Як вам партрэт дзяўчыны з зялёнымі вачамі ў дзевяць паверхаў вышынёй?! Менавіта такі фасад упершыню ўбачыў трыццаць гадоў таму недзе ў Юрмале. Як мне патлумачылі, урбаністычны партрэт стаў вынікам светлага чэрвеньскага бяссоння аднаго з маладых мастакоў, што любіў альпінізм…
Згадайма з гэтай нагоды мазаікі Аляксандра Кішчанкі на фасадах дамоў мінскага мікрараёна “Усход”. А напярэдадні леташняга Дня беларускага пісьменства ажылі гарадскія фасады Быхава. Бетонная прастора стала кропкай прыцягнення для студэнта, калі не памыляюся, з Воранава. Чаму так мала вось такіх праяў шчаслівага разняволення на Беларусі? Калі памыляюся, дык папраўце.
А паслужлівы Інтэрнэт на мае пошукі сусветных аналагаў адгукнуўся двума яркімі прыкладамі: на радзіме мастака Фернана Лежэ і ў Польшчы, дзе не забываюць музычна-песенную славу Чэслава Немэна.
На здымках: Гістарычныя выявы ў Быхаве з нагоды Дня беларускага пісьменства (фота Юрыя ІВАНОВА); прыхільнікі творчасці Чэслава Немэна ўпрыгожылі дамок у польскім Белгародзе, а родны дом Фернана Лежэ цяпер мае і ягоную выяву на адным з тыльных бакоў будынка.