Праекты ад “Студзеньскіх вечароў”

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Пяць аркестраў і чатыры квартэты, знакамітыя піяністы і спевакі, арганіст, флейтыст, скрыпач, трубач — каля 300 артыстаў з 10 краін свету ўзялі ўдзел у Міжнародным фестывалі “Студзеньскія музычныя вечары”, які ў 26-ы раз прайшоў у Брэсце

/i/content/pi/cult/464/9819/9-1.jpg

/i/content/pi/cult/464/9819/9-2.jpg

/i/content/pi/cult/464/9819/9-3.jpg

/i/content/pi/cult/464/9819/9-4.jpg

/i/content/pi/cult/464/9819/9-5.jpg

Шыкоўная госця і новыя імёны

Імклівая, напоўненая бязмежнай радасцю Уверцюра да оперы М.Глінкі “Руслан і Людміла” адкрыла фэст. А падарыў яе слухачам Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Атмасферу свята працягнула абаяльная Саламія Прыймак — салістка Нацыянальнага тэатра аперэты ў Кіеве — у арыі Сільвы з аднайменнай аперэты І.Кальмана. У далейшай праграме Саламія давяла, што ёй падуладны і найшырокі оперны рэпертуар.

Лаўрэаты ж міжнародных конкурсаў Лука Гайдучэня з Вялікабрытаніі і Вадзім Кравец з Расіі выйшлі на фестывальную сцэну ўпершыню. Лука — выхаванец Варшаўскай кансерваторыі, працягвае музычную адукацыю ў Лондане, выступае з канцэртамі і мае вучняў. 28-гадовы спявак выканаў побач з заходнееўрапейскай опернай музыкай арыю Анегіна з оперы П. Чайкоўскага на выдатнай рускай мове! Аказваецца ж, Лука гадаваўся ў сям’і праваслаўнага святара ў Польшчы, у дзяцінстве спяваў царкоўныя песняспевы, да ўсяго — мае дыплом багаслова, ён вялікі аматар паэзіі і ведае на памяць шмат вершаў. Саліст пранікнёна выканаў лірычныя рамансы С.Рахманінава і скарыў публіку не толькі майстэрствам, але і сваёй далікатнай душой. Мо таму і прымалі яго, бы роднага.

Яшчэ адно новае імя — Вадзім Кравец з Санкт-Пецярбурга. Уладальнік сакавітага бас-барытона ўразіў сілай свайго артыстычнага тэмпераменту і вакальных здольнасцей. Яго пакутны кароль Філіп з оперы “Дон Карлас” Дж.Вердзі і Мефістофель з оперы “Фаўст” Ш.Гуно паўсталі надзіва жывымі вобразамі — нават без грыму і касцюмаў.

Шыкоўная госця “Вечароў” Ірына Багачова — спявачка сусветнай велічыні, гонар Марыінскага тэатра, дзе яна служыць ужо паўстагоддзя. Рэпертуар народнай артысткі СССР — неабсяжны, але найдаражэйшая партыя — Кармэн, выкананне якой штораз для прымадонны экзамен на прафесійную сталасць. I на фэсце яна спявала знакамітую "Хабанэру" так, што брэстчане апладзіравалі стоячы!

Сенсацыя і зноў слова "ўпершыню"

Другая сенсацыя “Студзеньскіх музычных вечароў” — непараўнальны амерыканскі трубач, кароль свінгу Гары Гутман і — упершыню! — сольны джазавы канцэрт на фестывалі. Гутман за больш чым 30-гадовую кар’еру выступіў амаль з 200 сімфанічнымі аркестрамі ЗША, Канады і краін Заходняй Еўропы. Знакаміты музыкант і кампазітар прыехаў у Брэст разам з не менш знакамітым джаз-трыа піяніста Філіпа Вайцяхоўскага — уладальніка шматлікіх узнагарод у Польшчы ды іншых краінах. Трыа супрацоўнічае з Гары Гутманам з 2010 года, калі яны разам ажыццявілі праект “Сонечнае зацьменне”. Дарэчы, у Брэсце Гары сам вёў канцэрт, проста размаўляў з публікай на англійскай, польскай мовах і нават крыху на рускай: як высветлілася, яго дзед Максім родам з Беларусі. Энергія і жарты Гутмана не ведалі межаў. Калі трубач яшчэ і заспяваў, зала не стрымалася і падпявала яму ў такт. Па шматлікіх просьбах Гары Гутман даў і другі канцэрт. Візіт квартэта ў Брэст адпавядаў дзвюм умовам фестывалю: прадэманстраваў новы для фэсту сольны інструмент — трубу, а таксама  — новых выканаўцаў.

У праграме часта сустракалася слова “ўпершыню”. Так, на адным з канцэртаў выступіў вакальны квартэт “Канон” з новымі песнямі з альбома “Душа” (дарэчы, прэзентацыя новых твораў — таксама адна з умоў фэсту). Аўтар песень — таленавіты брэсцкі кампазітар Анатоль Багданаў, які і натхніў сваіх сяброў стварыць квартэт. Калектыву няма і чатырох гадоў, але як лёгка ён з першай жа песні паланіў слухачоў прыгажосцю мелодыі і энергетыкай вершаў, нібы ў зале залунала вясна, святло кахання і шчасця...

Сілезскі квартэт з Польшчы і Новы Рускі квартэт з Расіі — калектывы з сусветнымі імёнамі, высокай культурай выканання і шырокай геаграфіяй выступленняў. Першы прапанаваў брэстчанам творы польскіх класікаў ХХ стагоддзя: выкананне складаных квартэтаў В.Лютаслаўскага і Х.Гурэцкага стварыла ў зале зачараваную, амаль наэлектрызаваную атмасферу. Новы ж Рускі квартэт — значна маладзейшы за Сілезскі, але ўжо здолеў займець вялікую папулярнасць. У рэпертуары — музыка ад венскай класікі да сучасных кампазіцый, у тым ліку — творы з камерным і сімфанічным аркестрамі. Напэўна, адсюль вялікая цікавасць да артыстаў, якія, да ўсяго, выконваюць творы на старадаўніх інструментах італьянскіх майстроў, прадастаўленых з дзяржаўнай калекцыі ўнікальных музычных інструментаў.

Піяністы і праекты

Згодна з традыцыяй, на фестывалі выступілі юныя таленты — піяністы з Казахстана, Літвы і Польшчы. Усе — лаўрэаты міжнародных конкурсаў і, нягледзячы на юны ўзрост, — вопытныя артысты. Яны ігралі разам са сваімі педагогамі — прафесарамі кансерваторый і акадэмій музыкі. Слухачы мелі магчымасць пазнаёміцца з трыма школамі фартэпіяна.

Была яшчэ і чацвёртая, беларуская — з яе яркімі прадстаўнікамі. Народны артыст краіны, прафесар Ігар Алоўнікаў, чыё імя звязана амаль з усімі “Студзеньскімі музычнымі вечарамі”, гэтым разам парадаваў публіку інтэрпрэтацыяй твораў М.Глінкі, А.Аляб’ева і прапанаваў сваю фартэпіянную транскрыпцыю з музыкі Ж.Бізэ да драмы А.Дадэ “Арлезіянка”.

Лаўрэат міжнародных конкурсаў Юрый Бліноў быў на фестывалі другі год запар. Ён не толькі ўразіў слухачоў экспрэсіяй у выкананні, але і паказаў сябе самавітым канцэртмайстрам у дуэтах з вакалам і флейтай. А яго бліскучы фінал Другога канцэрта К.Сен-Санса з сімфанічным аркестрам мясцовага Тэатра драмы пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага стаўся кульмінацыяй заключнага выступу.

Дарэчы, сёлета Бліноў выступіў з ініцыятывай правесці напрыканцы мая ў Драгічыне  — яго родным горадзе — міжнародны конкурс юных піяністаў і баяністаў “Палескі агеньчык”. Узначаліць журы даў згоду вядомы піяніст з Германіі, прафесар Барыс Блох. У журы таксама запрошаны наш малады баяніст, пераможца шматлікіх конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка.

Але ж вернемся да “...Вечароў”, дзе малады Ілья Пятроў, лаўрэат міжнародных конкурсаў і нядаўні выпускнік нашай Акадэміі музыкі, з глыбінёй пачуцця выканаў складаны ў тэхнічным плане Другі канцэрт С.Рахманінава. Пасля кожнай часткі канцэрта гучалі шчырыя апладысменты. Гэта не папрок публіцы: менавіта так чулыя да музыкі брэстчане ацанілі натхнёную ігру піяніста.

Лепшы ў Беларусі раяль і новая краіна

Дарэчы, нашым выдатным музыкантам першымі пашчасціла дакрануцца да клавіш навюткага раяля “Steinwaу”. Вядучая — музыказнаўца Іна Зубрыч — заўважыла, што нават у Белдзяржфілармоніі няма такога інструмента. “На сёння лепшы ў краіне раяль  — у Брэсце”, — зазначыў Iгар Алоўнiкаў. Гэты дарагі падарунак напярэдадні “...Вечароў” зрабіў Акадэмічнаму тэатру драмы Брэсцкі аблвыканкам, а ідэя належала яго старшыні Канстанціну Сумару. За падтрымку і ўклад у развіццё фестывалю Канстанціну Сумару, які ўзначальвае аргкамітэт цягам 10 гадоў, быў уручаны дыплом Абласнога музычнага таварыства...

У афішы кожны мог знайсці музыку для душы — канцэрты арганнай, фартэпіяннай і камернай музыкі, Брэсцкі Калядны баль. А яшчэ — пяць аркестраў, сярод якіх адзін са сталіцы і чатыры з Брэста — сімфанічны аркестр Акадэмічнага тэатра драмы, сімфанічны аркестр Музычнага каледжа імя Р.Шырмы, гарадскі аркестр духавой і эстраднай музыкі, камерны аркестр абласной філармоніі...

Выдатны музыкант з Італіі — першая флейта оперных тэатраў Рыма і Мілана, прафесар Антоніа Амендуні — прыехаў у шосты раз, прычым — ізноў з новай праграмай. Апладысментамі зала сустракала яго земляка — спевака Даменіка Стасі, які запомніўся па ХХV юбілейным фестывалі. Сюрпрызам стала з’яўленне маладога тэнара з Чылі Хуана Пабла Дзюпрэ Фернандэса. Зараз ён спасцігае стыль бельканта ў школе Мірэлы Фрэні, знакамітай опернай спявачкі. Не цяжка здагадацца, што Стасі і Хуан выконвалі шмат прыгожай італьянскай музыкі. Дарэчы, Чылі — новая краіна ў праграме фестывалю, і гэта яшчэ адна абавязковая ўмова арганізацыі фэсту.

Упрыгожыла “Студзеньскія музычныя вечары” салістка Вялікага тэатра Расіі Ганна Аглатава: вучаніцу Рузаны Лісіцыян і Маквалы Касрашвілі ангажуюць на спектаклі лепшыя тэатры свету!

Аргкамітэт ізноў справіўся з узятай на сябе яшчэ з першых “...Вечароў” задачай. Як сказала са сцэны нязменны мастацкі кіраўнік і дырэктар фестывалю Лілія Батырава, хто лічыць, што фэсты рабіць лёгка, — паспрабуйце. Дык чаму ж яркія оперныя ды музычныя зоркі шматкроць прыязджаюць у Брэст і дораць слухачам сваё мастацтва? Напэўна, тут, на фестывалі, яны сустракаюць сардэчную цеплыню брэстчан, трапляюць у атмасферу свята чароўнай музыкі, якое потым захоўваюць у сваёй душы.

Алена КАПАЧОВА

Брэст

На здымках:  Саламія Прыймак; Ірына Багачова і Аляксандр Анісімаў; Гары Гутман; "Новы Рускі квартэт"; Даменіка Стасі, Ганна Аглатава і Хуан Пабла Фернандэс.

Фота Валерыя КАРАЛЯ