Праграмісты ёсць, але зарплаты...

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Святлана РАМАНЮК, Слонімскі райвыканкам:
Слонімскі раён, Жыровіцкі манастыр, радзіма Валянціна Таўлая і Івана Міско — святая зямля, дзе культура мае трывалыя карані і непаўторнае аблічча. Але, як і паўсюль, хапае тут праблем, вырашэнне якіх залежыць не толькі ад мясцовага кіраўніцтва.

/i/content/pi/cult/464/9823/12-6.jpg— Зазначу спярша, што рубрыка «Стратэгія начальніка аддзела» — вельмі цікавая і карысная. Мае калегі ўзнімаюць праблемы, якія не могуць не турбаваць работніка культуры ў рэгіёнах. Асабіста я працую ў гэтай сферы тры дзесяцігоддзі, васямнаццаць гадоў з іх вядзецца гаворка пра састарэласць тыпавых штатаў. Што змянілася? Я вельмі ўдзячная кіраўніцтву нашага райвыканкама, што мы ад праблем са штатным раскладам пазбавіліся. У аддзеле маем і праграміста, і юрыста. Праграміст нават ёсць у Цэнтральнай раённай бібліятэцы! Але ад іх зарплат хочацца плакаць. Не ўсе, натуральна, нашы праблемы можна вырашыць на мясцовым узроўні. Адсюль — “цякучка” кадраў, не заўжды высокая якасць працы.

А ў 1990-я, калі хто памятае, не было вакансій у нашай галіне. Каб уладкавацца на працу ў бібліятэку, трэба было запісвацца ў чаргу і чакаць, калі хто звольніцца. Практыкам, якія атрымлівалі профільную адукацыю, за гэта даплачвалі. Кампенсаваўся і кошт жылля. Усе гэтыя захады ладзіліся не на ўзроўні раёна, а на ўзроўні дзяржавы. Таму і аўтарытэт нашай прафесіі быў надзвычай высокі.

Вельмі хваравітае пытанне ўзняла Галіна Балінская з Ашмян: колькасць устаноў культуры скарачаецца, а даведзеныя заданні — павялічваюцца. Усё так. Мы па-ранейшаму адказваем за рост клубных фарміраванняў, колькасць платных паслуг, а змяншэнне насельніцтва ніяк не ўлічваецца. І ўсё тое карэнным чынам змяніла стаўленне моладзі да прафесіі работніка культуры. Губляецца яе прэстыж, і баліць душа з-за такога стаўлення.

Рук, канешне, не апускаем. Адным з прыярытэтных кірункаў нашага развіцця застаецца маладзёжная палітыка. Фестывалі сучаснага танца, альтэрнатыўнай музыкі становяцца брэндавымі. Сёлета гэтыя мерапрыемствы фінансуе вобласць. Дзясяты раз правядзём адкрыты рэгіянальны фестываль «Паланэз», у якім бяруць удзел калектывы з Расіі, Польшчы, Літвы… Яшчэ ў снежні падпісалі дамову аб супрацоўніцтве з Вінніцкім абласным зямляцтвам беларусаў. Яны таксама прыедуць на «Паланэз». Думаю, што ў перспектыве фэст стане міжнародным.

Адна з апошніх прыдумак нашага метадцэнтра — доўгатэрміновы праект «Дзень добры, суседзі!». Адна вёска едзе ў госці да другой, праз тыдзень — наадварот. А раённы Дом рамёстваў распрацаваў некалькі мясцовых брэндаў: рэгіянальную ляльку і слонімскага дамавіка. Лепшых сувеніраў для дарагіх гасцей і не прыгадаць!

Трэці раз ладзім Свята беларускай бульбы. Ім зацікавіўся Міжнародны фонд развіцця сельскіх тэрыторый. У рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі фінансуецца эстрадны праект «Дзве струны». Для набыцця касцюмаў, апаратуры нам выдаткавана дзве з паловай тысячы еўра.

Сёлета плануем завяршыць будаўніцтва Слонімскага дзяржаўнага драматычнага тэатра. Мы вельмі любім свой горад і ягоныя старадаўнія традыцыі. А калісьці ж на ўсю Еўропу славіўся наш Тэатр Агінскага! Робім усё, каб і сёння пра культуру Слонімшчыны ведалі не толькі ў Беларусі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"