесійнай дзейнасці. Да таго ж, жадаем дапамагчы кінааматарам атрымаць кампетэнтную ацэнку іх працы ад прафесіяналаў кіно і журналістыкі. Зрэшты, мы працуем на сябе. Хтосьці з удзельнікаў конкурсу можа стаць нашым партнёрам.

Актывісты, дзяржаўныя ўстановы і камерцыйныя структуры могуць знайсці паразуменне на добрай справе. А ўдзельнікамі імпрэз кшталту Конкурсу імя Юрыя Тарыча становяцца і тыя, хто мае намер зрабіць кіно сваёй прафесіяй, і тыя, для каго яно — проста захапленне, не звязанае з кар’ернымі амбіцыямі. Інакш кажучы, пачаткоўцы-адмыслоўцы і аматары.

Асабісты досвед

Падобна на тое, што гэта і пра кінааматара Дзмітрыя Іўчанку, кіраўніка народнай кінастудыі “Летапіс” пры Талачынскім гарадскім доме культуры. Спадар Дзмітрый кажа:

— Наша народная кінастудыя ўтварылася яшчэ за савецкім часам. Яна пачалася з кінакамеры, якой здымалі культурныя мерапрыемствы для архіва. Гэта была чыстая дакументалістыка. Але тая справа з’яднала людзей з творчымі схільнасцямі, якім было цікава не проста фіксаваць падзеі, але рабіць нешта сваё. Напачатку, у дадатак да зразумелых матэрыяльных цяжкасцей, мы мелі і праблемы арганізацыйныя. На пасадзе кіраўніка студыі людзі не затрымліваліся. Сыходзілі, папрацаваўшы год-два. У нейкі момант узначаліць суполку было прапанавана мне. Працаваць на поўную стаўку не атрымліваецца, трымае асноўная праца электрамеханіка на Аршанскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі.

Сёння студыя  — гэта недзе з дзясятак аматараў кіназдымак. Калі б у нас была лепшая матэрыяльная база, мы і збіраліся б часцей, і кантактавалі б больш шчыльна. Досвед работы з кінакамерай у мяне быў яшчэ да студыі. Я здымаў для сябе сваю сям’ю, дзяцей, турысцкія паходы, прыроду. Уласна кажучы, гэтым жа я займаюся і зараз. Я не маю мэты здзіўляць гледачоў, але дакладна занатоўваю тое, што асабіста мне блізка і дорага. Яшчэ я захапляюся фатаграфіяй і маю ў Сеціве сайт, куды выкладаю краявіды.

Часам у мяне пытаюцца, ці не хацеў бы я зняць мастацкую стужку. У фільме дакументальнага зместу “Мы нашчадкі дручан”, які ў 2012 годзе атрымаў галоўны прыз Конкурсу аматарскіх краязнаўчых фільмаў у Вілейцы, задзейнічаны акцёры-аматары. Але адна справа — ігравыя эпізоды, іншая — паўнавартасны ігравы фільм. Сёння такі праект быў бы для нашай народнай кінастудыі непад’ёмным. Можа калі-небудзь…

Хто ведае, мо ўдзел у полацкім фэсце падагрэе творчыя амбіцыі кінааматараў “Летапісу”, і мара пра поўнамаштабны ігравы фільм стане рэальнасцю...

Погляд эксперта

Аляксандр Мартынюк, каардынатар праекта “Cinema perpetuum mobile” ў Беларусі, таксама мае прафесію, далёкую ад кінатворчасці, але кіно стала часткай ягонага жыцця. Ён неабыякавы да сённяшняга стану беларускага кінематографа і ягоных перспектыў:

— На маю думку, у сённяшнім кінематографе падзел на прафесійную дзейнасць і аматарства  — чыста ўмоўны. Мяжа ёсць, але яна размытая. Гэта як паэзія. Калі яна ў наяўнасці, дык не мае значэння, з’яўляецца аўтар вершаў сябрам Саюза пісьменнікаў ці не.

Зразумела, маштабны праект можна здзейсніць толькі на паўнавартаснай кінастудыі. Але моцная вытворчая база — яшчэ не гарант з’яўлення твора мастацтва. Скажу больш: прафесійны асяродак (прычым не толькі ў кінематографе) часта бывае кансерватыўным, неразваротлівым і занадта прагматычным. Таму людзі, якія да ўсяго дайшлі сваім розумам і робяць кіно не дзеля заробку, а, як кажуць, для душы, могуць быць грамадзе цікавейшымі за дыпламаваных спецыялістаў. Ёсць, аднак, мінімальны ўзровень тэхнічных ведаў, без якога зрабіць у кінематографе нешта прыстойнае проста немагчыма. З гэтай акалічнасці мы зыходзім пры адборы фільмаў для конкурснага паказу. І мушу сказаць, што так званыя самаробкі не саступаюць якасцю работам студэнтаў-кінематаграфістаў Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Мне цяжка сказаць, наколькі кінафэсты кшталту “Cinema perpetuum mobile” ўплываюць на агульны стан беларускага кінематографа. Фестываль  — міжнародны. Прадстаўленыя на ім фільмы даюць уяўленне пра сусветныя тэндэнцыі і нацыянальныя школы. Каб паказы фільмаў праходзілі ў сценах нашай Акадэміі мастацтваў, каб іх бачылі студэнты факультэта экранных мастацтваў — карысць была б. Мы зрабілі Акадэміі такую прапанову...

Фестываляў кшталту нашага ў Беларусі няшмат. І праз гэта гаварыць пра значны ўплыў на культурны працэс не выпадае. На ім фактычна не прадстаўлена беларуская глыбінка. Толькі сталіца і вялікія гарады. Мы, шчыра кажучы, маем кепскае ўяўленне пра творчы патэнцыял рэгіёнаў, але з радасцю віталі б аўтараў з іх.

Замест рэзюмэ

Мы звыкла лічым народным мастацтвам ткацтва, разьбярства, ганчарства, кавальства, з’яўленне і развіццё якіх было абумоўлена самадастатковасцю натуральнай гаспадаркі. Між тым, сёння вёска страціла сваё класічнае аблічча і ўяўляе ў эканамічным, культурным і ментальным сэнсах працяг горада. У гэтых умовах традыцыйная культура захоўваецца дзякуючы намаганням энтузіястаў, якія бачаць у ёй апірышча нацыянальнай тоеснасці, і падтрымцы дзяржавы, для якой этна — турыстычны брэнд.

Разам з тым, ва ўрбанізаваным асяродку “народнай творчасцю” сталі з’явы, якія, здаецца, зусім нядаўна патрабавалі спецыяльнай адукацыі і сур’ёзнага тэхнічнага забеспячэння. Гэта, у прыватнасці, мастацкая фатаграфія і аматарскае кіно. Сюды варта дадаць аздобу прыватнай прасторы, для якой “акном у свет” з’яўляецца камп’ютар, падключаны да Сеціва, — каб можна было выкладаць на ўласны сайт узоры сваёй творчасці. І насамрэч, смартфоны ёсць нават у дзяцей, а смартфонамі можна здымаць відэа. Ды і дарагая фота- і відэатэхніка ў руках нікога не здзіўляе.

...Мой старэйшы брат у дзяцінстве з фанеры лобзікам карункі выпільваў, я — акварэллю нацюрморты ў мастацкай школцы маляваў, у маіх дзяцей ёсць камп’ютар… У шэрагу краін, геаграфічна ад нас недалёкіх, асновы кінамастацтва можна засвоіць ужо ў сярэднім школьным узросце. Мяркую, што Беларусь не можа застацца ўбаку ад гэтай тэндэнцыі. Таму згаданыя вышэй кінафэсты, якія сваім зместам нагадваюць імпрэзы кшталту “Мы шукаем таленты!” і “Фабрыка зорак”, не павінны быць па-за ўвагай дасведчаных прафесіяналаў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"