З Культурнай сталіцы — з любоўю!

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Ёсць шмат журналісцкіх сведчанняў пра тое, што 18 студзеня Гродна афіцыйна стаў Культурнай сталіцай Беларусі-2014. Свой штрых з пэўным поглядам у перспектыву дадасць і карэспандэнт “К”. Але пра ўсё па парадку.

/i/content/pi/cult/464/9822/12-1.jpg

/i/content/pi/cult/464/9822/12-2.jpg

/i/content/pi/cult/464/9822/12-3.jpg

/i/content/pi/cult/464/9822/12-4.jpg

У Гродна я прыехаў 16 студзеня з мэтай вывучыць эканоміку культуры Беларусі ў абласным цэнтры (матэрыял пра гэта — у бліжэйшых нумарах “К”). І, натуральна, пра наданне гораду над Нёманам статусу "Культурнай сталіцы Беларусі" казала літаральна ўсё, у тым ліку — плакаты ды шматлікая іншая паліграфія, што інфармавалі жыхароў і гасцей горада пра падзею, сапраўды кідаючыся ў вочы.

А папярэднічаў адкрыццю акцыі ў тым ліку і флэш-моб, у гушчы якога я апынуўся, калі на вуліцы Савецкай выхаванцы школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху інтэрпрэтавалі ў танцы і з дапамогай сурдаперакладу песню “All You Need is Love” ансамбля “Beatles”! Чаму “Beatles”? Справа ў тым, што кожны год 16 студзеня, пачынаючы з 2001-га, ва ўсім свеце адзначаецца дзень брытанскага гурта.

“Усё, што табе трэба — гэта любоў”, — спяваецца ў той знакамітай кампазіцыі. Сваю любоў да навучэнцаў школ-інтэрнатаў для дзяцей з парушэннем зроку і слыху, выхаванцаў аднаго з дзіцячых дамоў і сацыяльнага прытулку прадэманстравалі і супрацоўнікі Маладзёжнага культурна-забаўляльнага цэнтра “Галактыка”, якія арганізавалі акурат 18 студзеня ў сваіх сценах дабрачынную акцыю. (Прызнаюся, і я выдаў некалькі па на дыскатэцы ў велізарнай танцавальнай зале.) Сам жа даўгабуд, якi нарэшце адкрыў свае дзверы ў снежні і якi прэзентаваў сябе ў той дзень, уразіў прасторнымі, светлымі памяшканнямі, сучасным дызайнам, прыязным персаналам.

Шкада, што дэлегацыю, у склад якой уваходзілі расійскія, польскія, літоўскія госці, а таксама журналісты, азнаёмілі з некаторымі “галактычнымi” пляцоўкамі ў выключна паскораным рэжыме. Ды і за гэты невялікі адмежак часу людзі ў касцюмах і гальштуках з запалам пакаталі шары ў більярднай і з не меншай зухаватасцю паспаборнічалі ў боўлінгу.

Што да любові, дык ёй, у прыватнасці да Гродна, быў напоўнены і Абласны драматычны тэатр. На другім паверсе размяшчалася экспазіцыя макетаў помнікаў архітэктуры, у фае працавалі выстаўкі мясцовых мастакоў і народных майстроў, выступалі разнастайныя калектывы. Творцаў у такой нефармальнай абстаноўцы вітаў міністр культуры краіны Барыс Святлоў, у якога я пацікавіўся, а ці зможа, на яго погляд, Гродна абысці сваіх папярэднікаў — культурныя сталіцы Беларусі 2010 — 2013?

— Ні пра якое спаборніцтва гаворка не ідзе, — заўважыў мне Барыс Уладзіміравіч. — Прадэманстраваць дасягненні ў галіне культуры, прыцягнуць увагу не толькі да поспехаў у гэтай сферы, але і да горада, да краіны наогул — вось пра што варта казаць найперш.

А старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Худык па сакрэце паведаміў пра тое, якое з мастацтваў для яго асабіста з’яўляецца найважнейшым.

— Тэатр. У творчасці я люблю жывое дзейства. Заўсёды атрымліваю асалоду ад таго, як артысты ўмеюць перадаваць гледачам свае эмоцыі — у словах, у руху, у танцы. Як яны перадаюць настрой душы публіцы, як далучаюць і ўключаюць яе ў тое, што адбываецца на сцэне. Прызнацца, стараюся не прапускаць усе гродзенскія тэатральныя прэм’еры, бываю на спектаклях, антрэпрызах.

А майстры мастацтваў Гродна адкрылі ўрачысты вечар пралогам, калі артысты выйшлі на сцэну ў вобразах персанажаў мінулых стагоддзяў. Яны лагічна перадалі эстафету персаналіям цяперашнім. Барыс Святлоў сярод іншага, звяртаючыся да кіраўнікоў горада, вобласці і жыхароў рэгіёна, нагадаў, што атрыманы горадам статус шмат да чаго абавязвае. І, у адпаведнасці з рэгламентам, уручыў Андрэю Худыку сертыфікат і памятны знак, якія пацвярджаюць, што Гродна з’яўляецца ў 2014 годзе Культурнай сталіцай Беларусі. У сваім слове мэр паабяцаў, што Гродна прыемна здзівіць усімі сваімі — а іх тры сотні з лішкам — мерапрыемствамі, запланаванымі ў рамках акцыі. Пад канец афіцыйнай часткі ўрачыстасці міністр культуры і старшыня гарвыканкама пакінулі запісы ў кнізе-летапісе, дзе з гэтай пары будуць фіксавацца знакавыя падзеі ў горадзе.

А затым пачаўся канцэрт. У ім сучасныя рытмы суседнічалі з класікай, фолк з эстрадай, скокі з песняй. Асабліва ж мяне ўразіў нумар танцораў — хлопчыкаў і дзяўчынак, які суправаджаўся кампазіцыяй, дзе дзіцячымі галасамі ад імя юнага пакалення спявалася пра тое, пра што, уласна, яно, відаць, і марыць. У прыватнасці — “адпачываць у Куршавэлі”. А я калісьці марыў паляцець на Марс... Кожнаму часу — свае жаданні. Урэшце, да многіх аднойчы прыходзіць разуменне: на самай справе, усё, што нам трэба, — гэта любоў... Вось такія высновы з Гродна — з Культурнай сталіцы Беларусі-2014 — з любоўю!

На здымках: пад час адкрыцця акцыі; запіс у кнізе-летапісе ў прысутнасці міністра культуры Барыса Святлова робіць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Худык; культуру Гродзеншчыны прадставілі ў яе шляхетнасці і аўтэнтычнасці; у канцэрце прымаў удзел Тэа — прадстаўнік краіны на "Еўрабачанні-2014" (артыст, дарэчы, скончыў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў).

Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"