Прыёмы “Адрова”

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

17 студзеня ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылося адкрыццё выстаўкі вырабаў народнай студыі разьбы па дрэве “Адроў” аршанскага Дома рамёстваў.

Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Кацярына Лабука адзначыла, што цягам стагоддзяў беларускі народ, у тым ліку і на Віцебшчыне, ствараў сваю самабытную культуру, значнай часткай якой з’яўляецца апрацоўка драўніны. Яскравым прыкладам выкарыстання гэтага рамяства, якое жыве і ў наш час, з’яўляецца народная студыя разьбы па дрэве “Адроў”.

Яна была створана ў 1985 годзе па ініцыятыве мастакоў горада Барань і з’яўляецца адной са старэйшых у Віцебскай вобласці. Асноўныя кірункі дзейнасці клуба: навучанне ўдзельнікаў студыі мастацкай апрацоўцы дрэва, папулярызацыя народнай творчасці сярод насельніцтва.

Цяпер кіраўнік студыі “Адроў” — Ігар Пахомчык, які не толькі вучыць маладых, але і сам стварае розныя вырабы: разьбярныя, такарныя, бандарныя. На кожную выстаўку, фестываль, конкурс майстар выстаўляе свае новыя работы. Ігар Сцяпанавіч працуе з рознай драўнінай у шэрагу тэхнік выканання і ў розных відах разьбы.

Пад час імпрэзы былі прадэманстраваны віды і прыёмы апрацоўкі драўніны. Гледачы ўбачылі тут вырабы з элементамі геаметрычнай, аб’ёмна-рэльефнай разьбы, аб’ёмнай пластыкі, выпальвання, бандарскай тэхнікі. А добры і вясёлы настрой надаў народны ансамбль народнай песні і музыкі “Выцінанка” з Аршанскага раёна.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці