Эксперымент… А дзеля чаго?

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Візуальныя коды графікаў
Цэнтр сучасных мастацтваў мусіў прывабіць эстэтаў выстаўкай, якая ў значнай ступені адпавядае крытэрыям “мастацтва дзеля мастацтва”. Экспазіцыя мела назву “Графічны эксперымент” і праводзілася ў рамках доўгатэрміновага праекта “Графіка. Фатаграфія. Дызайн”. Выстаўка з назвай “Графічныя эксперыменты” праходзіла ўлетку ў маскоўскім Цэнтральным доме мастака. Нельга назваць мінскую экспазіцыю яе клонам — маштабам і ўзроўнем прадстаўнічасці яны істотна розняцца. Але ж тое, што арганізатары бралі за ўзор менавіта маскоўскую імпрэзу, — відавочна.

/i/content/pi/cult/464/9820/9-7.jpg

/i/content/pi/cult/464/9820/9-8.jpg /i/content/pi/cult/464/9820/9-9.jpg

У выстаўцы прынялі ўдзел сем мастакоў, якія даўно і плённа працуюць у графічным дызайне. Прычым кожны дбае на сваёй дзялянцы, іх шляхі (прынамсі, на першы погляд) не перакрыжоўваюцца. Яднае ж згаданых творцаў хіба што стаўленне да літары як да сакральнага знака. Калі для большасці людзей “напачатку было Слова”, дык для гэтых мастакоў свет распачынаецца ад Літары.

Павел Семчанка першым з беларускіх мастакоў у найноўшым часе ўбачыў шрыфт не з пункту гледжання функцыянальнасці, а ў кантэксце культурнай гісторыі. Такое ягонае стаўленне да шрыфтавога мастацтва грунтуецца на ўсведамленні, што ад некаторых цывілізацый толькі і засталося, што літара альбо знак пунктуацыі ў сучасным пісьменстве. А сама літара, яе графема і аздоба, на ягоную думку, найлепшым чынам адлюстроўваюць пануючую ў пэўным часе эстэтыку. У творчасці Павел Семчанка ішоў ад класічнай каліграфіі. Сёння ж яго вабяць літары як арт-аб’екты.

Тую ж лінію трымае ў сваёй творчасці і Генадзь Мацур. Валодаючы сучасным інструментарыем, ведаючы бадай усё пра камп’ютар і паліграфію, ён, аднак, больш давярае сваёй руцэ, і праз гэта кожны ягоны твор з’яўляецца ўнікальным, непаўторным.

Тры дзясяткі знакаў-літар — гэта дастаткова, каб перавесці ў выяўленчы шэраг мову якой заўгодна ступені складанасці. Але самі літары алфавіта пры нязменнасці канструкцыі набываюць самавітасць і вобразнасць, калі за іх бярэцца мастак. Менавіта такой справай займаецца Усевалад Свентахоўскі, распрацоўшчык аўтарскіх шрыфтоў. Юрый Тарэеў — аўтар плакатаў, правакацыйных па сваёй сутнасці, звернутых да сацыяльнага досведу гледача, здольнага да асацыятыўнага мыслення. Вячаслаў Семянько звяртаецца да абстрактнай графікі дзеля выяўлення чагосьці такога, чаму нават вызначэнне знайсці цяжка. Ягоную творчасць можна назваць пошукам візуальнага кода падсвядомасці. Сяргей Саркісаў надае звыклым рэаліям нечаканую форму, праз якую раскрываецца прыхаваны змест. Віктар Сянькоў карыстаецца фотакамерай, бы жывапісец фарбамі. Ягоныя вобразы па духу імпрэсіяністычныя, з ухілам у абстракцыю.

Кожны з удзельнікаў выстаўкі — постаць самадастатковая. І каб іх работы ўтваралі гарманічнае сумоўе, патрэбна ўсведамленне мэты, дзеля якой іх сабралі разам. А гэты чыннік у кантэксце экспазіцыі якраз адсутнічаў. Я больш-менш разумею, што мелі сказаць мастакі “Графічнага эксперымента” паасобку, але пра што думалі куратары выстаўкі, збіраючы іх пад адным дахам, — для мяне таямніца.

Баюся памыліцца, але вонкавая эфектнасць, відовішчнасць пры адсутнасці арганізуючай думкі ўласцівыя не толькі гэтаму праекту Цэнтра сучасных мастацтваў. Праца робіцца, але... Ды, зрэшты, можна было прыдумаць выстаўцы больш арыгінальную назву, не дубліраваць ужо скарыстаную ў Маскве. Маючы шчырую цікавасць да культурных з’яў і тэндэнцый у суседняй дзяржаве, трэба шукаць усё ж такі ўласны шлях — і ў жыцці, і ў мастацтве.

На ілюстрацыях: графіка Сяргея Саркісава; каліграфія Генадзя Мацура; узор буквіцы Усевалада Свентахоўскага.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"