Тонкае кіно

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Светлае вымярэнне “Magnificat”, які ўсё ж такі адбыўся
Арганізатарам Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”, нягледзячы на складанасці і цяжкасці, з якімі сутыкнуўся форум экуменістычнага кіно летась, удалося перагарнуць яшчэ адну старонку яго гісторыі. Што ж паказалі на сёлетнім форуме?

/i/content/pi/cult/464/9818/8-1.jpg

/i/content/pi/cult/464/9818/8-2.jpg

Прыняць славуты форум сёлета ў сваіх сценах пагадзіўся пробашч парафіі касцёла Святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Новая лакацыя і тэрміны, колькасць стужак-удзельнікаў — заўважым, што форум доўжыўся толькі два дні замест традыцыйных пяці, і сёлета ў ім прымала ўдзел 17 фільмаў  — прызнацца, зусім не адбіліся на якасці яго праграмы і атмасферы. Вядома, немагчыма ўявіць “Magnificat” без асобы Юрыя Гарулёва — яго галоўнага арганізатара і старшыні, чыімі намаганнямі фестываль працягвае сваё жыццё: “Але форум не здзейсніўся б без падтрымкі сяброў, іх неабыякавасці, малітваў”.

Унікальнасць фестывалю не заўважыць і не ацаніць цяжка: у фільмах форуму можна ўбачыць дзіўны свет душы чалавека ва ўсёй яго прыгажосці, сіле і адначасова крохкасці. Сумненні асобы, спадзяванні, духоўныя пошукі, раскаянне, слабасць і веліч  — хрысціянскае кіно бярэ ў фокус гэтыя аспекты нашага існавання, зазіраючы за паверхню будзённасці. Не стала выключэннем і праграма дзявятага форуму.

Ці можа пакінуць абыякавым учынак місіянеркі Марыі Прэан з фільма Яніны Хютэнраўх “Марыя Прэан. Жыццё становіцца ўсё больш і больш добрым”, якая ў 60 гадоў з’язджае з Аўстрыі ва Уганду, каб стварыць там школу і прытулкі для маладых афрыканцаў? А потым стварае і хор з пятнаццаці маленькіх спевакоў, з якімі канцэртуе па ўсёй Еўропе. Ці, да прыкладу, як не захапіцца асобай данскога казака Івана Калодкіна? Ён збірае фатаграфіі продкаў, піша вершы і апавяданні, цікавіцца гісторыяй, захоўваючы адметны погляд на сучаснасць і мінулае (стужка Алега Афанасьева “Іван, Іванаў сын”). Як не задумацца над феноменам Дару праз учынак сусветна вядомай спявачкі Ліны Мкртчан, якая сышла з вялікай сцэны і спявае сёння ў адным з падмаскоўных храмаў (карціна Ірыны Васільевай “Птырычка”)? А як не ўзнавіць старонкі лёсу і творчасці беларускага кінарэжысёра Міхаіла Пташука, праз чыю постаць бачыцца цэлая эпоха (фільм Сяргея Кацьера “І будзе доўгім развітанне. Міхаіл Пташук”)?...

Драматычныя і захапляльныя гісторыі святыняў, іх адстойванне вернікамі, узнаўленне насычанага падзеямі летапісу старадаўніх гарадоў, даследаванне твораў мастацтва адпаведнай тэматыкі — хрысціянскае кіно ХХІ стагоддзя можа быць надзвычай разнастайным і цікавым для рознай аўдыторыі. Яно, прынамсі, не цураецца і жанру праблемнай карэспандэнцыі, звяртаючы ўвагу на сацыяльныя цяжкасці. Як, да прыкладу, гэта паказана ў стужцы Крыстафа Вольфа “Гарызонт надзеі. Жыццё ў дыяцэзіі Чыной (Зімбабвэ)”. У краіне, большасць жыхароў якой знаходзяцца за мяжой беднасці, каталіцкай місіі неабходна змагацца за сваё існаванне, вынаходзячы спосабы падтрымкі гаспадаркі і парафіі.

Сучаснай па форме і надзвычай глыбокай па змесце сталася карціна Марціна Януша Краўчыка “Маці па 24 гадзіны штодня” — пра падарожжа копіі абраза Маці Божай Чанстахоўскай па Польшчы. Ікона вандруе па гарадах і вёсках краіны ўжо 55 гадоў, і калі ў кагосьці з людзей ёсць патрэба, ён можа ўзяць абраз на 24 гадзіны ў свой дом. Рэжысёр стужкі робіць надзвычайнае: ён дазваляе нам зазірнуць у сэрцы вернікаў нібыта вачамі Панны Марыі. Разам з абразом гледачы трапляюць у сем’і, дзе ў кожнай — свой боль і спадзеў, праблемы і радасці. Аўтары стужкі дазваляюць пачуць малітвы людзей да Маці Божай, іх слёзы, просьбы, размовы і… убачыць душэўныя змены, што адбываюцца з вернікамі за тыя суткі. Невыпадкова фільм польскага майстра атрымаў Гран-пры фестывалю, бо ён прадэманстраваў, якой дзейснай можа быць вера чалавека і што значыць для асобы постаць Маці ў самых розных сэнсах.

— Калі мы пачыналі, — дае ацэнку праграме фестывалю старшыня журы, перакладчык і паэтка Хрысціна Лялько, — хрысціянскае кіно было простым: гэта альбо партрэт святара, альбо лінейная гісторыя святыні... Сёння ўзровень значна ўзрос. Рэжысёры здольныя паказаць перажыванні духоўнага ўзроўню, дзеянне Божай ласкі ў лёсах тонка і ўражвальна, скарыстоўваючы розныя прыёмы і тэхнікі, тым самым ствараючы іншую глыбіню сваім фільмам. На жаль, гэтыя змены пакуль тычацца ў большай ступені замежнага кіно. Хоць сёлета на форуме былі ўганараваны работы нашых кінематаграфістаў — Уладзіміра Арлова, што зрабіў карціну пра Слуцк, Сяргея Кацьера — яго стужка пра постаць Міхаіла Пташука была адзначана двойчы, Святланы Цімаховіч, якая парадавала новым фільмам тэлепраграмы “Каталіцкія святыні”. Тым не менш, пакуль Гран-пры з’язджае ў іншыя краіны.

Гэтаксама старшыня журы адзначыла і такую праблему, як абмежаванасць паказу хрысціянскага кіно на тэлебачанні, у кінатэатрах. “Магніфікат” завяршыўся, але хацелася б, каб форум меў працяг у выглядзе праглядаў гэтых фільмаў, бо яны шмат даюць для душы і духоўнасці нашага грамадства. Нам не хапае такога кіно”, — падкрэсліла яна.

— На маю думку, прадузятыя да падобнай прадукцыі менавіта рэдактары тэлеканалаў, — падзяліўся меркаваннем з карэспандэнтам “К” рэжысёр і дыпламант форуму Крыстаф Вольф. — Маўляў: яно будзе не цікавае гледачу. Але аўдыторыя больш адкрытая і зацікаўленая ў такіх карцінах, чым падаецца. Бо яны распавядаюць пра наша жыццё, якое мае шмат вымярэнняў.

На здымках: кадр з фільма — уладальніка Гран-пры "Маці па 24 гадзіны штодня" (Польшча), кадр з фільма "Слуцкая анамалія" (Беларусь).

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"