Полька на табурэтцы…

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Аляксей НЕНАДАВЕЦ, доктар філалагічных навук, фалькларыст, загадчык кафедры грамадскіх дысцыплін Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта
Я лічу сябе вельмі шчаслівым чалавекам, бо як фалькларыст абышоў і аб’ездзіў за сваё жыццё ўсю Беларусь. У пэўных раёнах нават дзясяткі разоў бываў. Пачутае і пабачанае засталося не толькі ў альбомах, сшытках, кнігах, але і ў памяці… Апошнім часам з’явілася неадольная цяга асэнсаваць самае галоўнае. Гляджу на карту і пачынаю згадваць… І ведаеце, праз 20 — 30 гадоў выплываюць абліччы людзей, іх словы, песні. Здзіўляюся і радуюся…

/i/content/pi/cult/464/9817/5-22.jpgШмат смешнага было. У 1975-м, калі паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, калі толькі пачаў займацца фалькларыстыкай, у пошуках песень сустрэўся на Петрыкаўшчыне з бабулькай, папрасіў штосьці выканаць, а яна і загарлала: “По военной дороге шёл в борьбе и тревоге боевой восемнадцатый год”. Кабеце і пяцідзесяці не было. На вёсцы, як аказалася, хутка старэюць…

Але, натуральна, даводзілася сустракацца і з папраўдзе ўнікальнымі апавядальнікамі, казачнікамі, песеннікамі. Запісваць за імі было проста, бо я з уменнем касіць, дровы секчы лёгка да вяскоўцаў у давер, так бы мовіць, уваходзіў… І вось на Піншчыне сяку я за дзядка дровы, а ён мяне (замест аплаты) песнямі здзіўляе. Дзядок невялікі — боты ці не па пояс ды кепка, а як магутна спяваў! Так яго на вёсцы і звалі — Певень, і кіраваў ён знакамітым фальклорным гуртом. І песні тыя былі — ад сэрца, ад зямлі, ад сялянскага простага шчасця, што бульбу выкапаў.

Даводзілася бачыць на вяселлях, як ператанцоўвалі адна адную вясковыя прыгажуні. Не паверыце, гэтыя майстравітыя танцоркі, далёка не хударлявыя, станавіліся пры гэтым… на табурэткі. І, божухна, якая лёгкасць была ў іхніх паставах-круцяжах! І палескае шматгалоссе чуў, і назіраў за танцамі. Яны не былі акадэмічнымі, дзе ўсе імкнуцца аднолькава задраць нагу: кожны вырабляў свае каленцы, кожны меў сваё выкананне вышыўкі на строі. Гэта не сённяшнія касцюмы, пашытыя мастацкімі фабрыкамі на адзін капыл… І з розным эмацыйным запалам выконваліся тыя вясковыя танцы: адзін смяяўся разняволена, другі сціскаўся, баяўся, відаць, нават у танцы выглядаць смешна. Шчасціла чуць спевакоў, якія сканчвалі песню і па яе апошнім радку адразу распачыналі наступную… Адкуль гэта бралася ў людзях, якія суткамі працавалі? Ды не, знаходзілі час, каб і прыродай палюбавацца, каб не толькі прыгажосць свету зазначыць, але і заўважыць, калі першае дрэва распусцілася, каб спрагназаваць, якое надвор’е будзе пад час сяўбы… Людзі былі часткай прыроды, і творчасць іхняя брала пачатак ад дрэў, травы, сонейка. І стагадовы чалавек па тым часе не быў у вёсцы вялікай рэдкасцю…

Я сам — паляшук, люблю Палессе і ўпэўнены, што менавіта адсюль выпраменьвала нейкая станоўчая энергетыка, якой сілкавалася Еўропа. І ўсе экспедыцыі, у тым ліку — замежныя, імкнуліся працаваць менавіта на Палессі, мяркуючы, што тут — калыска чалавецтва.

На вялікі жаль, маштабы экспедыцый зменшыліся па той прычыне, што няма каго запісваць. Засталося іншае пакаленне, якое з пэўнай абыякавасцю ставіцца да духоўнай спадчыны беларускага народа. Дзякаваць Богу, мы многае паспелі запісаць і выдаць. Шмат з запісанага чакае свайго часу. І гэтую спадчыну трэба неадкладна выкарыстоўваць, уводзіць ва ўжытак, у школьную праграму, у сістэму адукацыі і выхавання нашых дзяцей. А вось тут не ўсё яшчэ пакуль добра. Змяншаюцца гадзіны па літаратуры, мове, у школе ўжо не вывучаецца мастацтва. Між тым, асновы народнай культуры (літаратуры, музыкі, мастацтва) пачынаць вывучаць варта яшчэ з дзіцячага садка. Менавіта спадчына, якая дапамагла нам, дапаможа і дзеткам пераняць ад нас клопат па захаванні і развіцці нацыянальнай культуры.