“Лекары душ” з Віцебска

№ 4 (1130) 25.01.2014 - 01.01.2005 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
Таленавітыя мастакі з Віцебска Таццяна і Юрый Рудэнкі даўно вядомыя не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі. Таму спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва “за высокія творчыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва і актыўную выставачную дзейнасць” бачыцца цалкам заканамернай. Творчы “тандэм” гэтых творцаў унікальны — яны не толькі ідэальная сям’я па жыцці, але такі тандэм, дзе ўсё трымаецца на духоўным, маральным падмурку.

/i/content/pi/cult/464/9813/6-3.jpg

/i/content/pi/cult/464/9813/6-4.jpg

Усё — гэта ў першую чаргу Мастацтва: яркае, жыццярадаснае, прыгожае, натхнёнае і вельмі рознааблічнае. Цяжка сказаць, што іх больш прыцягвае: габелен ці ювелірная пластыка, вітражны роспіс ці гарачы батык, вышыўка ці станковы жывапіс. Амаль 40 гадоў яны паказваюць свае творы — надзіва цэласныя, дэкаратыўна-прыцягальныя, з выкарыстаннем рэдкіх і нечаканых матэрыялаў, фактур, пластычных эксперыментаў, тэхналогій, колеравых рашэнняў. Таму іх мастацкія прызы, зробленыя для міжнародных фестываляў “Славянскі базар у Віцебску”, “Лікі кахання”, “Белая амфара”, “Шагалаўскія пленэры” заўсёды карыстаюцца прызнаннем за іх высокі густ.

Таццяна Рудэнка кажа: “Калі ўручаюць такую прэмію, хочацца сказаць: “Служу Айчыне!” І гэта не банальныя словы. Нашы бацькі былі абаронцамі Радзімы і нас выхоўвалі гэтаксама — прыносіць карысць дзяржаве, у якой мы жывем. Не думаць: што б яшчэ ўзяць ад дзяржавы, каб лепш табе жылося, а думаць пра тое, што мне асабіста трэба зрабіць на карысць іншых, на карысць краіны. Нам у розных краінах шмат разоў прапаноўвалі застацца, але мы вельмі любім сваю Бацькаўшчыну, каб паквапіцца на такія прапановы. Як кажуць, дзе нарадзіўся — там і згадзіўся. Мы спатрэбіліся тут, на сваёй зямлі, дзе сумленна і ўпарта, з вялікім натхненнем працуем, разумеючы, што павінны захоўваць тыя вечныя духоўныя каштоўнасці, якія нам перадалі нашы бацькі і дзяды. У гэтым сэнсе вялікая адказнасць творчых людзей, бо ўсе мы з’яўляемся “лекарамі душ”. І мы павінны несці людзям сваім мастацтвам любоў, дабро, патрыятызм. Бо ад таго, якой будзе гэтая “гаючасць”, залежыць здароўе нацыі. У нас, па вуліцы Суворава ў Віцебску, ёсць маленькая галерэя, і нам вельмі прыемна, калі прыходзяць замежнікі і хваляць нашу краіну за тое, што ў нас чыста, цудоўна, бяспечна, і што наша беларускае мастацтва ў лепшых сваіх праявах пазбаўлена той “чарнухі” і агрэсіўнасці, якая там, на Захадзе і далей, нейкім чынам атручвае людскія душы.

У заключэнне хачу сказаць, што пасля такой высокай ацэнкі нашай творчасці, мы будзем працаваць і далей з падвойнай энергіяй, з годнасцю і на высокім узроўні несці нашы “вечныя каштоўнасці” ў любы куток планеты”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"