Выратаванне ад адзіноты

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Літаратурна-музычная гасцёўня “Алімп“, заснаваная пры Цэнтральнай раённай бібліятэцы, працуе з 1983 года. За гэты час яна ўзбагаціла многіх случчан духоўна, садзейнічала выхаванню літаратурнага густу, стала выратаваннем ад адзіноты.

Тут адзначаюцца юбілейныя даты знакамітых пісьменнікаў, музыкантаў, ладзяцца прэзентацыі кніг, творчыя вечарыны, ушаноўваецца памяць славутых землякоў. Такім чынам, пасяджэнні ў “Алімпе” з’яўляюцца своеасаблівым цэнтрам творчага супрацоўніцтва, духоўных стасункаў майстроў пяра, прадстаўнікоў тэатральнай і музычнай сцэны.

“Алімп” — дзейсная форма далучэння чытачоў да бібліятэкі, да багаццяў духоўнай культуры. У наш час выразна адчуваецца дэфіцыт жывых чалавечых зносін, культурная настальгія, таму асноўная мэта гасцёўні — садзейнічаць таму, каб чалавек не замыкаўся ў сабе, а імкнуўся да духоўнасці.

Гасцёўню прыдумала ранейшы дырэктар Цэнтральнай гарадской бібліятэкі Тамара Шахновіч. Пра тое, каб гасцям было ўтульна, клапацілася колішні загадчык аддзела абслугоўвання Мая Казека. Душой гасцінай і яе таленавітымі арганізатарамі былі колішнія дырэктар ЦРБ Людміла Лазоўская і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі чытачоў Галіна Пенязь.

Яркімі, запамінальнымі, надзвычай цікавымі былі нядаўнія творчыя сустрэчы з беларускімі пісьменніцамі Наталляй Батраковай і Тамарай Лісіцкай. Хочацца прыгадаць і вечарыну-партрэт з удзелам прафесара, анколага-мамолага Леаніда Путырскага, пад час якой адбылася прэзентацыя яго кнігі-споведзі, кнігі-падручніка “Удар маланкі”. Літаратурна-музычная вечарына “Паэт. Акцёр. Спявак” аб’яднала аматараў творчасці Уладзіміра Высоцкага. Цікавая, эмацыянальная сустрэча “ Я вучань, я імкнуся разгадаць ...” з празаікам, паэтам, публіцыстам, дырэктарам Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навумам Гальпяровічам зацікавіла прыхільнікаў роднай літаратуры і мовы. Да Дня горада, напярэдадні абласнога свята рамёстваў “Слуцкія паясы”, прайшла літаратурна-музычная вечарына “Случчанка зладзіць зноў красейцы, каб ткаць златыя паясы”... А ў снежні 2013-га гасцёўня запрасіла на монаспектакль “Гімн таленту славутага паэта”, прысвечаны 215-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

Шчырыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць людзям, якія дапамагаюць у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў “Алімпа”: дырэктару школы мастацтваў Наталлі Сапелкінай, рэжысёрам Яўгену Сакольскаму, Алегу Пінчуку...

Час ідзе, а літаратурна-музычная гасцёўня “Алімп” па-ранейшаму застаецца тым аазісам духоўнасці, які так патрэбны людзям. Яе дзверы заўсёды будуць адкрыты для тых, хто імкнецца ўзбагаціцца і адпачыць духоўна, наталіцца прыгажосцю мастацкага слова.

Валянціна ЦЭГАЛКА, загадчык аддзела абслугоўвання Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі