На віртуальнай музейнай пляцоўцы будзе прадстаўлена шмат рознай інфармацыі: відэаінтэрв’ю, аўдыязапісы, фатаграфіі сведкаў падзей, тэкставыя матэрыялы, сабраныя ў Латгаліі, на тэрыторыі Гродзенскай і Віцебскай абласцей.
Пра стварэнне музея распавядае Сяргей Піваварчык:
— Праект пачаў дзейнічаць з 1 сакавіка 2013 года, і разлічаны ён на 15 месяцаў. Пад час рэалізацыі Гродзенскі і Даўгаўпілскі ўніверсітэты будуць займацца запісам вуснай гісторыі, кожны з партнёраў размесціць у музеі па 150 адзінак.
На сёння зроблены палявыя даследаванні некропаляў, ідзе падрыхтоўка навуковых тэкстаў. Адзін з вынікаў праекта — стварэнне навуковай манаграфіі па такой спецыфічнай тэме, як могілкі-некропалі. Сабрана значная колькасць адзінак вуснай гісторыі, і ўжо ў лютым мае быць створана электронная пляцоўка, дзе знойдуць месца старонкі двух партнёраў. А з сакавіка павінны размясціцца матэрыялы, што будуць падавацца на беларускай ці латышскай мовах, а таксама ў перакладзе на англійскую.
— Яшчэ адзін кірунак, які хочам выкарыстаць, — запісы ўспамінаў ветэранаў універсітэта, — адзначае суразмоўца. — Універсітэт быў створаны яшчэ ў 1940 годзе, і яго мінулае адлюстроўвае гістарычныя працэсы. Наш абавязак — запісаць успаміны, каб пасля маладое пакаленне змагло выкарыстаць іх у даследаваннях.
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна