Ці зацікаўлены малыя гарады ў іміджавых фестывалях?

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

У замежнай практыцы адным з элементаў стварэння іміджу гарадоў ды мястэчак, а таксама вёсак з’яўляюцца фестывалі, звязаныя з прадуктамі харчавання, што вырабляюць у пэўным краі. Ідэя знайшла ўвасабленне і ў нашай краіне, праўда, не заўжды прывязваючыся да месца непасрэднай вытворчасці. Бульбяны фэст у Кушліках, Сырны — у Строчыцах, Вішнёвы — у Глыбокім... Падобныя святы сваёй арыгінальнасцю ствараюць новыя турыстычныя брэнды. Да ўсяго, вытворчыя адметнасці прыцягваюць увагу ўжо іншага парадку, чым культурныя мерапрыемствы. Дык ці трэба праводзіць тыя ж харчовыя фэсты ў малых гарадах? Ці зацікавіць людзей, скажам, фестываль зефіру ў Нароўлі, вядомай сваімі прысмакамі? Па адказ мы звярнуліся да адміністрацыі раёна і прадпрыемства “Чырвоны Мазыранін”. У якасці эксперта выступіў маркетолаг, прадстаўнік структуры, адным з кірункаў дзейнасці якой з’яўляецца распрацоўка іміджу малых гарадоў.

Віктар ЗАХАРАНКА, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нараўлянскага райвыканкама:

— Ідэя зефірнага фестывалю або салодкага кірмашу, безумоўна, цікавая. Канкрэтна пра такое мерапрыемства не задумваліся: больш робіцца акцэнт на традыцыйныя культурныя падзеі, да прыкладу, правядзенне штогадовага абраду Купалле або Дня горада... А для таго, каб прапанаваны форум існаваў, неабходна зрабіць яго штогадовым, вядомым за межамі раёна, буйнамаштабным і, у першую чаргу, цікавым для мясцовага насельніцтва, а пасля — і для турыстаў. Тут маюць быць прыкладзены сумесныя намаганні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ды самой кандытарскай фабрыкі. Да прыкладу, мы бярэм на сябе распрацоўку культурнай праграмы, робім рэкламу, прадстаўляем сцэнарныя матэрыялы, прыцягваем творчыя калектывы, сочым за працай пляцовак і гэтак далей. Але іншае пытанне, якім чынам прэзентуе сябе прадпрыемства, ці зможа разгарнуцца на належным узроўні, каб прадставіць сваю прадукцыю не проста шапікамі з прысмакамі, а працаваць у сістэме фестывалю і зацікаўліваць наведвальнікаў.

Прапанова, паўтаруся, цікавая, але аддзел сваімі сіламі яе не рэалізуе. Таму, каб такі форум адбыўся, ініцыятыва мае зыходзіць ад прадстаўнікоў фабрыкі.

Людміла КАРАЧАНКА, начальнік аддзела маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ “Чырвоны Мазыранін”:

— Падобнае мерапрыемства так лёгка не арганізуецца. Тут маса патрабаванняў, каб гэта было распрацавана мэтанакіравана, узгоднена з упраўленнем гандлю ды іншымі ўстановамі раёна... Урэшце, мы не можам зрабіць фэст на адным нараўлянскім зефіры — мы ж не адзіныя яго вытворцы ў краіне, а людзі павінны каштаваць прадукцыю, параўноўваць, бачачы паралельна нейкую праграму.

Тэма цікавая, але мы не арганізуем такі фэст ад фабрыкі. Нароўля, мяркую, — не той горад, у якім можна праводзіць падобны форум: ён недастаткова буйны, а яшчэ ў людзей склалася меркаванне, што гэта зона адсялення пасля чарнобыльскай катастрофы. Падобнае мерапрыемства павінна быць зроблена хаця б на абласным узроўні. І пазіцыянаваць сябе як свята, няхай і аднадзённае, але ж — свята. І тады ў ім будзе сэнс. Да таго ж, гэта не бясплатнае мерапрыемства для ўдзельнікаў і арганізатараў: людзі арандуюць пляцоўкі, робяць рэкламу, ствараюць канцэртную праграму, ладзяць дэгустацыі, конкурсы і іншае. Фабрыка прымала ўдзел у тым жа Сырным фестывалі ў Строчыцах — вось гэта быў маштабны праект, асветлены ў СМІ, старанна прапрацаваны.

Анатоль АКАНЦІНАЎ, генеральны дырэктар Цэнтра стратэгічнага развіцця “Маркетынгавыя сістэмы”, член праўлення Гільдыі маркетолагаў:

— Фестывалі ў малых гарадах маюць розныя мэты. Я ж іх, вядома, больш разглядаю з камерцыйнага пункту гледжання: каб яны былі акупныя і прыносілі даход канкрэтным гарадам альбо арганізатарам. Але, калі казаць пра сутнасць фестывалю, то для мяне — гэта перш за ўсё нейкі сцяжок, якім горад паведамляе пра тое, што ён ёсць і што на яго варта звярнуць увагу. Па вялікім рахунку, гэта — стратэгічны інструмент для прасоўвання населенага пункта і павышэння “самаацэнкі” яго жыхароў, які дазваляе вырашыць мноства задач. Праз фэст можна вылучыць і падкрэсліць альбо вытворчасць, якая знаходзіцца там, альбо гістарычны складнік, — карацей, трэба знайсці тую ўнікальнасць, якой горад можа ганарыцца і на чым ён можа зарабляць.

Таму, канешне, фестывалі патрэбны малым гарадам. Яны могуць быць і не вельмі маштабнымі, затое прымусяць жыхароў падумаць над сваімі гістарычнымі, эканамічнымі каранямі, зрабіць рэкламу і, натуральна, дапамогуць атрымаць пэўныя выгады ў выглядзе павелічэння экспарту прадукцыі, дадатковага турыстычнага прытоку, паляпшэння тавараабароту, прыцягнення ўвагі да аб’ектаў культурнага тыпу. Таму фестываль — гэта ўскосны інструмент для прыцягнення інвестыцый.

Ініцыятарамі мерапрыемства, на мой погляд, павінны быць тыя людзі, якія хочуць, скажам так, лепей жыць: гэта можа быць адміністрацыя горада, прыватная ініцыятыва ці мясцовае прадпрыемства. Іншая справа, што ў арганізацыі свята павінны ўдзельнічаць некалькі сегментаў або аб’ектаў: гэта і выканкамы, і прадпрыемствы, і прэса... Вядома, ініцыятыва павінна падтрымлівацца мясцовым насельніцтвам і грунтавацца на канкурэнтных перавагах горада альбо рэгіёна.

Напрыклад, цяпер я ў Кобрыне. Тут ёсць фабрыка “Палессе”, якая вырабляе дзіцячыя цацкі. І вось у іх узнікла ідэя правесці Фестываль цацак: арганізаваць свята і запрасіць іншых вытворцаў. У гэтым зацікаўлены горад і з пункту гледжання прыцягнення той жа турыстычнай плыні, таму што ёсць і аквапарк, і лядовы палац, дзе, напрыклад, плануецца правесці спаборніцтвы па фігурным катанні. Калі казаць пра Нароўлю — там таксама шмат цікавага. Проста ідэя павінна быць падтрымана не толькі самімі жыхарамі, але і, скажам так, спажыўцамі або турыстамі. Праводзіць фестываль дзеля фестывалю для саміх сябе — гэта толькі на раз ці два. А для таго, каб свята было доўгатэрміновым, трэба больш прадбачліва падыходзіць да пытання.