Статус UNESCO для...

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Як стварыць моду на традыцыйную культуру і падтрымаць вёску?
Апошнім часам давялося неаднаразова назіраць за дзейнасцю Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Упершыню — пад час экспедыцыі на Случчыну ў пошуках звестак пра існаванне там народнага тэатра. У другі раз — на прэзентацыі арганізацыі ў Інстытуце культуры Беларусі, прысвечанай акрэдытацыі СЭТ пры UNESCO. Пашчасціла паглядзець і на адмысловае батлеечнае прадстаўленне для дзяцей-інвалідаў у выкананні сяброў СЭТ, што адбылося нядаўна ў Доме міжканфесійных зносін “Кінанія”. Пад час гэтых сустрэч адбываліся нашы гутаркі з кіраўніком арганізацыі Аляксеем ГЛУШКО, што і сталі асновай гэтага інтэрв’ю.

/i/content/pi/cult/464/9824/13-1.jpg— СЭТ было створана яшчэ ў 1998 годзе. І за чатыры гады вырасла да рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання. Пры гэтым ініцыятыва зыходзіла ад некалькіх суполак моладзі — краязнаўцаў, маладых даследчыкаў айчыннай мінуўшчыны і народных традыцый. Цікава, што гэта была найперш моладзь, якая нарадзілася ў горадзе, але цікавілася сваімі каранямі, хацела навучыцца, да прыкладу, майстэрству тых жа народных танцаў. Сёння філіялы аб’яднання маюцца ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, Полацку.

Як на пачатку 2000-х, так і сёння галоўнымі мэтамі застаюцца захаванне і папулярызацыя традыцыйнай этнічнай культуры, прыроднага і культурнага ландшафту. Тая ж традыцыйная культура разглядаецца намі як жывая з’ява, што мае імпульс, натхняе. Яна здольная быць светапогляднай асновай сённяшняй моладзі. Першымі ж формамі дзейнасці былі збор і захаванне народных традыцый, фальклору: мы пачалі ездзіць у экспедыцыі, дзе фіксавалі каштоўную для грамадства пра абрады, звычаі, народныя рамёствы. Скажу, што людзі, да якіх завітваем у час экспедыцый, ахвотна ідуць на кантакт, вельмі рады, калі да іх прыязджае моладзь і дапамагае аднаўляць свята ці той жа абрад, які доўгі час не праводзіўся, але быў жывы ў памяці.

— Як вядома, адной з пагроз для аўтэнтычнага фальклору з’яўляецца тэндэнцыя да міграцыі вясковых жыхароў у горад. Якія яшчэ небяспекі сёння стаяць перад традыцыйнай культурай?

— У варунках, калі пэўныя ўмовы жыцця дыктуе камерцыя, традыцыйныя сялянскія супольнасці застаюцца неабароненымі. Не спрыялі іх развіццю і дзесяцігоддзі дыскрэдытацыі каштоўнасцей народнай культуры і сялянскага ўкладу як неактуальнага і неадпаведнага патрабаванням сучаснасці. На жаль, і зараз гэты стэрэатып яшчэ патрэбна шмат у чым пераадольваць. Рынак дыктуе ўніфікацыю, глабалізацыю, а таму ахова спадчыны патрабуе арганізаваных грамадскіх высілкаў. На жаль, наша вёска аслаблена настолькі, што зараз без вонкавых імпульсаў традыцыйная культура не здольна развівацца. Ведаць такі стан рэчаў і не рабіць ніякіх спроб — няправільна. А таму дэманстрацыя, папулярызацыя каштоўнасці нематэрыяльных элементаў спадчыны можа стаць штуршком да адраджэння самой вёскі. Перакананы, традыцыйная культура пры адпаведных умовах можа рэгулявацца і самааднаўляцца. І задача дзяржавы, лічу, — ствараць умовы для падтрымкі вясковай супольнасці і мінімальна ўмешвацца ў жывую традыцыю. Да прыкладу, нельга змяняць тэрміны ды асаблівасці тых жа народных абрадаў.

Яшчэ адной з праблем бачу камунікатыўны разрыў між носьбітамі, экспертамі і людзьмі, якія працуюць у сферы культуры і адукацыі. Задача СЭТ — звесці разам носьбітаў і патэнцыйных пераемнікаў традыцыі з іх мясцовасці, далучыць экспертаў і зараз выконваць ролю каталізатара.

Пад час больш як двух дзясяткаў экспедыцый выявілася, што ў многіх раённых метадычных цэнтрах, куды мы звяртаемся ў першую чаргу, практычна адсутнічаюць грунтоўныя фальклорныя зборы, матэрыялы ранейшых этнаграфічных экспедыцый. Адным словам, людзі на месцах не маюць дастаткова матэрыялу, на якім можна было б плённа працаваць. А займацца збіральніцкай працай не могуць з-за адсутнасці неабходных фінансаў, часу. Разам з тым вялікія аб’ёмы інфармацыі ляжаць у архівах і мала выкарыстоўваюцца. Перакананы, што копіі матэрыялаў, назбіраных даследчыкамі цягам дзесяцігоддзяў, маюць аказацца даступнымі работнікам культуры, настаўнікам, краязнаўцам. Да слова, мы па меры магчымасці імкнёмся пакідаць на месцах копіі сабраных і знойдзеных у архівах матэрыялаў.

— А ці мае СЭТ свой архіў?

— Так, больш за тое, з 2001 года адна з нашых місій — дапамагаць у апрацоўцы архіўных збораў іншых арганізацый, прыватных даследчыкаў. Сёння наш архіў — гэта каля 2000 гадзін аўдыя- і відэазапісаў. Гэта адзін з самых вялікіх у краіне фальклорных збораў. Трэцюю частку ў ім складаюць матэрыялы, перададзеныя нам арганізацыямі на захаванне і апрацоўку. У перспектыве жадаем на сваёй базе стварыць цэнтр дакументацыі, які дазволіць па запытах з месцаў прадастаўляць неабходную інфармацыю. Зараз прапрацоўваюцца механізмы эфектыўнага і аператыўнага пошуку, рэалізацыя доступу да архіва праз глабальную сетку.

Мяркую, што і надалей трэба праводзіць інвентарызацыю элементаў нематэрыяльнай спадчыны кожнага раёна, вывучаць, што патэнцыйна можна аднавіць. Толькі па справаздачах экспедыцый у Докшыцкі раён мы вылучылі каля 46 элементаў, з якіх адзінкі ў стане актыўнага бытавання. Такую сітуацыю можна спраецыраваць і на іншыя раёны. Атрымліваецца, што больш як 80% нашага нематэрыяльнага багацця захоўваецца ў памяці носьбітаў і ў архівах.

— Які фармат правядзення вашых мерапрыемстваў?

— Акрамя этнаграфічных экспедыцый мы займаемся правядзеннем народных свят, навучаннем моладзі традыцыйным спевам, танцам і рамёствам у форме гурткоў, майстар-класаў, летнікаў. З апошніх магу прыгадаць летнікі па прадзенні воўны ў Лагойскім раёне і шапавальстве непадалёк ад Дрыбіна, майстар-класы па ткацтве ў Старых Дарогах, валенні ў Міёрскім раёне, падвойным ткацтве ў Гудзевічах. Стараемся знаходзіць і запрашаць на нашы мерапрыемствы народных майстроў. Неяк даведаліся, што ў Навагрудскім раёне жыве самабытны майстар па скураным абутку, і адразу паехалі — праводзіць відэафіксацыю ды пераймаць традыцыю.

Добрым прыкладам папулярызацыі беларускіх традыцый могуць стаць рэгіянальныя фестывалі народнай культуры. Так, летась у Магілёве адбыўся першы Траецкі фэст пад назвай “Зялёныя святкі” — з канцэртнай, танцавальнай і дзіцячай пляцоўкамі. Працавала народная кухня, праходзілі майстар-класы па рамёствах. Атрымалася цудоўнае сямейнае свята і, разам з тым, далучэнне грамадскасці да традыцый у сваіх рэгіянальных формах. Маю спадзяванні, што і ў іншых абласных цэнтрах з’явяцца аналагічныя фестывалі, прывязаныя да асабліва шанаваных каляндарных святаў. Гэта можа стаць добрым брэндам. Акрамя таго, важна стварыць у маладзёжным асяродку моду на традыцыйную культуру: у тым жа адзенні, інтэр’еры жылля.

— Зусім нядаўна СЭТ атрымала акрэдытацыю пры UNESCO. Якія планы ставіце перад арганізацыяй з гэтай нагоды?

— Цяпер, атрымаўшы ганаровы статус, мы хацелі б на больш высокі грамадскі ўзровень узняць пытанне аховы нематэрыяльнай спадчыны. На парадку дня стварэнне грамадскай каардынацыйнай рады, куды б увайшлі і работнікі культуры, сферы агратурызму, і эксперты, і прадстаўнікі мясцовай улады, СМІ, бізнесу. Пры гэтым важна, каб была жывая зацікаўленасць кожнага канкрэтнага чалавека. Каардынацыйная рада мусіць паспрыяць абмену інфармацыяй, стаць пляцоўкай для дыскусій па пошуку эфектыўных механізмаў захавання нематэрыяльных каштоўнасцей, дапамагчы ў афармленні заявак на ўнясенне таго ці іншага элемента нематэрыяльнай спадчыны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Плануецца стварыць і рэсурсны цэнтр, які будзе ўключаць адкрытую базу даных.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"